Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 сакавіка 2021, 12:43

Халаднаватае надвор'е з начнымі замаразкамі чакаецца ў Беларусі ў бліжэйшыя дні

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Халаднаватае надвор'е з начнымі замаразкамі чакаецца ў Беларусі ў бліжэйшыя дні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У першай палове гэтага тыдня адзначаўся павышаны тэмпературны рэжым. Але, як і павінна быць у пачатку каляндарнай вясны, перыяды адлігі змяняюцца зімовым характарам надвор'я. Ужо заўтра ў нашу краіну пачне паступаць халаднаватае паветра з Паўночнай Еўропы. Нейкіх анамальных маразоў чакаць не варта, але тэмпературны рэжым вернецца ў рамкі клімату", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 19 сакавіка, уначы месцамі, удзень у многіх раёнах пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. Уначы і раніцай чакаецца слабы туман і галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў марозу, удзень - ад нуля да плюс 6.

У суботу, 20 сакавіка, у дзень вясновага раўнадзенства, на надвор'е будзе ўплываць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халаднаватым паветры. Зменшыцца колькасць аблокаў, у дзённы час усё часцей стане свяціць сонца. Істотныя ападкі малаверагодныя. Уначы і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, удзень з пераходам на заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-9 градусаў марозу, удзень - ад нуля да плюс 5.

У нядзелю, 21 сакавіка, у асноўным захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Толькі раніцай і ўдзень у паўночна-заходніх раёнах Беларусі будзе адчувацца ўплыў атмасфернага фронту, тут пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Уначы і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні парывісты, раніцай і ўдзень у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-8 градусаў марозу, удзень - ад мінус 1 да плюс 6.

У панядзелак, 22 сакавіка, надвор'е будзе фарміраваць франтальны раздзел і няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з паўночнага захаду Еўропы. Зноў павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны, удзень месцамі пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца заходні з пераходам на паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 7, удзень - ад мінус 1 да плюс 6.

У аўторак і сераду, 23-24 сакавіка, Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску, сфарміраванага ў халаднаватым паветры. Чакаецца пераменная воблачнасць, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-ўсходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-8 градусаў марозу, месцамі - да мінус 10. Удзень будзе 1-8 градусаў цяпла.

"Як бачым, з надыходам каляндарнай вясны бурных вясновых працэсаў пакуль не відаць. Чаканае надвор'е па тэмпературным рэжыме на 1-3 градусы халаднейшае, чым звычайна", - рэзюмавалі ў Белгідрамеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі