Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 лютага 2022, 15:47

Хрэнін пра "Саюзную рашучасць": мы нікому не пагражаем, а проста трэніруем свае войскі

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мы нікому не пагражаем, а проста трэніруем свае войскі, заявіў журналістам міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, мэта вучэнняў "Саюзная рашучасць - 2022" - недапушчэнне і адбіццё знешняй агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі, процідзеянне тэрарыстычным выклікам і пагрозам, забеспячэнне бяспекі Саюзнай дзяржавы. "Беларусь - гэта міралюбівая дзяржава. Мы нікому не пагражаем. Ні адну з дзяржаў не разглядаем патэнцыяльным праціўнікам і гэтыя напрамкі нашай дзейнасці замацоўваюцца ў праекце Канстытуцыі, якая будзе вынесена на рэферэндум 27 лютага. Мы тым самым дэманструем і пацвярджаем факт, што будзем прытрымлівацца менавіта гэтых поглядаў", - сказаў Віктар Хрэнін.

Міністр адзначыў, што вучэнні праходзяць адкрыта. "Напярэдадні вучэнняў праведзены два брыфінгі для СМІ, акрэдытаваных ваенных аташэ. Прадастаўлена магчымасць ваенным аташэ назіраць за вядзеннем розыгрышаў на розных участках дзеянняў. Яскравы прыклад пасля ўчарашняй размовы з міністрам абароны Украіны, убачыўшы пэўную трывожнасць, зноў жа на парытэтнай аснове, паколькі яны запрасілі нашага ваеннага аташэ на свае вучэнні "Мяцеліца", ключавы розыгрыш якіх будзе заўтра праходзіць, я са свайго боку зрабіў такую ж прапанову, каб і ваенны аташэ Украіны мог назіраць за дзеяннямі нашых войскаў падчас гэтых вучэнняў і канчатковага розыгрышу на Абуз-Лясноўскім палігоне 19 лютага. Сёння тут прысутнічае ваенны аташэ Украіны. І назірае, што мы ні ў якім разе не пагражаем нашай суседняй краіне, а проста трэніруем свае войскі і глядзім, як можам забяспечыць сваю бяспеку", - падкрэсліў ён.

На другім этапе праверкі сіл рэагавання, з 10 па 20 лютага, праходзіць сумеснае вучэнне "Саюзная рашучасць - 2022". Падраздзяленні і воінскія часці Узброеных Сіл Беларусі і Усходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі адпрацуюць задачы па спыненні і адбіцці знешняй агрэсіі падчас абарончай аперацыі, а таксама па процідзеянні тэрарызму і абароне інтарэсаў Саюзнай дзяржавы.

Практычныя дзеянні войскаў праходзяць на палігонах Брэсцкі, Даманаўскі, Гожскі, Абуз-Лясноўскі і Асіповіцкі. Плануецца задзейнічаць аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда і Мачулішчы. Колькасць ваеннаслужачых і колькасць тэхнікі, прымяняемай на вучэннях, што падпадаюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць вызначаныя ім параметры, якія падлягаюць паведамленню.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, для работы на вучэнні акрэдытавана больш за 150 журналістаў, якія прадстаўляюць беларускія, расійскія і замежныя сродкі масавай інфармацыі. Упершыню для работы на вучэнні запрошаны беларускія блогеры і лідары грамадскай думкі.

"Я ўжо сёння бачу пэўныя вынікі. Па-першае, мы прадэманстравалі здольнасць нашых узброеных сіл забяспечваць ваенную бяспеку Саюзнай дзяржавы. Ужо бачу, што ў ходзе першага этапу праверана ваенная лагістыка, ваенная інфраструктура па прыёме груповак войскаў, па іх размяшчэнні, па прыёме розных матэрыяльных сродкаў. І яна вытрымала свой экзамен. Больш таго, мы бачым яшчэ запас трываласці і значна большыя групоўкі можам прымаць. Для нас гэта таксама вельмі важна. Добра спалучаецца наша сістэма кіравання, вывучка нашых войскаў, маральны дух, які, безумоўна, падкрэслівае, што мы гатовы забяспечыць бяспеку Саюзнай дзяржавы", - канстатаваў Віктар Хрэнін.

Сёння на ўчастку мясцовасці "Палескі" ў Гомельскай вобласці разлікі 465-й ракетнай брыгады выканалі баявыя пускі з тактычнага ракетнага комплексу "Кропка-У". У рамках беларуска-расійскага сумеснага аператыўнага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022" ракетчыкі нанеслі групавы ракетны ўдар па цэлі, якая знаходзіцца на адлегласці звыш 70 км. За дзеяннямі ваеннаслужачых назіраў міністр абароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі