Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 мая 2022, 13:02

Гусакоў: лічбавізацыя дапамагае ствараць устойлівыя інвестпатокі і навукаёмістыя галіны

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лічбавізацыя садзейнічае стварэнню ўстойлівых інвестпатокаў і навукаёмістых галін. Такое меркаванне выказаў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў на адкрыцці II Міжнароднага лічбавага форуму #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне), які праходзіць у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чалавецтва жыве цяпер ва ўмовах беспрэцэдэнтнай трансфармацыі самых базавых, непарушных асноў палітычнага, эканамічнага і тэхналагічнага светапарадку. Мы на сабе зведваем хвалі ўзрушэнняў, якія пракатваюцца па планеце, уключаемся ў кругаварот падзей, процістаім спробам дэструктыўнага ўплыву, адстойваем свае эканамічныя інтарэсы і жыццёвыя каштоўнасці. Лічбавая эпоха, станаўленне якой ідзе ў нас на вачах, дабаўляе вастрыні і дынамізму працэсу пераходу да ядра новага тэхналагічнага ўкладу", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, сеткавыя камунікацыі, штучны інтэлект, электронныя дзяржавы, урады і эканоміка адыгрываюць усё больш значную ролю як у штодзённым жыцці, так і ў развіцці грамадства, у забеспячэнні бяспекі, канкурэнтаздольнасці і абараназдольнасці.

"Якія ж эфекты мы можам атрымаць ад пераходу на лічбу? Для дзяржавы лічбавыя экасістэмы - гэта мадэрнізацыя эканомікі, вытворчых працэсаў і тэхналагічнай незалежнасці на аснове паскарэння камерцыялізацыі тэхналогій. Гэта садзейнічае стварэнню ўстойлівых інвестыцыйных патокаў і навукаёмістых галін і напрамкаў (беспілотныя тэхналогіі, смарт-энергетыка, суперкамп'ютарная апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных), а таксама адначасова садзейнічае значнаму паляпшэнню работы традыцыйных галін, розных сфер эканомікі. Бізнес атрымлівае доступ да новай кліенцкай базы, зручныя сэрвісы, зніжэнне асіметрыі інфармацыі, інакш кажучы інфармацыйную празрыстасць, хуткасць транзакцый, скарачэнне выдаткаў, выхад на новыя рыначныя нішы і гэтак далей. З часам практычна кожны тавар можа друкавацца на 3D-прынтары пад персанальны заказ пакупніка. А гэта новы віток скарачэння выдаткаў, бо ў такім выпадку не патрэбны склады, вялікія цэхі і гандлёвыя кропкі. Усё можа рабіцца максімальна блізка да месца назначэння тавару", - расказаў старшыня Прэзідыума НАН.

"Дасягненні дзяржавы і бізнесу для грамадзян" - пад такім слоганам сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы стартаваў II Міжнародны лічбавы форум #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзянін). У форуме ўдзельнічаюць кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі IT-кампаній, банкаў, бізнесу, а таксама сацыяльнай сферы. Форум праводзіцца пад эгідай незалежнага рэгулятара ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, функцыі якога ажыццяўляе Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце. Арганізуе мерапрыемства Нацыянальны цэнтр абмену трафікам пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг і беларускіх воблачных тэхналогій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі