Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2022, 16:33

Хрэнін: у Беларусі могуць стварыць народнае апалчэнне і колькасць абаронцаў краіны павялічыцца ў разы

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі могуць стварыць народнае апалчэнне. Аб гэтым журналістам заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння на палігоне Барысаўскі адбыўся штогадовы збор "Ваенная бяспека і абарона дзяржавы". "Правядзенне такіх збораў з кіраўнікамі зон тэрытарыяльнай абароны стала ўжо традыцыйным. Яны праводзяцца ў адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта. У гэтым годзе праходзіць ужо дзявяты збор", - расказаў Віктар Хрэнін.

Міністр абароны паведаміў, што падчас нарады па ўдакладненні карэкціравання і развіцця Узброеных Сіл галоўнакамандуючым была пастаўлена задача стварыць у Беларусі народнае апалчэнне. "Мы бачым, што гэта пытанне таксама вельмі важнае. Галоўнае, што ў нас ёсць для гэтага людзі і ўзбраенне. Сапраўды, колькасць абаронцаў нашай краіны можа павялічыцца ў разы. Гэта мае вялікае значэнне ў цяперашняй абстаноўцы. Адказ будзе адэкватным, калі нехта прыйдзе на нашу зямлю", - сказаў на заканчэнне Віктар Хрэнін.

Ён адзначыў асаблівую актуальнасць тэрытарыяльнай абароны ў няпростай ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі. "Тэрытарыяльная абарона можа аказаць вырашальнае дзеянне ва ўзброеным канфлікце. Таму што арміі выйграюць бітвы, а народ атрымлівае перамогу ў вайне", - сказаў міністр абароны.

Ён з задавальненнем адзначыў, што сёння ў Беларусі няма ні аднаго кіраўніка абласнога ці раённага ўзроўняў, які не ўдзяляў бы пільнай увагі пытанням тэрытарыяльнай абароны. Віктар Хрэнін дадаў, што на карысць гэтага сведчаць як планавыя мерапрыемствы, так і раптоўныя праверкі. "У Мінскай вобласці праходзяць планавыя зборы. У Лідскім і Кобрынскім раёнах мы правялі мерапрыемствы ў мэтах раптоўнай праверкі", - падкрэсліў Віктар Хрэнін.

У зборы прынялі ўдзел міністр абароны, старшыні абласнога і Мінскага гарадскога выканкамаў, а таксама ваенныя камісары абласцей і Мінска. Мэтамі збору сталі павышэнне ўзроўню ведаў удзельнікаў у пытаннях сумесных дзеянняў войскаў у сучасных узброеных канфліктах і ўдасканаленне навыкаў у дзеяннях са зброяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі