
Анатоль Ісачанка
21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя праграмы па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці дала свой эфект. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2015 годзе Прэзідэнт падпісаў указ аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. У 2020 годзе асноўныя палажэнні дакумента былі прадоўжаны на чарговы пяцігадовы перыяд.
"Гэта праграма дала свой эфект, адыграла сваю ролю. Мы інвесціравалі грошы ў развіццё гэтых раёнаў, стварылі новыя прадпрыемствы. Адпаведныя льготы і прэферэнцыі атрымалі многія напрамкі прыватнага бізнесу", - адзначыў Анатоль Ісачанка.
Чакаецца, што гэта праграма можа быць прадоўжана. "Ёсць адпаведныя даручэнні. У нас ёсць свае прапановы. Мы павінны іх дапрацаваць", - сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Паводле яго слоў, гэта пытанне яшчэ трэба будзе асобна разгледзець на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. "Праграма паўднёвага ўсходу будзе разгледжана і будуць уносіцца прапановы аб далейшым яе развіцці", - заявіў кіраўнік рэгіёна.
Каменціруючы рэалізацыю праграмы "Адзін раён - адзін праект", Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў вобласці ўжо рэалізавана 12 праектаў на суму больш як Br600 млн. "Створаны працоўныя месцы. Прадаўжаем далей працаваць па рэалізацыі праектаў у кожным раёне", - дадаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
У сваю чаргу памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка, гаворачы аб недапрацоўках у рэгіёне, звязаў гэта з нейкай інертнасцю з пункту гледжання выканальніцкай дысцыпліны. "Нягледзячы на тое, што пераважная большасць якраз працуюць добрасумленна і з поўнай самааддачай, на жаль, ёсць факты і суб'екты гаспадарання, дзе гэтага не скажаш", - адзначыў ён.
Што датычыцца праблемы падзяжу жывёлы, памочнік Прэзідэнта канстатаваў, што ў бягучым годзе гэты паказчык значна ніжэйшы, але самі па сабе лічбы ў абсалютным значэнні ўсё яшчэ даволі высокія. "Па вялікім рахунку, прычына адна - парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны з пункту гледжання догляду жывёл. Тут трэба вярнуцца да першага пункта - выканальніцкая дысцыпліна. Па-іншаму ніяк", - падкрэсліў Сяргей Налівайка.-0-