Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 снежня 2021, 17:14

Іваноў на дабрачыннай акцыі: мы зробім усё, каб нашы дзеці былі здаровымі і шчаслівымі

27 снежня, Пухавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік спраў Прэзідэнта Валерый Іваноў падчас навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" наведаў сёння Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта незабыўнае, вельмі прыгожае свята, таму як праходзіць толькі раз у годзе. Яго чакаюць усе, асабліва маленькія дзеці, якіх чакаюць прыемныя хвіліны. Сёння ў гэтай школе адчуваецца такая добрая атмасфера, якая абавязвае нас па-асабліваму ставіцца да гэтай падзеі, дзетак, якія прыйшлі на ўрачыстасць. Такія радасныя твары не заўсёды ўбачыш на працягу года. На мой погляд, наша задача - зрабіць так, каб гэтыя вочы свяціліся кожны дзень, каб сум не наведваў маленькае дзіця - такога быць не павінна і нельга дапускаць. Калі гэта адбываецца, значыць, вінаватыя мы, дарослыя, - падкрэсліў Валерый Іваноў. - Хочацца пажадаць дзеткам, каб яны былі здаровымі, прыгожымі, пастаянна ўсміхаліся, каб іх любілі. І мы, дарослыя, усё для гэтага зробім".

Кіраўнік спраў Прэзідэнта выказаў удзячнасць педагагічнаму калектыву і іх выхаванцам за цудоўны паказ і перадаў установе смарт-тэлевізар, дзецям - навагоднія падарункі.

Цяпер у школе-інтэрнаце навучаюцца больш за 110 чалавек. У 2019 годзе падчас рэалізацыі праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Праграмы развіцця ААН у Беларусі ва ўстанове адкрыты цэнтр па экалагічнай адукацыі навучэнцаў. Акрамя таго, тут дзейнічаюць кабінет камп'ютарнай граматы, сталярна-плотніцкая майстэрня. Кожны жадаючы можа звярнуцца да педагогаў, каб у вольны ад вучобы час хадзіць на розныя заняткі па інтарэсах. Напрыклад, дзеці вывучаюць алмазную вышыўку, жывапіс.

У цэнтры "Маладосць", які дзейнічае на базе навучальнай установы, праходзяць сацыялізацыю выпускнікі - навучэнцы 12-га класа. "Мы вучым нашых старшакласнікаў неабходным для самастойнага жыцця навыкам, расказваем пра тое, як важна працаваць і зарабляць грошы. Пасля выпуску працаўладкоўваем на розныя прадпрыемствы і ў арганізацыі. Мы сочым за іх лёсамі, перажываем, разумеючы, што ў іх няма побач мамы з татам, таму пастаянна ім тэлефануем, сустракаемся, недзе дапамагаем вырашаць бытавыя пытанні", - расказала дырэктар школы-інтэрната Наталля Дзіроўская.

Рудзенская школа-інтэрнат была арганізавана на базе інтэрнатнай агульнаадукацыйнай установы ў 1970 годзе і прызначалася для навучання і пражывання дзяцей з Мінскай вобласці, якія займаюцца па праграме дапаможнай школы. У 1987 годзе адчыніла свае дзверы Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. За ўсю гісторыю існавання гэтай навучальнай установы з яе сцен выйшлі сотні выхаванцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі