Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 снежня 2022, 14:13

Хрэнін: мы абавязаны рэагаваць на абстаноўку вакол Беларусі і рыхтаваць свае Узброеныя Сілы да абароны

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Улічваючы актыўную мілітарызацыю суседніх дзяржаў, Беларусь абавязана рэагаваць на тое, што адбываецца, і рыхтаваць свае Узброеныя Сілы да абароны краіны. Аб гэтым заявіў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ён звярнуў увагу, што сённяшняя нарада была праведзена ў планавым парадку. "Нарада падкрэслівае, наколькі значную ўвагу Прэзідэнт удзяляе пытанням ваеннай бяспекі дзяржавы ў рамках той абстаноўкі, якая склалася вакол краіны, - сказаў міністр. - Прычым я скажу, што яна не апошняя, будуць яшчэ мерапрыемствы".

"Мы, карыстаючыся сваімі індыкатарамі, калі выказвацца ваеннай мовай, бачым, што абстаноўка не становіцца лепшай, ідзе яе нагнятанне. І бачым, што, на жаль, суседнія дзяржавы актыўнымі крокамі мілітарызуюцца, - заявіў Віктар Хрэнін. - Не хачу, каб нехта палохаўся, што заўтра пачнецца вайна. І Прэзідэнт падкрэсліў у сваім дакладзе: непасрэднай падрыхтоўкі да вайны няма. Бачачы, як дзейнічаюць нашы суседзі, мы, зразумела, абавязаны рэагаваць на ўсё, што адбываецца, і рыхтаваць свае Узброеныя Сілы, сваю дзяржаву. Перш за ўсё - да абароны. Мы не збіраемся камусьці пагражаць, на некага нападаць. Мы хочам на сваёй тэрыторыі самастойна жыць, прымаць рашэнні, захоўваць свае суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць".

У час нарады Прэзідэнту было даложана аб мерапрыемствах і рашэннях, якія былі прыняты раней, размова ішла таксама аб тым, ці дастаткова гэтых рашэнняў або патрэбны якія-небудзь дадатковыя. "Мы дэталёва далажылі, што робіцца. Яшчэ раз паглядзелі, ці не дапускаем памылкі. Таму што мы добра разумеем, што калі цяпер уцягнуцца ў гонку ўзбраенняў, як гэта робяць некаторыя дзяржавы, то мы, вядома, можам даставіць непрыемнасці нашай эканоміцы і пэўныя сацыяльныя праблемы, - растлумачыў кіраўнік Мінабароны. - Таму прынцып разумнай дастатковасці, першай неабходнасці - асноўны. І кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба зыходзіць толькі з яго. Ніякай празмернасці, чагосьці непатрэбнага ні ў якім разе быць не павінна. Перш за ўсё мы павінны ў гэтай сітуацыі разлічваць на свае сілы, на гатоўнасць абараняць сваю краіну самастойна".

Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт у час нарады звярнуў увагу на рост колькасці правакацый паблізу дзяржаўнай граніцы. "Украіна пад любым выглядам спрабуе ўцягнуць войскі дзяржаў - членаў НАТА ў канфлікт. Усё гэта пацвярджаецца нядаўнімі падзеннямі ракет на тэрыторыю Польшчы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Адначасова з боку збеглай апазіцыі, бандытаў нашых, усё часцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і ўчынення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі. Асобныя з гэтых збеглых не проста здраднікі, але экстрэмісты ў квадраце. Па-іншаму назваць іх не магу. Ужо адкрыта, не саромячыся заклікаюць да нанясення ўдараў па аб'ектах на тэрыторыі нашай краіны. Забылі нават пра тое, што на тэрыторыі Беларусі пражываюць іх сваякі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На гэтым фоне заходнія дзяржавы прадаўжаюць нарошчваць ваенны патэнцыял сваіх узброеных сіл, мадэрнізуюць інфраструктуру на тэрыторыі суседніх краін, павялічваюць інтэнсіўнасць правядзення мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Усё гэта вядзе да абвастрэння і так складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны і ў рэгіёне ў цэлым", - заявіў ён.

"Пакуль нам удаецца стрымліваць верагоднага праціўніка ад прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі. Але тым не менш мы павінны пастаянна кантраляваць, бачыць і не прапусціць - ні ў якім разе не прапусціць - прыкметы, якія пакажуць на непасрэдную падрыхтоўку да агрэсіі супраць нашай краіны. Сёння неабходна зрабіць зрэз таго, што ўжо выканана для абароны дзяржавы, і намеціць, у якім напрамку трэба рухацца далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я заўсёды паўтараў і яшчэ раз хачу сказаць: урокі, урокі, урокі. З таго, што адбываецца, па перыметры нашай Беларусі, атрымліваць урокі - важнейшая наша задача".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі