Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2020, 17:42

Звышмалыя спадарожнікі, рабатызацыя і сонечная энергетыка - што чакае беларускую навуку

У хуткім часе вучоныя нашай краіны будуць святкаваць Дзень беларускай навукі. Электрамабілі і спадарожнікі, суперкамп'ютары і суперкандэнсатары, робататэхніка і дакладнае земляробства, біятэхналогіі і вывучэнне Антарктыкі - напярэдадні свята варта ўспомніць усе перспектыўныя даследаванні апошніх гадоў. Аб дасягненнях мінулага і праектах будучыні расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

- Уладзімір Рыгоравіч, якія адкрыцці і навуковыя дасягненні 2019 года вы маглі б адзначыць?

- Навуковы пошук - працэс пастаянны, не мае часавых рамак. Атрыманне новых ведаў ідзе няспынна. Але накапленне іх некаторай "крытычнай масы" дае магчымасць выходзіць на прарыўныя вынікі, атрымліваць матэрыяльнае ўвасабленне ідэй. Апошнія гады такіх вялікіх навуковых прарываў было нямала. Гэта і спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, і партатыўны суперкамп'ютар, які здольны выконваць 20 трлн аперацый за секунду, і сістэма ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці тавараў з выкарыстаннем RFID-метак, і ІТ-тэхналогіі для медыцыны і сістэмы адукацыі. У гэтым жа шэрагу айчынны электрамабіль і малы персанальны электратранспарт, супернакапляльнік энергіі, высокаканкурэнтныя беспілотныя лятальныя апараты, серыя высокаэфектыўных лекавых прэпаратаў на аснове ўласнага сінтэзу, ДНК-пашпартызацыя чалавека, новыя канкурэнтныя сарты сельскагаспадарчых раслін і пароды жывёл, лінейка сельскагаспадарчых машын.

У 2019 годзе, прадаўжаючы традыцыю, мы сфарміравалі топ-10 самых значных дасягненняў акадэмічных вучоных. Сярод іх - высокаадчувальны метад распазнавання паталагічных клетак чалавека з выкарыстаннем біясэнсараў для дыягностыкі анкагематалагічных захворванняў, біясумяшчальныя порыстыя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі для трансплантацыі мезенхімальных стваловых клетак. Акрамя таго, устаноўлены шэраг новых уласцівасцей і ўмоў росту пухлінных клетак, што мае надзвычайную важнасць для стварэння новага пакалення арыгінальных лекавых сродкаў.

- Чаму беларускія вучоныя будуць удзяляць асаблівую ўвагу ў 2020 годзе?

- Вучоныя па азначэнні - людзі будучыні. Яны імкнуцца зазірнуць за гарызонт існуючых уяўленняў аб заканамернасцях развіцця прыроды, грамадства і чалавека. Таму вучоныя - самыя актыўныя ўдзельнікі распрацоўкі стратэгічных і праграмных дакументаў, якія вызначаюць будучае аблічча нашай краіны. На II З'ездзе вучоных Беларусі была разгледжана і атрымала адабрэнне стратэгія "Навука і тэхналогіі: 2018-2040", распрацаваная ў сценах Акадэміі навук. Стратэгія вызначае разуменне развіцця навукова-тэхналагічнай сферы Беларусі на доўгатэрміновую перспектыву, а таксама комплекс інструментаў і механізмаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, накіраваных на інтэграцыю ў сусветную інавацыйную прастору.

Для вырашэння задач, пастаўленых стратэгічнымі і праграмнымі дакументамі, ужо ў бліжэйшай перспектыве беларускім вучоным трэба будзе сфарміраваць навуковую базу для стварэння штучнага інтэлекту, тэхналогій апрацоўкі і захоўвання вялікіх аб'ёмаў даных, прадоўжыць работы па касмічных даследаваннях і лічбавых геаінфармацыйных сістэмах. Напрыклад, плануецца стварэнне звышмалых беларускіх спадарожнікаў і новых лінеек персанальных суперкамп'ютараў. Таксама ў нашых планах стварэнне эксперыментальнай базы для сонечнай энергетыкі, арганізацыя выпуску найноўшых святлотэхнічных вырабаў па тыпу "Разумнае святло", запуск доследнай вытворчасці суперкандэнсатараў электраэнергіі. У інтарэсах мадэрнізацыі айчыннага машынабудавання будуць распрацоўвацца ўзоры навучальнай, прамысловай і бытавой робататэхнікі. Будзе арганізавана вытворчае асваенне новых відаў металічных кампазіцыйных матэрыялаў, вуглепластыкаў і шклапластыкаў, найноўшых лесахімічных і нафтахімічных прадуктаў. Ахова здароўя атрымае новыя тэхналогіі, інфармацыйныя сістэмы і лякарствы на аснове айчынных арыгінальных тэхналогій для развіцця персаніфікаванай медыцыны, прафілактыкі і лячэння хвароб.

- Якія перспектывы ў гэтых прарыўных праектаў?

- Усё пералічанае мы пазіцыянуем і будзем паслядоўна рэалізоўваць у якасці "праектаў будучыні". Прычым, гэтыя праекты прадугледжваюць сістэмную інтэграцыю на кластарных прынцыпах па кропках тэхналагічнай спалучанасці, што забяспечыць фарміраванне іх сінергетычнага адзінства, якое праявіцца ў агульнанацыянальным мегапраекце - "Беларусь інтэлектуальная". Пад пільнай увагай НАН знаходзяцца некалькі навуковых кампанентаў гэтага мегапраекта. Гэта атамная і аднаўляльная энергетыка (найперш сонечная), комплекснае развіццё электратранспарту (ад кампанентаў - батарэй, рухавікоў, прыводаў - да лінеек транспартных сродкаў, у тым ліку персанальных, і сеткі зарадных станцый). Важны таксама "тэхналагічны пакет" галін будучыні: авіякасмічныя і ІТ-тэхналогіі, аўтаматызацыя і рабатызацыя, матэрыялы, прыборы і аснашчэнне, дакладнае земляробства і інтэлектуальная жывёлагадоўля, персаналізаванае харчаванне, прэцызійная медыцына і фармацыя, тэхналогіі інтэлектуалізацыі грамадства і забеспячэння яго бяспекі, уключаючы кібербяспеку. Асаблівае значэнне маюць структурныя праекты будучыні "БелБіяград" і "АкадэмТэхнаград", якія будуць адначасова інстытутамі развіцця і кропкамі росту новай эканомікі.

Калі гаварыць пра старт новых праектаў, дарэчы прыгадаць аб тым, што цяпер мы знаходзімся ў фазе актыўнага фарміравання дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, рэалізацыя якіх павінна пачацца ў 2021 годзе. У іх заданнях на фундаментальнай аснове і будуць зараджацца, калі так можна сказаць, "крышталі ідэй" для далейшай агранкі і ператварэння ў тэхніка-тэхналагічны базіс інтэлектуальнай эканомікі.

- Як ідзе рэалізацыя праектаў па стварэнні беларускага электратранспарту?

- У арганізацыях НАН Беларусі выкананы шырокі спектр даследчых работ, у выніку якіх створаны эксперыментальныя і доследныя ўзоры электратранспарту і яго кампанентаў. Так, у Аб'яднаным інстытуце машынабудавання НАН выраблены доследныя ўзоры электраматор-генератара новага пакалення, асноўныя блокі сістэмы кіравання верхняга ўзроўню. На электрычную энергію і электроннае кіраванне пераведзены ключавыя элементы аўтамабіля: тармазная сістэма, рулявое кіраванне, панэль прыбораў і іншыя.

Пачынаючы з 2019 года ў інстытуце вядуцца работы па стварэнні доследных узораў мадэльнага рада каркасна-панэльных легкавых электрамабіляў малога класа з кузавам з кампазітных матэрыялаў, а таксама па распрацоўцы сямейства камплектных цягавых электрапрыводаў для транспартных і тэхналагічных машын для вытворчасці на прадпрыемствах Мінпрама. Пачата рэалізацыя сумеснага з ААТ "МАЗ" праекта па стварэнні электрагрузавіка на шасі сярэднетанажнага аўтамабіля. Уведзена ў эксплуатацыю ўнікальнае абсталяванне для даследаванняў і выпрабаванняў кампанентаў сілавога электрапрывода транспартных машын.

Па акадэмічных распрацоўках ААТ "Магілёўліфтмаш" вырабіла эксперыментальны ўзор электрарухавіка для легкавых аўтамабіляў. НПЦ па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі выконвае праект па стварэнні айчыннага суперкандэнсатара на графенападобным матэрыяле без выкарыстання ліціевых тэхналогій.

- Калі можна чакаць з'яўлення новых мадэлей у вытворчасці?

- Створаныя зачыны ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі-партнёрамі дадуць магчымасць у бягучым годзе выйсці на доследную вытворчасць пяці новых мадэлей айчынных электрамабіляў: мінівэн на шасі oylong EF5 (вытворчасць на СП ЗАТ "Юнісан"), седан на шасі Geely SC7 (вытворчасць у НАН), тыпавы рад каркасных легкавых электрамабіляў з кузавам са шклапластыка (НАН), электрагрузавік на шасі МАЗ (ААТ "МАЗ"), камунальная машына з электрапрыводам (вытворчасць у партнёрстве з Мінгарвыканкамам). Акрамя таго, у бліжэйшай перспектыве будзе таксама распрацаваны і выраблены нізкападлогавы электробус з павялічанай адлегласцю прабегу.

Высокі ўзровень лакалізацыі вытворчасці мінівэна Joylong EF5 будзе забяспечаны за кошт прымянення айчынных кампанентаў сілавой устаноўкі: цягавога электрарухавіка, інвертара кіравання і сілавой электронікі, ліціевай батарэі модульнай канструкцыі з вадкасным ахаладжэннем, зараднага ўстройства, тэхнічныя характарыстыкі якіх не ўступаюць замежным аналагам адпаведнага класа. Пры высокай якасці і нізкім сабекошце гэты электрамабіль будзе мець высокую канкурэнтаздольнасць на рынку ЕАЭС і за яго межамі.

Міжведамаснай рабочай групай 9 студзеня бягучага года адобрана Канцэпцыя развіцця электратранспарту ў Беларусі на 2021-2025 гады і на перыяд да 2030 года. Згодна з канцэпцыяй, створаныя эксперыментальны ўзор базавага шасі электрамабіля і мадэльны рад электрамабіляў стануць асновай для арганізацыі дробнасерыйнай вытворчасці электрамабіляў, адпаведных сучаснаму тэхнічнаму ўзроўню.

- Як ідзе праектаванне новага расійска-беларускага касмічнага апарата?

- Хацелася б адзначыць, што тэрмін эксплуатацыі на арбіце дзеючага Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі прадоўжаны да канца 2021 года. Гэта азначае амаль двухкратнае перавышэнне разліковага тэрміну яго прымянення і эквівалентна вывядзенню на арбіту і эксплуатацыі другога спадарожніка. Яго работа мае высокую значнасць для многіх галін. Так, у 2019 годзе заказчыкам выдадзена больш за 2 тыс. пакетаў даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання, якія сумарна пакрываюць плошчу большую за 2 млн кв.км, на суму каля $4 млн.

Эскізнае праектаванне новага расійска-беларускага касмічнага апарата плануецца завяршыць да чэрвеня бягучага года. Дадам, што ў Акадэміі навук прадаўжаюцца работы па такім перспектыўным напрамку, як малыя і мікраспадарожнікі, іх апаратура. Напрыклад, у 2019 годзе на аснове тэхналогіі штучных нейронных сетак створаны эксперыментальны ўзор мікрамодуля аператыўнага распазнавання, адбору і сціскання відэаінфармацыі. Ён прызначаны для выкарыстання ў якасці карыснай нагрузкі лёгкіх беспілотных лятальных апаратаў і малых спадарожнікаў. Яго апаратнай асновай з'яўляюцца мікракамп'ютары вагой ад 10 да 200 г.

Касмічныя праекты мы выконваем не толькі з Расіяй. Так, шматслойныя электрамагнітныя экраны, вырабленыя ў НАН Беларусі, забяспечваюць электрамагнітную сумяшчальнасць прыбораў унутры навуковага комплексу японскага касмічнага апарата, адпраўленага на арбіту для даследаванняў Меркурыя.

- Беларускія палярнікі адправіліся ў экспедыцыю ў Антарктыду ўжо 12-ы раз. Якія вынікі іх работы?

- На Беларускай антарктычнай станцыі працуе група акадэмічных даследчыкаў з сямі чалавек. Пасля прыбыцця на станцыю ў лістападзе 2019 года выканана яе раскансервацыя, зманціравана спецыяльная сістэма па вымярэнні гідратэрмічных паказчыкаў вады падлёдных прэсных азёр раёна. Дзякуючы беларуска-фінскаму супрацоўніцтву ў Антарктыцы арганізавана перадача даных праз спадарожнік для навуковых колаў.

З выкарыстаннем магчымасцей БКА праведзена здымка тэрыторыі ў раёне станцыі, атрыманы новыя даныя спектраў адлюстравання снежнага і лядовага покрыва. Адабраны ўзоры іхтыяфаўны для біялагічных даследаванняў у арганізацыях НАН Беларусі.

Беларуская антарктычная станцыя з самага пачатку ўключала два аб'екты: асноўную дызель-электрастанцыю і перададзены Расійскай антарктычнай экспедыцыяй у часовае карыстанне цыліндрычны ўніверсальны блок, устаноўлены яшчэ ў 60-я гады. У ходзе будаўніцтва новай антарктычнай станцыі мы выкарыстоўвалі блокі, распрацаваныя і вырабленыя ў Беларусі. Намі сабраны трохсекцыйны лабараторна-жылы аднаўзроўневы модуль кантэйнернага тыпу, які ўключае лабараторна-жылую і лабараторна-складскую секцыі, секцыю кіравання, сувязі і навігацыі. Другі аб'ект - васьмісекцыйны модуль, у складзе якога дзве лабараторна-жылыя і дзве жылыя секцыі, саўна, санітарна-гігіенічная і амбулаторна-хірургічная секцыі, гараж.

- Калі нашы палярнікі змогуць застацца на ледзяным кантыненце на першую зімоўку?

- Пытанне аб першай зімоўцы патрабуе комплекснага падыходу. Важны не сам факт зімоўкі, а наяўнасць належных тэхнічных магчымасцей, умоў для бяспечнай работы, вырашэнне арганізацыйна-эканамічных аспектаў, звязаных з фарміраваннем фінансуемай праграмы даследаванняў і магчымасцю атрымання ў гэты перыяд рэзультатаў, маючых навуковую і практычную значнасць, а таксама, што немалаважна, эканамічную эфектыўнасць. У цэлым можна канстатаваць, што Беларусь з поўным правам прэтэндуе на статус краіны, якая сур'ёзна і надоўга будзе займацца асваеннем Антарктыкі.

- Як развіваецца беларуская навука ў сферы АПК? Што сёння ў прыярытэце ў вучоных-аграрыяў?

- Вялікі напрамак - комплексная механізацыя, аўтаматызацыя і рабатызацыя вытворчых працэсаў. Цяпер самым актуальным трэндам з'яўляецца развіццё дакладнага земляробства, заснаванага на шырокім прымяненні лічбавых тэхналогій, апрацоўцы вялікіх даных, што атрымліваюцца і дзякуючы рабоце сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Вядома, прымяненне тэхналогій не можа даць належнай аддачы без якаснага ўдасканалення арганізацыйна-эканамічных механізмаў.

Вучоныя ў мінулым годзе сфармулявалі прапановы па эканамічным рэгуляванні якасці і бяспекі прадуктаў харчавання, развіцці нацыянальных сістэм падтрымкі экспарту, удасканаленні метадалогіі ацэнкі ўзроўню дзяржаўнай падтрымкі, па арганізацыйна-эканамічнай кластарызацыі ў АПК, укараненні стымулюючага дыферэнцыраванага падыходу да ўсталявання арэнднай платы за маёмасны комплекс стратных арганізацый.

На аграпрамысловы сектар працуюць і вучоныя біятэхналагічнага кластара акадэміі. За 2019 год імі распрацавана 35 новых біятэхналогій, якія з'яўляюцца асновай для вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Напрыклад, гэта геномныя тэхналогіі ацэнкі і адбору селекцыйнага матэрыялу трыцікале і соі, біяпрэпарат супраць бактэрыёзаў агароднінных культур, прабіятычная кармавая дабаўка для пчол. Пры гэтым мы не толькі распрацоўваем новыя біятэхналогіі і прэпараты, але і вырабляем навукаёмістую біятэхналагічную прадукцыю. Паводле папярэдняй ацэнкі, у 2019 годзе ўласнымі сіламі і па распрацоўках арганізацый НАН Беларусі выраблена біятэхналагічнай прадукцыі на суму больш як Br60 млн.

- Яшчэ адзін важны напрамак - гуманітарныя навукі. Гісторыя, сацыялогія, філасофія - чаго ўдалося дасягнуць у гэтых сферах?

- Акадэмічная сацыялогія паспяхова вывучае спецыфіку функцыянавання гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама сацыяльныя наступствы і рызыкі працэсаў лічбавізацыі асноўных сфер беларускага грамадства. Найбольш запатрабаванымі дзяржавай з'яўляюцца сацыялагічныя даследаванні, якія даюць магчымасць прымаць узважаныя кіраўніцкія рашэнні для дасягнення сацыяльна-палітычнай стабільнасці грамадства і эканамічнага росту.

Упершыню ў гісторыі беларускай археалагічнай навукі поўнасцю даследавана гарадзішча Вобчын плошчай больш за 20 тыс. кв.м у Любанскім раёне, якое адносіцца да мілаградскай культуры жалезнага веку. Гісторыкі апублікавалі 2-і, 3-і і 4-ы тамы ўнікальнай пяцітомнай фундаментальнай працы "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". А за стварэнне фундаментальнага картаграфічнага выдання "Вялікі гістарычны атлас Беларусі", дзе на навукова-картаграфічнай аснове выкладзена гісторыя Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён, паказана месца беларусаў у супольнасці еўрапейскіх народаў, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандр Каваленя ў складзе аўтарскага калектыву ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне".

Філосафы прапанавалі канцэптуальную мадэль развіцця беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. Яны паказалі асаблівасць і ўнікальнасць айчыннай інтэлектуальнай культуры ва ўзаемасувязі з заходняй і ўсходняй традыцыяй. Вядзецца работа па "Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі". З запланаваных шасці тамоў ужо выдадзены чатыры, якія асвятляюць развіццё інтэлектуальнай культуры Беларусі ў эпохі Сярэдневякоўя, Рэнесанса, Рэфармацыі і барока, Асветы. У пятым і шостым тамах будзе прадстаўлены працэс развіцця беларускай філасофіі ў XIX - пачатку XX стагоддзя. Гэты перыяд з'яўляецца ключавым у станаўленні беларускай самасвядомасці.

- Часта гавораць аб прыцягненні моладзі ў навуку, павышэнні прэстыжу прафесіі вучонага. Якія меры прымаюцца для таго, каб маладыя людзі знайшлі сябе ў навуковай дзейнасці?

- Мы надаём прыярытэтнае значэнне кадрам. Для Акадэміі навук заўсёды мэтавым крытэрыем было не колькасць, а прафесіяналізм, даследчыцкія кампетэнцыі і якасць выканання работ. Мы змаглі не толькі захаваць усе вядучыя навуковыя школы, якія маюць сапраўды сусветнае прызнанне, але і стварыць новыя, асабліва ў такіх найноўшых галінах, як IT-сфера, нанасфера, біясфера, кампазіты. Цяпер фарміруем іх у атамнай галіне, аднаўляем у мікраэлектроніцы, радыёэлектроніцы і робататэхніцы.

У НАН штогод прыходзяць 320-350 лепшых выпускнікоў ВНУ. Мы рыхтуем іх праз магістратуру, аспірантуру, дактарантуру і саіскальніцтва. Замацоўваем за вядучымі лабараторыямі і вучонымі. У адрозненне ад іншых сфер, ад нас таленавітая моладзь не ідзе, а з задавальненнем творча і плённа працуе. Сярэдні ўзрост навуковых работнікаў Акадэміі навук цяпер складае амаль 46 гадоў, у той час як яшчэ зусім нядаўна ён набліжаўся да 60 гадоў. Доля даследчыкаў ва ўзросце да 29 гадоў складае амаль трэць усяго складу НАН, вучоных да 40 гадоў - 45 працэнтаў. І гэта ў многім таму, што пытанні мы вырашаем комплексна, ствараем умовы для самарэалізацыі, хуткай публікацыі рэзультатаў і ўкаранення вынікаў даследаванняў, даём магчымасць замежных стажыровак. У акадэміі рэалізуецца ініцыятыва "Малады вучоны "пад ключ", дзейнічае разгалінаваная сістэма стымулявання. Прычым, калі "гарантаваная" аплата працы за кошт удзелу ў праграмах, што фінансуюцца з бюджэтных сродкаў, супараўнальная з сярэдняй па народнай гаспадарцы, то магчымасць зарабіць дадаткова нічым не абмежавана. Гэта дагаворы з прадпрыемствамі, міжнародныя гранты, экспартныя кантракты і гэтак далей. Вырашаем і праблему жылля, амаль штогод будуем. Нейкай сур'ёзнай чаргі цяпер няма.

- Якія найбольш яркія праекты сумесна з замежнымі вучонымі намечаны на перспектыву?

- З Кітайскай энергетычнай інжынірынгавай карпарацыяй у якасці прыярытэтных вызначаны галіны пабудовы інтэлектуальных электрычных сетак, сонечнай і ветравой энергетыкі, разумных мікрараёнаў і разумных гарадоў. Па ўзгадненні з прадстаўнікамі біятэхналагічнай кампаніі Shandong Bee-lan Biotechnology Co. Ltd. (правінцыя Шаньдун, КНР) пачаты работы ў сферы мікрабіялогіі і медыцыны, у тым ліку намечана стварэнне Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны на базе санаторыя "Іслач" НАН Беларусі.

Дасягнута дамоўленасць з фармацэўтычнай кампаніяй Cipla (Індыя) аб пачатку будаўніцтва навукова-тэхналагічнага цэнтра на базе ДП "Акадэмфарм". У беларуска-аманскім навукова-тэхнічным узаемадзеянні за аснову ўзяты энергетыка і энергазберажэнне, лазерная фізіка, медыцына, інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі, рацыянальнае прыродакарыстанне і рэсурсазберажэнне. Разам са Шведскай Каралеўскай акадэміяй інжынерных навук вызначаны перспектыўныя для развіцця супрацоўніцтва праекты ў галіне біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій электратэхнікі, новых матэрыялаў, машынабудавання, лясной тэхнікі. Паміж Турэцкім даследчыцкім саветам па навуцы і тэхналогіях і НАН Беларусі дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі ўдзелу турэцкіх і беларускіх арганізацый у праграме "Гарызонт 2020".

Сярод распрацовак, атрыманых у выніку міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, варта адзначыць макетны ўзор сістэмы аэракасмічнага прагнознага маніторынгу надзвычайных сітуацый, матэматычныя мадэлі, метады і алгарытмы для эфектыўнага планавання замены парку аўтобусаў паркам электробусаў. Акрамя таго, вучоныя-гуманітарыі прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы праекта "Агульнаславянскі лінгвістычны атлас". На сённяшні дзень апублікавана 16 выпускаў. Гэта буйнейшы праект у гісторыі сусветнай лінгвагеаграфіі, над якім працуюць мовазнаўцы 12 славянскіх краін і Германіі. Матэрыялы гэтага атласа - гэта шлях да пазнання развіцця чалавечай цывілізацыі і яе дасягненняў.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі