Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лютага 2024, 14:53

Імянны трактар да пяцігоддзя БІСД сабралі супрацоўнікі інстытута на канвееры МТЗ

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўнікі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) у гонар пяцігоддзя арганізацыі сабралі імянны трактар на канвееры Мінскага трактарнага завода. Мерапрыемства стала зыходным пунктам новага праекта аналітыкаў "Прамысловы і патрыятычны турызм", які будзе ажыццяўляцца сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Перад пачаткам зборкі імяннога трактара для супрацоўнікаў БІСД правялі экскурсію па заводзе. Аналітыкі азнаёміліся з доследнымі ўзорамі тэхнікі, а таксама на свае вочы ўбачылі святая святых МТЗ - цэх па зборцы трактароў.

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў адзначыў, што сёння відавочны трэнд на тое, што свет вяртаецца да паняцця рэальнасці рэчаў: "Тут, на Мінскім трактарным заводзе, адбываюцца рэальныя рэчы. У Год якасці мы хацелі і для сябе, і для нашых калег паслаць такі сігнал: у такіх цэхах вырабляецца будучыня Беларусі. Дакрананне да рэальных рэчаў сапраўды натхняе - у нашых супрацоўнікаў вельмі добры настрой, яны зараджаны на далейшую работу".

Гаворачы аб пяцігоддзі арганізацыі, дырэктар інстытута акцэнтаваў увагу на наступных задачах. "Наперадзе нямала работы. Мы будзем рухацца наперад, павышаць якасць аналітыкі, а таксама развіваць тыя сферы і рэгіёны, у якіх мы яшчэ не такія кампетэнтныя. На самай справе, спачываць на лаўрах няма калі. Першы юбілей сустракаем у актыўнай рабоце. Цяпер няпросты час. У аналітыкаў шмат адказнай работы", - рэзюмаваў Алег Макараў.

Аналітык БІСД Ірына Русак адзначыла важнасць развіцця вытворчага турызму. Гэты трэнд карысны не толькі непасрэдна прадпрыемству, але і эканоміцы. "Гэта цікавая і актуальная тэма. Прамысловы турызм можа стаць адным з варыянтаў вырашэння праблем (кадравых, інвестыцыйных. - Заўвага БЕЛТА). Гэта магчымасць не толькі паказаць сябе звычайным людзям, але і прыцягнуць патэнцыяльных інвестараў. Развіваючы спадарожныя турыстычныя паслугі, такі падыход можа ўмацаваць эканоміку не толькі прадпрыемства, але і адміністрацыйнай адзінкі, а ў далейшым і ўсяго рэгіёна", - падзялілася меркаваннем спецыяліст.

З Ірынай Русак згодны калега Дзмітрый Галубнічы. Аналітык адзначыў, што прамысловасць мае стратэгічнае значэнне для Беларусі. "Калі мы гаворым аб развіцці нашай краіны, то пашырэнне прамысловасці, у тым ліку праз профільны турызм, можа даць якасна новыя вынікі і ў рабоце з моладдзю, і ў дыялогу з замежнымі партнёрамі. Такім чынам, наша прамысловасць зможа яшчэ больш эфектыўна рухацца наперад у розных напрамках", - рэзюмаваў спецыяліст.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі