Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 кастрычніка 2022, 15:34

Хаменка: архівісты, як ніхто іншы, захоўваюць гістарычную памяць

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Архівісты, як ніхто іншы, захоўваюць гістарычную памяць. Такім меркаваннем на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Архівы ў гісторыі - гісторыя ў архівах" на базе Нацыянальнай акадэміі навук падзяліўся міністр юстыцыі Сяргей Хаменка.

"Кіраўніком дзяржавы 2022 год абазначаны як Год гістарычнай памяці. І хто, як не архівісты, тыя, хто працуе непасрэдна з дакументамі па развіцці дзяржавы, ведае, што такое гістарычная памяць? Ёсць жа добрая прыказка: тое, што напісана пяром, не выйме і сякера. Архівісты стварылі тыя ўстановы, якія з'яўляюцца сёння ўзорамі захавання дакументаў. Архівісты ідуць у нагу з часам, хоць многае яшчэ неабходна зрабіць у пытаннях лічбавізацыі і даступнасці інфармацыі для нашых грамадзян", - адзначыў Сяргей Хаменка.

У бягучым годзе архіўная служба Беларусі адзначае сваё 100-годдзе. "100 гадоў - гэта шмат ці мала? З аднаго боку, для гісторыі дзяржавы, напэўна, няшмат: гэта ўсяго толькі чатыры пакаленні. З іншага боку, 100 гадоў - гэта цэлая эпоха. Архіўная служба развівалася, змянялася, яна адлюстроўвала тыя рэаліі, якія былі ў нашай дзяржаве", - расказаў міністр юстыцыі.

У сваім выступленні Сяргей Хаменка таксама закрануў тэму генацыду беларускага народа. "Яна даволі доўга з-за розных прычын замоўчвалася. Але тыя дакументы, якія ўзнімаюць архівісты, выхоўваюць нашых людзей, нашых дзяцей, нашу будучыню, расказваюць аб тым, што можа быць, калі, не дай бог, паўторацца падзеі 41-44 гадоў. Калі чалавек гатовы да нечага дрэннага, значыць, абаронены", - падкрэсліў міністр юстыцыі.

"Я зусім нядаўна быў у школе ў Баранавічах, там людзі таксама любяць сваю прафесію. Аснову выхавання яны ставяць на базе тых дакументаў, якія ёсць па 30-х гадах, па гадах Вялікай Айчыннай вайны, па сучасным этапе. І вучаць на гэтым нашых дзяцей", - дадаў Сяргей Хаменка.

Паводле слоў акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандра Кавалені, клопат архівістаў па захаванні нацыянальнай скарбніцы памяці важны для перадачы ад пакалення да пакалення лепшых традыцый, якія склаліся ў беларускім грамадстве. "Вучоныя разам з архівістамі агульнымі намаганнямі робяць вялікую нацыянальна-дзяржаўную справу, якая дапамагае нам разумець нашы вытокі, нашы складанасці і перспектывы развіцця. Я хацеў бы адзначыць, што архівы - гэта не попел, архівы - гэта агонь, які дапамагае пераадольваць складанасці ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці. Толькі дзякуючы таму, што мы ведаем глыбіню і карані сваёй гісторыі, мы паспяхова развіваемся і арганізуем навуку, культуру, развіваем нашу адукацыю", - падкрэсліў Аляксандр Каваленя.

На міжнароднай канферэнцыі выступілі спікеры, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама госці з Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Узбекістан і Рэспублікі Казахстан. У рамках мерапрыемства арганізавалі банерную выстаўку, выстаўку выданняў Нацыянальнага архіва, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі