Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лютага 2023, 15:31

Іванец: у Беларусі створана цэласная сістэма падтрымкі таленавітай моладзі

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана цэласная сістэма падтрымкі таленавітай моладзі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец у час фіналу рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У краіне створана цэласная сістэма падтрымкі таленавітай, адоранай моладзі. У прыватнасці, школьнікі праходзяць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, які супрацоўнічае з нашымі каледжамі, універсітэтамі, - сказаў Андрэй Іванец. - Таксама адзначу цесную звязку Міністэрства адукацыі з рэальным сектарам эканомікі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Ідэі павінны не проста нараджацца, а стварацца для канкрэтных прадпрыемстваў і галін. У іх павінны ўдзельнічаць як школьнікі, так і вядомыя вучоныя, якія з'яўляюцца кандыдатамі, дактарамі навук".

Пераможцы конкурсу "100 ідэй для Беларусі" атрымаюць пуцёўку на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў і прымуць удзел у намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект". "Гэта вельмі важна, таму што там прадугледжваецца значнае фінансаванне для распрацоўкі бізнес-плана. Фактычна гэта афармленне ідэі ў канкрэтны, гатовы бізнес-праект, які павінен быць у далейшым укаранёны ў рэальны сектар эканомікі", - расказаў міністр.

Таксама немалаважны аспект, што ўсе пераможцы змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. "Гэта фактычна новаўвядзенне гэтага года. Яно стане вельмі добрым матыватарам для нашай моладзі яшчэ больш актыўна прымаць удзел у конкурсе", - падкрэсліў кіраўнік Мінадукацыі.

"Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе прадстаўлены шэраг інавацыйных праектаў у адукацыйнай сферы. Мы бачылі праекты - новыя інавацыйныя тэхналогіі па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў нашых установах - як у школе, так і ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Яны дапамагаюць інтэгравацца такім дзеткам у звычайны адукацыйны працэс. Гэта вельмі важна для іх сацыялізацыі, каб кожны з іх атрымаў пуцёўку ў жыццё", - канстатаваў Андрэй Іванец.

Ён падкрэсліў, што конкурс "100 ідэй для Беларусі" мае вялікую гісторыю. Ён быў запушчаны ў 2011 годзе і ўжо выйшаў на міжнародны ўзровень. "З перыядычнасцю раз у два гады мы праводзім конкурс "100 ідэй для СНД". У гэтым годзе ў Мінску будзе праходзіць чарговы этап, дзе ўсе таленавітыя юнакі і дзяўчаты з розных краін СНД змогуць прадставіць свой праект", - звярнуў увагу міністр.

12-ы сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" стартаваў 15 лістапада 2022 года. На ўдзел у праекце паступіла 1,2 тыс. заявак. Да рэспубліканскага фіналу адбылося 66 занальных (раённых) адборачных тураў, 6 абласных і Мінскі гарадскі туры, адборачны тур НАН Беларусі і ўпершыню - міжвузаўскі тур (плюс 6 занальных). Важнай асаблівасцю сезона стала правядзенне комплексу практыка-арыентаванага навучання асновам стварэння, прэзентацыі, развіцця і рэалізацыі маладзёжных распрацовак. Па ўсёй рэспубліцы адбылося 75 навучальных мерапрыемстваў.

Сёння праект "100 ідэй для Беларусі" рэалізуецца БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях, НАН Беларусі ў мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў да рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. Генеральны партнёр рэспубліканскага фіналу - ААТ "ААБ Беларусбанк".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі