Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 лістапада 2020, 09:25

Хрэнін: можам аператыўна сканцэнтраваць групоўку войскаў на любым участку

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва Узброеных Сіл Беларусі дастаткова інструментаў для дэманстрацыі гатоўнасці процістаяць пагрозам звонку ў выпадку неабходнасці. Аб гэтым заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін у перадачы "Размова ў Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Абстаноўка (каля граніц Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) складаная. З іншага боку, мы бачым, што яна не нясе пагроз нашай дзяржаве. Аднак усё роўна абстаноўка выклікае ў нас занепакоенасць. Перш за ўсё тым, што на сённяшні момант мы адзначаем усё большую колькасць і інтэнсіўнасць мерапрыемстваў аператыўна-баявой падрыхтоўкі, якія праходзяць на тэрыторыі сумежных з нашай краінай дзяржаў, палётаў баявой, разведвальнай авіяцыі. Што ў гэтым годзе асабліва адзначана: палёты ўздоўж нашай граніцы стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў В-52 з кантынентальнай часткі Злучаных Штатаў - з мінімальным аддаленнем ад нашай дзяржграніцы да 30 км", - прывёў прыклады Віктар Хрэнін.

Паводле яго слоў, сама наяўнасць узброеных сіл, паняццяў іх будаўніцтва і развіцця, мерапрыемстваў па мабілізацыйнай гатоўнасці, баявой і аператыўнай падрыхтоўцы - гэта ўжо комплекс мерапрыемстваў па стрымліванні магчымых знешніх пагроз і дэманстрацыя таго, што краіна гатова іх адбіць. Гэта робіцца ў тым ліку ў рамках планавых вучэнняў, розных трэніровак з органамі дзяржкіравання і войскамі, з саюзнікамі.

"І яшчэ ёсць адзін істотны інструмент стрымлівання - гэта раптоўныя праверкі. На любым участку мы можам за кароткі прамежак часу сканцэнтраваць неабходную нам групоўку войскаў", - дадаў Віктар Хрэнін.

Ён адзначыў, што на працягу апошніх 10 гадоў праведзена вялікая работа, створаны сілы неадкладнага рэагавання. Падраздзяленні гатовы да выканання задач як у сухапутных войсках, так і ў ВПС, войсках проціпаветранай абароны. Разведка, радыётэхнічныя войскі таксама не дрэмлюць. "Вось увесь наш адказ на тыя працэсы, якія ідуць на тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў", - сказаў міністр абароны Беларусі.

Гаворачы аб процідзеянні пагрозам унутры краіны ў выглядзе дзейнасці тых ці іншых дэструктыўных элементаў, ён адзначыў асаблівую ролю арміі, асабліва ў справе выхавання патрыятызму як галоўнага інструмента барацьбы. "Што такое патрыятызм? Гэта імунная сістэма, як у чалавека, - сказаў Віктар Хрэнін. - Калі ў нас у дзяржаве гэта развіта, то ўсе тыя выпады, якія адбываюцца, спробы перавярнуць, змяніць наш курс, яшчэ нешта наша імунная сістэма будзе вытрымліваць. У нас гэта сістэма выбудавана".

Паводле яго слоў, ва УС тонка і скрупулёзна займаюцца выхаваннем патрыёта, абаронцы Радзімы. "Але, на жаль, ва Узброеных Сілах служаць толькі 20 працэнтаў маладых людзей, якія ў нас ёсць", - падкрэсліў Віктар Хрэнін. Адсюль і прапанова па стварэнні рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Брэсцкай крэпасці - каб як мага больш дзяцей 12-17 гадоў маглі праз гісторыю глыбей адчуць пачуццё любові да Радзімы. Ідэя падтрымана Прэзідэнтам, Мінабароны ўжо актыўна займаецца дэталямі. Цэнтр будзе працаваць цэлы год і кругласутачна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі