Сцяг Пятніца, 11 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 чэрвеня 2025, 10:10

Яго гадзіннікі падарылі тром прынцам Дубая. Як беларус стварае ўнікальныя механізмы з дрэва

Антарктыда - мабыць, адзіны мацярык на планеце, дзе не ведаюць пра ўнікальнага майстра з Дзяржынска. На ўсіх астатніх кантынентах драўляныя гадзіннікі, створаныя Андрэем Мартынюком, захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях. У тым ліку - у прынцаў ААЭ, якія былі шакіраваны вельмі тонкай работай беларуса. І нікому нават у галаву не прыходзіць, што ён - самавук! Колькі часу ідзе на стварэнне драўляных механізмаў, як яны звязаны са шматгадовымі эксперыментамі і чаму з гадзінніка з зязюляй у майстэрні Андрэя Мартынюка з кожным боем чуецца толькі "Ку!"? Пра ўсё расказвае ён сам.

"Першыя гадзіннікі рабіў гадоў пяць"

Андрэй Мартынюк стварае гадзіннікі амаль 40 гадоў, але не перастае эксперыментаваць з іх механізмамі. Іншым разам на гэта ідуць гады, аднак нават такі доўгі тэрмін яго не палохае. І няхай у распараджэнні майстра ўжо ёсць вялізная папка з гатовымі варыянтамі механізмаў - створанымі ім жа за доўгія гады, апрабаванымі і добра сябе паказаўшымі, але час ад часу ён кідае выклік сабе. З упартай настойлівасцю злучае шасцерні, валы і вузлы так, як дагэтуль яшчэ не рабіў ніколі. У гэтым Андрэй Міхайлавіч бачыць творчасць, якая не дае ператварыцца гадзіннікавай справе ў рамяство. У яго руках яна і праз дзясяткі гадоў - мастацтва.

У дзяцінстве будучы майстар гэтак жа ўпарта... чытаў. Прападаў надоўга ў бібліятэцы, дзе кнігі выдатных гадзіншчыкаў Юліуса Генэ і Генрыха Кана выдавалі толькі на рукі. Дадому гэтыя выданні ўзяць было нельга - занадта каштоўныя экзэмпляры.

- Кнігі Генэ і Кана я чытаў як мастацкую літаратуру. Асабліва другога. Кан вельмі цікава апісвае свае работы, устройства гадзіннікаў, вузлоў, механізмаў. Памятаю, як моцна мне хацелася атрымаць яшчэ і атлас з ілюстрацыямі, але ён не ішоў у камплекце з кнігамі. І ў цэлым быў вельмі дэфіцытным выданнем у той час. Але ў СССР існавала цікавая сістэма: калі патрэбнай кнігі не было ў мясцовай бібліятэцы, яе заказвалі з бібліятэк Савецкага Саюза. Так мне прыслалі з Масквы атлас работ Юліуса Генэ. Няхай і на пару дзён, але я быў шчаслівы. Сядзеў у бібліятэцы падоўгу - перарысоўваў карцінкі з атласа ў сшытак, - успамінае майстар.

Многія гады гадзіннікавая справа была яго хобі. Андрэй Мартынюк нават уявіць не мог, што аднойчы яна стане нечым большым. І пасля заканчэння школы выбраў не звязаную з гадзіннікамі прафесію - інжынер электрасувязі. Ці то жартам, ці то сур'ёзна гаворыць: гэта спецыяльнасць дасталася яму ў спадчыну ад бацькоў.

- Першыя гадзіннікі я зрабіў ужо ў сталым узросце і толькі для таго, каб вырашыць тэхнічныя пытанні. Напрыклад, як дабіцца бесперабойнай работы механікі. Я ствараў гэтыя гадзіннікі гадоў пяць! Абсалютна ўсе дэталі былі ручной работы, на іх спатрэбілася вельмі шмат часу. Тыя гадзіннікі атрымаліся грувасткія і не вельмі ўдалыя, але менавіта вопыт іх стварэння дапамог мне зразумець, чым менавіта я хачу займацца. Бо да гэтага выразаў розныя вырабы з дрэва ў вольны час, - тлумачыць Андрэй Міхайлавіч.

Дарэчы, менавіта драўляны гадзіннік стаў першым, які на самай справе яго зацікавіў. Адбылося гэта яшчэ ў раннім дзяцінстве. Наш герой успамінае, як тата падарыў яму праектар з дыяфільмамі, адзін з якіх быў прысвечаны знакамітаму механіку-вынаходніку Івану Кулібіну.

- З той плёнкі я даведаўся, што пачаткам яго творчасці ў гадзіннікавай механіцы быў драўляны гадзіннік. І гэта моцна запала мне ў душу, - прызнаецца майстар.

"Прынцы былі ў захапленні"

Андрэй Мартынюк стварыў не адзін дзясятак гадзіннікаў, перш чым зрабіў гэта сваёй прафесіяй. З цягам часу прыйшоў да высновы: трэба выкарыстоўваць інжынерныя веды, каб палегчыць сваю працу майстра гадзіннікаў. Так у Андрэя Міхайлавіча з'явіліся самаробныя станкі.

- З іх дапамогай усе эксперыменты пачалі праходзіць значна хутчэй, бо некаторыя вузлы ў новых распрацоўках даводзілася перарабляць іншым разам па 5-10 разоў! Уручную гэта займае вельмі шмат часу, - адзначае майстар. - Са станкамі змог засяродзіцца на іншым. Напрыклад, як вырашыць праблему драўляных шасцярэнек. Я вырабляў іх з масіву, а гэты матэрыял няўстойлівы да вільгаці. Хацеў знайсці такі спосаб прамочвання, каб шасцярэнькі сталі вільгацеўстойлівымі. Эксперыментаваў 5-7 гадоў, але нічога не атрымалася. Дабіўся толькі таго, што дрэва пераняло ўласцівасць пластыку. Так, яно стала вільгацеўстойлівым, але з'явілася іншая праблема. Пластык пры змяненні тэмпературы змяняе сваю геаметрыю, а гэты варыянт мяне таксама не задавольваў. У выніку проста пачаў рабіць механіку з фанеры. Масіў цяпер выкарыстоўваю толькі для афармлення асноўных панэлей. Як правіла, гэта дуб, ясень, бук, вольха.

З цягам часу ў гадзінніках Андрэя Мартынюка з'явілася і металічная дэталь - вось валоў. Раней гэта частка была таксама расліннай - з абпаленага бамбуку. Зменамі ў сваёй рабоце майстар задаволены, паколькі яны ў шмат разоў паскараюць працэс: калі на стварэнне поўнасцю драўляных гадзіннікаў раней быў патрэбны год і больш, то фанерная механіка і металічная вось валоў далі магчымасць скараціць гэты тэрмін да паўтара месяца. А для Андрэя Міхайлавіча гэта было важна. Калі ў самым пачатку яго работы заказы на гадзіннікі прыходзілі ў асноўным ад знаёмых самога майстра, то крыху пазней пачалі паступаць з розных канцоў свету - ад Амерыкі да Аўстраліі.

- Аднойчы ў мяне заказалі тры гадзіннікі ў падарунак прынцам Дубая. Я хваляваўся, паколькі добра ведаю, што на Усходзе прыкладное мастацтва - гэта заўсёды ювелірная работа, фенаменальная па якасці і ўзроўні фантазіі. Перажываў, ці ўдасца ўразіць прынцаў. Мне потым расказалі, што ўсё атрымалася! Калі гадзіннікі запусцілі, прынцы былі ў захапленні, - гаворыць майстар.

Яшчэ адна запамінальная работа - падарунак Прэзідэнту Беларусі на яго 65-годдзе. Над эскізам ламаў галаву ўвесь калектыў Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе майстар працуе ўжо 15 гадоў. Ідэя нарадзілася такая: зрабіць гадзіннік у выглядзе дрэва, крона якога паўтарае контур нашай краіны. Мадэль аказалася вельмі папулярнай, пазней яе не раз заказвалі. Ён адзначае, што часцей за ўсё так і адбываецца: чалавек гартае важкі каталог работ Андрэя Міхайлавіча і выбірае тое, што спадабалася. Хоць сам майстар прызнаецца: цікавей працаваць над чымсьці зусім новым, вырашаць складаныя задачы. У час такіх праектаў ён гатовы праводзіць дні і ночы ў майстэрні. Так, напрыклад, было з кінетычным тэатрам "Балабуха".

- Гэта самае незвычайнае, што я рабіў. Ідэя ўзнікла даўно, але прыкладна пяць гадоў спатрэбілася, каб прадумаць канструкцыю кінетычнага тэатра, распрацаваць чарцяжы і зрабіць разлікі. Даволі складана было вызначыцца з сюжэтам, таму што хацеў у яго ўпісаць шэраг беларускіх свят - Каляды, Купалле, Дажынкі. У нейкі момант зразумеў, што без дапамогі не справіцца. Майстрыхі з нашага цэнтра падключыліся да работы, дапамаглі з афармленнем і стварэннем лялек, - расказвае Андрэй Мартынюк.

Цяпер "Балабуха" - адна з адметных асаблівасцей цэнтра культуры і народнай творчасці. У турыстаў, школьнікаў і студэнтаў не толькі з беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, але і расійскіх кінетычны тэатр выклікае захапленне. Іх можна зразумець: нічога падобнага яны раней не бачылі!

"У мадэлі Сонечнай сістэмы тысяча шасцярэнек"

На незвычайныя гадзіннікі майстра можа натхніць усё што хочаце. Напрыклад, кіно. У свой час дзякуючы культаваму савецкаму фільму "Кін-дза-дза!" у Андрэя Міхайлавіча нарадзілася ідэя арыгінальнага насценнага гадзінніка з зязюляй. Яго майстэрня, мабыць, адзінае месца на планеце, дзе надыход кожнай новай гадзіны адзначаецца нечаканым «Ку!».

- Гэта адсылка да прывітання на чатланскай мове, прынятага на планеце Плюк, - нагадвае Андрэй Мартынюк. - Спецыяльна для гэтага гадзінніка я выразаў з дрэва лятальны апарат - пепелац. А замест зязюлі тут адзін з персанажаў фільма. Дарэчы, гэты гадзіннік я зрабіў пасля таго, як мяне пачалі часта пытацца, чаму я не раблю гадзіннікі з зязюляй. А адказ аказаўся простым: мне гэта было не цікава. Ідэя пра гадзіннік-пепелац змяніла ўсё.

Яшчэ адзін незвычайны экзэмпляр у калекцыі майстра - гадзіннік-эйнштэйн. Адсылаючы нас да знакамітага фота, на якім нобелеўскі лаўрэат крыўляецца, драўляная версія Альберта нечакана паказвае язык. А вялікая мадэль Сонечнай сістэмы, якая па сумяшчальніцтве выконвае ролю гадзінніка і свяцільні, выдае цікавасць Андрэя Міхайлавіча да астраноміі.

- У гэтым праекце амаль тысяча шасцярэнек, - удакладняе майстар. - Але я хацеў бы зрабіць яшчэ больш маштабную работу: паўтарыць пражскі астранамічны гадзіннік. Але такі праект патрабуе не толькі вялікіх грошай, але і прасторнага памяшкання. У майстэрні яго не зрабіць, - уздыхае Андрэй Мартынюк. У адсутнасць такога памяшкання ўпіраецца і іншая яго мара, даўняя, - стварыць музей драўлянай механікі.

- Прысвяціць яго не толькі гадзіннікам, - каменціруе ён. - Хацеў бы выставіць там розныя экспанаты: пачынаючы ад мадэлей эпохі Леанарда да Вінчы, Піфагора і заканчваючы сучаснай механікай. А гадзіннікі паказаў бы дэталёва, па вузлах, каб людзі маглі зразумець, як яны працуюць. А ведаюць гэта далёка не ўсе. Помню, на адну выставу мы прывезлі вялікія механічныя гадзіннікі, і некаторыя наведвальнікі цікавіліся, дзе ў іх устаўляюцца батарэйкі.

"Я не баюся канкурэнцыі"


Стварэнне драўляных гадзіннікаў - настолькі вузкі напрамак прыкладнога мастацтва, што Андрэй Мартынюк можа пералічыць на пальцах адной рукі калег на постсавецкай прасторы. І тыя ў асноўным ствараюць адзінкавыя экзэмпляры, у той час як ва ўмельца з Дзяржынска работа пастаўлена на паток. Самой па сабе супольнасці майстроў гадзіннікаў не існуе. Але гэта не сведчыць аб тым, што абмен прафесійным вопытам не ідзе.

- Узаемадзейнічаем, вядома, праз інтэрнэт. Часам нават у гасці адзін да аднаго прыязджаем. Майстры з Расіі былі ў мяне, а ў мінулым годзе запрасілі да сябе - у Маскву і Санкт-Пецярбург. Гэта не простыя гадзіншчыкі, якія займаюцца рамонтам, а сапраўдныя майстры, калекцыянеры. Яны пастаянна працуюць у гэтым асяроддзі, гэта іх жыццё. Абмяняліся вопытам і напрацоўкамі, пабываў на гадзіннікавым заводзе "Ракета", у Музеі часу і гадзіннікаў, у шэрагу прыватных майстэрань. Шчыра кажучы, не чакаў, што мяне будуць так маштабна прымаць. Як поп-зорку! Толькі дывановай дарожкі не хапала, - усміхаецца Андрэй Міхайлавіч.

Ён зусім не баіцца канкурэнцыі. І не таму, што яго работы ўнікальныя. Філасофія Андрэя Мартынюка такая: калі нехта зацікавіўся стварэннем драўляных гадзіннікаў - падзяліся з ім сваімі ведамі. А яшчэ - чарцяжамі і распрацоўкамі. Прычым, зусім бясплатна.

- Таму што калі мая справа камусьці цікавая настолькі, што ён гатовы прысвячаць ёй свой час і сілы, а ўжо тым больш калі вырашыў займацца ёю прафесіянальна, то для мяне дапамагчы такому чалавеку - у радасць! - тлумачыць майстар.

Андрэй Мартынюк - член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі, член Акадэміі народнага мастацтва Расіі, майстар па ручной апрацоўцы дрэва, удастоены звання "Чалавек года Міншчыны - 2017" у намінацыі "Культура", уладальнік прэзідэнцкага гранта і медаля Францыска Скарыны.

У гадзінніках з механізмам ходу каля 50 асноўных дэталей, а ў тых, дзе ёсць механізм бою, - амаль 150-200.

Гадзіннікі ад Мартынюка - гэта ўжо брэнд. Як прызнаецца сам гадзіншчык, на яго раскрутку не было патрачана ніводнага рубля. Ніякай рэкламы, ні грама піяру - пра ўнікальныя работы Андрэя Міхайлавіча як 15 гадоў таму, так і цяпер даведваюцца ў асноўным праз сарафаннае радыё.

Алена ІВАШКА,
фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ
і з адкрытых інтэрнэт-крыніц,
газета "7 дней".-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі