Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 кастрычніка 2019, 16:52

Гусакоў: у Беларусі ствараюцца ўсе магчымасці для творчага росту маладых вучоных

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ствараюцца ўсе магчымасці для творчага росту маладых вучоных, іх інтэграцыі ў вялікую навуку. Аб гэтым заявіў на адкрыцці XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Моладзь у навуцы" старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, на ўзроўні Нацыянальнай акадэміі навук падтрымліваюцца перспектыўныя праекты, маладыя людзі могуць прымаць удзел у розных конкурсах, у тым ліку на саісканне грантаў. "Спадзяюся, што гэта міжнародная канферэнцыя будзе садзейнічаць шырокаму ўключэнню маладых вучоных і даследчыкаў у акадэмічную навуку, дасць новы імпульс навуковай камунікацыі", - сказаў старшыня Прэзідыума НАН.

Ён нагадаў, што падрыхтаваны праект указа "Аб прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021-2025 гады". Прадугледжваецца развіццё навукаёмістых інфармацыйна-камунікацыйных, лічбавых, біялагічных, хімічных, медыцынскіх і іншых тэхналогій. Будуць стварацца перспектыўныя распрацоўкі для сфер энергетыкі, экалогіі, машынабудавання, аграпрамысловага комплексу, забеспячэння бяспекі чалавака, грамадства і дзяржавы. І маладыя вучоныя могуць унесці свой уклад у развіццё такіх напрамкаў.

У сваю чаргу галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец адзначыў, што цяперашні форум уражвае як міжнародным удзелам, так прадстаўніцтвам беларускіх вучоных, ён сабраў вялікую колькасць студэнцкай моладзі, школьнікаў. Некаторымі з прэзентаваных стартапаў ужо зацікавіліся патэнцыяльныя інвестары.

У цэлым сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук каля трэці вучоных - моладзь. "Гэта аптымальная лічба, якая можа даць добры вынік для сувязі пакаленняў. Маладыя вучоныя працуюць па ўсіх прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Асабліва дынамічна развіваецца біятэхналагічны сектар", - сказаў Андрэй Іванец.

Канферэнцыя "Моладзь у навуцы" - адно з буйнейшых маладзёжных навуковых мерапрыемстваў у Беларусі, з'яўляецца прэстыжнай пляцоўкай для прэзентацыі праектаў таленавітай моладзі краін СНД, а таксама блізкага і далёкага замежжа. На форуме, які прадоўжыцца да 17 кастрычніка, прадстаўлены найбольш вялікія міжнародныя і міждысцыплінарныя праекты, навуковыя распрацоўкі, што рэалізуюцца з удзелам маладых вучоных. У праграме прэзентацыі навуковых стартап-праектаў, робатурнір, выстаўка распрацовак маладых вучоных "Маладая акадэмія", беларуска-расійскі сімпозіум "Гарызонты навукі", конкурс дакладаў на англійскай мове My first report in English, майстар-класы.

Таксама праводзіцца конкурс "100 талентаў НАН Беларусі". Запланаваны секцыі па асноўных напрамках дзейнасці НАН (аграрныя, біялагічныя, гуманітарныя, медыцынскія, фізіка-тэхнічныя і фізіка-матэматычныя навукі, хімія і навукі аб Зямлі), тэматычныя сустрэчы для школьнікаў па экалогіі, энергетыцы, культуры і краязнаўстве.

У канферэнцыі прымаюць удзел каля 500 маладых даследчыкаў: вучоныя НАН Беларусі, прадстаўнікі ВНУ, ССНУ, школьнікі краіны, госці з Расіі, Чарнагорыі, Казахстана, Польшчы, Латвіі, Таджыкістана, Арменіі, Грузіі, кіраўнікі саветаў маладых вучоных Акадэміі навук - членаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі