
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Важна, каб вучні ў школах атрымлівалі якаснае харчаванне. Гэта адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец 21 верасня на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік ведамства ў ходзе даклада асобна спыніўся на арганізацыі харчавання навучэнцаў. "Урадам і Міністэрствам адукацыі рэгламентаваны ўсе пытанні па забеспячэнні якаснага харчавання школьнікаў, - падкрэсліў ён. - Укараняюцца новыя тэхналагічныя карты страў. Гэта станоўча адзначаюць як бацькі і навучэнцы, так і кантралюючыя органы. Сёння вядзецца закупка і пастаўка больш як 1 тыс. тэхналагічных адзінак для сталовых. Так, гэта работа да 1 верасня не была завершана, таму што мясцовыя органы ўлады дадаткова выдзелілі для ўмацавання харчаблокаў па краіне яшчэ Br15 млн. Гэта работа па пастаўках абсталявання будзе завершана ў лістападзе".
Разам з тым міністр заўважыў: "Але гэта не перашкаджае выкарыстоўваць існуючае абсталяванне і якасна забяспечваць харчаванне школьнікаў. Плануецца, што да 1 верасня 2024 года, да пачатку наступнага навучальнага года, харчаблокі ў школах будуць поўнасцю мадэрнізаваны для поўнай гатоўнасці па пераходзе на новыя падыходы да арганізацыі харчавання".
Андрэй Іванец сярод праблемных пытанняў у гэтым напрамку назваў кадравае: "Ёсць пытанне з забеспячэннем поварамі. Але харчаванне арганізавана ўсюды. Існуючую няхватку закрываем сумяшчальніцтвам, а таксама за кошт прыцягнення навучэнцаў прафесійных каледжаў".
Акрамя таго, ён расказаў, што Міністэрства адукацыі сумесна з урадам працуе над пытаннем павышэння зарплаты поварам у школах, што з'яўляецца немалаважным для іх замацавання.
Пры гэтым кіраўнік ведамства падкрэсліў, што міністэрства вядзе актыўную работу з бацькамі і навучэнцамі па ўсіх звязаных з арганізацыяй харчавання пытаннях. У прыватнасці, арганізавана работа гарачых ліній, пастаянна ёсць зваротная сувязь. "За тры тыдні з пачатку навучальнага года ў Міністэрства адукацыі на гарачую лінію паступіла каля 1 тыс. зваротаў. Былі як станоўчыя водгукі, так і скаргі. Ва ўсім разбіраемся з выездам на месцы, прымаем адпаведныя рашэнні", - сказаў Андрэй Іванец.
"Цяпер мы яшчэ данастройваем сістэму новых падыходаў харчавання", - рэзюмаваў міністр.-0-