
29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам утрымаць сітуацыю пад кантролем і не дапусціць з'яўлення новых пагроз як унутры Садружнасці, так і на яе граніцах, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на пасяджэнні Савета міністраў абароны дзяржаў - удзельніц СНД у Туле. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
"Забеспячэнне глабальнай бяспекі, бяспекі на прасторы СНД і каля граніц Садружнасці на бягучым этапе знаходзіцца пад уплывам мноства негатыўных фактараў. Яны, перш за ўсё, абумоўлены набіраючым абароты процістаяннем глабальных сусветных ігракоў, - адзначыў міністр. - Мы добра разумеем, што ў сучасным свеце забяспечыць усебаковую абарону незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы з апорай толькі на ўласныя сілы не з'яўляецца магчымым. Для гэтага краіны і аб'ядноўваюцца ў саюзы. У сённяшніх рэаліях дзяржавы - удзельніцы СНД павінны прадэманстраваць адзінства ў ваенна-палітычнай сферы. Гэта не толькі ўмацуе нашы міждзяржаўныя сувязі і пазіцыі арганізацыі на міжнароднай арэне, але і павысіць стан бяспекі на ўсёй прасторы Садружнасці.
"Толькі дзякуючы сумесным намаганням мы зможам утрымаць сітуацыю пад кантолем і не дапусціць з'яўлення новых пагроз як унутры Садружнасці, так і на яе граніцах", - дадаў Віктар Хрэнін.-0-