Сцяг Панядзелак, 16 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 мая 2025, 16:25

Іванец: у час ВАВ больш за 7 тыс. настаўнікаў ваявалі ў Чырвонай Арміі, былі партызанамі і падпольшчыкамі

Андрэй Іванец
Андрэй Іванец
6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі на тэрыторыі нашай краіны ў радах Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах і падполлі змагаліся з фашысцкімі захопнікамі больш за 7 тыс. настаўнікаў, адзначыў на навуковым форуме "Вялікая Перамога ў імя міру і стварэння" ў Нацыянальнай акадэміі навук міністр адукацыі Андрэй Іванец. Аб гэтым перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Перамозе - частка нашай нацыянальнай ідэі. Гэта асабліва важна цяпер таму, што спробы перапісаць гісторыю, фальсіфікаваць факты, замоўчаць праўду не спыняюцца, - заўважыў кіраўнік Мінадукацыі. - Каб перашкодзіць перапісванню гісторыі, да моладзі неабходна даносіць праўду. Робіцца для гэтага многае".

Так, ва ўстановах адукацыі нашай краіны выконваецца шэраг сістэмных праектаў, накіраваных на захаванне памяці аб Вялікай Перамозе, да таго ж больш за 7 тыс. памятных месцаў і мемарыялаў замацавана за беларускімі школамі, звыш 900 пошукавых аб'яднанняў функцыянуе на базе сярэдніх устаноў адукацыі. Напярэдадні 80-годдзя Перамогі школьнікі, навучэнцы каледжаў і студэнты, як анансаваў міністр адукацыі, напішуць пісьмо-пасланне прадзеду, дзе ўспомняць пра яго подзвіг і ўклад сваёй сям'і ў Вялікую Перамогу.

"Не магу не адзначыць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўклад у прыбліжэнне пераможнага мая 1945-га ўнеслі і педагогі, - дадаў Андрэй Іванец. - Толькі на тэрыторыі нашай краіны ў радах Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах і ў падполлі змагаліся звыш 7 тыс. настаўнікаў, заслугі 3,5 тыс. з якіх былі адзначаны медалямі і іншымі ўзнагародамі. Дзесяцярых педагогаў удастоілі высокага звання "Герой Савецкага Саюза".

За гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі нашай рэспублікі акупанты і іх памагатыя спалілі або разбурылі звыш 8,8 тыс. школ, а ўжо ў 1944/1945 навучальным годзе дзверы для дзяцей расчынілі больш за 10,1 тыс. школ, 30 тыс. настаўнікаў вярнуліся да дошкі, каб дзяліцца ведамі з падрастаючым пакаленнем.

"Безумоўна, настаўнікі-франтавікі сталі прыкладам мужнасці і стойкасці, асабістым прыкладам для падрастаючага пакалення. Сёння ўсё менш і менш становіцца ветэранаў і відавочцаў той страшнай вайны, таму мы павінны з яшчэ большай сілай захоўваць памяць аб Вялікай Перамозе", - рэзюмаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У Нацыянальнай акадэміі навук 6 і 7 мая праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Вялікая Перамога ў імя міру і стварэння", прымеркаваная да яе 80-годдзя. Маштабны форум аб'яднаў вучоных-гісторыкаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Курскай, Смаленскай, Тамбоўскай і Тульскай абласцей, Рэспублікі Татарстан, Чувашскай і Чачэнскай рэспублік, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана. Беларуская гістарычная навука прадстаўлена на канферэнцыі вучонымі з 55 беларускіх і 18 замежных арганізацый: акадэмічных інстытутаў, вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, архіваў, бібліятэк, школ.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі