
Анатоль Ісачанка
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нараўне з узмацненнем паўнамоцтваў старшынь гар- і райвыканкамаў трэба ўзмацняць і іх адказнасць за работу. Такую думку выказаў журналістам старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Анатоль Ісачанка адзначыў, што павышэнне ролі старшынь гар- і райвыканкамаў абмяркоўваецца ўжо некалькі месяцаў.
"Напэўна, сам час падштурхнуў да гэтага, - дадаў ён. - Але разам з тым, што мы ўзмацняем паўнамоцтвы старшынь райвыканкамаў, гарвыканкамаў, трэба ўзмацніць і адказнасць старшынь за іх работу. Мы ўсе павінны сёння мабілізавацца і працаваць на тое, каб краіна рухалася далей".
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лютага сабраў нараду па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню. На пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу ў лістападзе 2024 года быў разгледжаны адпаведны праект указа. Тады прагучала шмат прапаноў, у тым ліку і аб тым, каб не выдаваць указ Прэзідэнта, а прыняць закон.

На гэты раз пасля падрабязнага абмеркавання было прынята рашэнне ўсё ж такі вярнуцца да прыняцця ўказа.
"Нарматыўны дакумент дапрацуецца. Думаю, на працягу месяца ён будзе прыняты, і будзем працаваць. Гэты дакумент, на мой погляд, палепшыць работу мясцовых органаў кіравання", - сказаў Анатоль Ісачанка.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама падкрэсліў, што жыццё не стаіць на месцы і пэўныя пытанні ў дзейнасці мясцовых органаў улады неабходна было адкарэкціраваць. "Зыходзячы з гэтага і рыхтуецца гэты дакумент. Шэраг паўнамоцтваў будзе перанесены менавіта на старшыню райвыканкама, а недзе, наадварот, на выканкам, гэта значыць шэраг рашэнняў будзе прымацца калегіяльна", - растлумачыў ён.-0-