2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковая матэрыяльная падтрымка настаўнікаў дае эфект. Аб гэтым заявіў журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец, каменціруючы рашэнне аб накіраванні з рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі Br130,6 млн на падтрыманне ўзроўню матэрыяльнай забяспечанасці асобных катэгорый работнікаў бюджэтных арганізацый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На працягу года мы назіраем дадатную дынаміку росту заработнай платы педагогаў", - сказаў міністр. Паводле яго слоў, гэтаму садзейнічаў і шэраг рашэнняў урада, падтрыманых кіраўніком дзяржавы. Так, з 1 студзеня 2022 года ўведзена надбаўка за класнае кіраўніцтва. "Кожны з нас разумее, што настаўнік не проста той чалавек, які павінен прыходзіць у клас і адбываць урок. Гэта чалавек, які павінен укладваць і душу, і веды, выхоўваць падрастаючае пакаленне. Каму, як не класнаму кіраўніку, у поўным аб'ёме выконваць і рэалізоўваць гэтыя задачы", - адзначыў Андрэй Іванец.
Акрамя таго, з 1 верасня бягучага года прынята рашэнне аб павелічэнні надбаўкі, акладу для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі: на 20 працэнтаў - для выхавальнікаў у дзіцячых садах, на 10 працэнтаў - памочнікам выхавальніка.
"Мы бачым, што гэта дае дадатковы эфект. Безумоўна, гэту работу мы павінны ў далейшым прадаўжаць", - падкрэсліў кіраўнік Мінадукацыі. Тым больш што ёсць праграма дзеянняў урада, у якой вызначаны арыенціры, на якую заработную плату трэба выйсці як у цэлым па педагагічных кадрах, так і па асобных катэгорыях - настаўнікам, прафесарска-выкладчыцкаму складу і педработнікам.-0-