Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2020, 15:15

Інклюзіўны пляж, новыя альтанкі і пясок вышэйшага класа: зоны адпачынку ў Мінску гатовы да сезона

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пляжы і зоны адпачынку на чатырох вадасховішчах у межах Мінска гатовы да сезона: тут устанавілі новае абсталяванне, прывялі ў парадак берагавыя лініі, добраўпарадкавалі тэрыторыі для курэння і адвялі месца для інклюзіўнага пляжа. Аб гэтым расказаў у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік дырэктара УП "Мінская лесапаркавая гаспадарка" Аляксандр Прамінскі.

Мінская лесапаркавая гаспадарка абслугоўвае чатыры вадасховішчы (Цнянскае, Заслаўскае, Дразды і Крыніца), на якіх размешчаны 20 пляжаў плошчай 93,6 га. "На гэты час усе зоны адпачынку, што абслугоўваюцца, у належным санітарным стане. Тут устаноўлена неабходнае абсталяванне: ценявыя навесы, грыбкі, кабінкі для пераапранання, альтанкі, камплекты лясной мэблі, дзіцячае і спартыўнае абсталяванне, інфармацыйныя стэнды", - сказаў Аляксандр Прамінскі.

Да сезона адрамантавалі альтанкі, пафарбавалі пляжнае і дзіцячае гульнявое абсталяванне. На пляжы завезлі пясчана-гравійныя сумесі для падсыпкі і грэйдзіравання пад'язных грунтавых дарог да зон адпачынку. Супрацоўнікі Мінскай лесапаркавай гаспадаркі дэманціравалі старое непрыдатнае абсталяванне, устанавілі шлагбаумы, якія перашкаджаюць несанкцыянаванаму заезду транспартных сродкаў на тэрыторыю пляжаў. Берагавыя лініі падсыпалі мытым прасеяным пяском вышэйшага класа з кар'ераў Смалявіцкага раёна. Для далейшай яго ачысткі ад шкла, акуркаў, камянёў і іншых іншародных прадметаў у разгар сезона будуць выкарыстоўваць спецыяльную машыну для прыбірання. За чысцінёй на пляжах таксама будуць сачыць прыбіральшчыкі. Так, у вясенне-летні перыяд на тэрыторыях пляжаў прыбіранне, дэзынфекцыя туалетаў праводзіцца штодзень. Летам смецце з 94 кантэйнерных пляцовак, устаноўленых у зонах адпачынку, вывозяць кожны дзень, вясной і восенню - па меры напаўнення урнаў.

На тэрыторыі кожнай з зон адпачынку абнавілі інфармацыйныя стэнды з правіламі паводзін людзей на вадзе і на тэрыторыі пляжаў. На Заслаўскім вадасховішчы ўстанавілі пяць металічных альтанак і дзве кабінкі для пераапранання, на Цнянскім вадасховішчы ў бягучым годзе таксама з'явіліся новыя драўляныя альтанкі і камплекты лясной мэблі, а таксама яшчэ адна валейбольная пляцоўка. Абсталявалі сталічныя зоны адпачынку і дадатковымі лаўкамі, урнамі, мангаламі, даўкамплектавалі дзіцячыя зоны гульнявым абсталяваннем.

На 15 з 20 пляжаў на Заслаўскім вадасховішчы, Крыніцы і Драздах з'явіліся і спецыяльныя месцы для курэння, якія абсталявалі лаўкамі, урнамі з попельніцамі і інфармацыйнымі знакамі "Курэнне дазволена". Па рашэнні адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, Цнянскае вадасховішча абвешчана зонай свабоднай ад курэння.

На Заслаўскім вадасховішчы па ініцыятыве Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў абсталявалі да новага сезона інклюзіўны пляж каля санаторыя "Юнацтва". Для гэтага тут устанавілі спецыяльныя пантон, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі мелі доступ да берагавой лініі, а таксама прыстасаваную для іх патрэб кабінку для пераапранання, драўляную мэблю на пандусе і біятуалет. "У гэтым сезоне вывучым попыт на такія пляжы. Калі будуць паступаць звароты ад грамадскіх арганізацый, вядома, будзем прыслухоўвацца да іх і дабаўляць элементы безбар'ернага асяроддзя і на іншыя пляжы па меры неабходнасці, каб зрабіць іх больш даступнымі для адпачывальнікаў", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Прамінскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі