20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыйную сістэму доказаў генацыду ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны плануецца стварыць у Беларусі, паведаміў журналістам выконваючы абавязкі дырэктара НПЦ праблем умацавання законнасці і правапарадку Генпракуратуры Васіль Марчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Улічваючы сучасныя тэхнічныя магчымасці, лічыцца мэтазгодным стварыць у Беларусі інфармацыйную сістэму доказаў генацыду ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны", - сказаў Васіль Марчук, дадаўшы, што чакаецца даволі вялікая работа.
Паводле яго слоў, электронны банк даных можна будзе выкарыстоўваць не толькі ў мэтах нацыянальнага, але і міжнароднага крымінальнага правасуддзя.
"Хачу падкрэсліць, што ёсць шэраг юрыдычных пытанняў, якія датычацца прававой кваліфікацыі адпаведных фактаў. У прыватнасці, і ў гісторыкаў, і ў прававедаў існуюць пэўныя дыскусіі, як быць з фактамі так званай калектыўнай адказнасці або калектыўнага пакарання. У пэўных выпадках ёсць падставы сцвярджаць, што гэта было не што іншае, як генацыд", - адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара НПЦ.-0-