Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 ліпеня 2024, 13:44

Гусакоў: адна з важнейшых задач сёння - не дапусціць перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны

Фота НАН
Фота НАН
2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час урачыстага адкрыцця расійска-беларускага маладзёжнага форуму "Расія - Беларусь. Злачынствы нацыстаў - без тэрміну даўнасці", які з 1 па 4 ліпеня прымае Мінск, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што на сёння адна з важнейшых задач, што стаяць перад грамадскасцю, не дапусціць перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, якая забрала ў савецкага народа 27 мільёнаў жыццяў, а ў Беларусі - жыццё кожнага трэцяга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Гусакоў заўважыў, што Вялікая Айчынная вайна - вялікая не толькі па назве, але і па сваім характары і змесце. Такіх войнаў, калі на полі бою сутыкаліся шматмільённыя арміі, калі на барацьбу з германскімі агрэсарамі ўздымаўся ўвесь народ, гісторыя яшчэ не ведала. Менавіта на палях Беларусі, Расіі і Украіны былі разгромлены арміі праціўніка.

"Нападзенне нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў на СССР паставіла пад пытанне далейшае існаванне (нават біялагічнае) многіх народаў Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускага. Варта адзначыць, што распрацаваны па загадзе Гітлера ў нацысцкай Германіі яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны план "Ост" прадугледжваў знішчэнне 75 працэнтаў беларускага народа, астатнія 25 працэнтаў павінны былі быць анямечаны, - нагадаў кіраўнік Акадэміі навук. - Захаванне ў якой-небудзь форме беларускай дзяржавы не прадугледжвалася. Разам з тым пад пагрозай аказалася савецкая дзяржаўнасць і дзяржаўнасць усіх савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларусі і Расіі. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне над германскімі захопнікамі, якая была дасягнута дзякуючы небывалай стойкасці, мужнасці і самаахвяраванню ўсяго савецкага народа, мае для нас вялікае значэнне".

Усяго ў Беларусі загінулі больш за 3 млн чалавек. Вучоныя-гісторыкі ў супрацоўніцтве з пошукавымі атрадамі знаходзяць новыя пахаванні і ўстанаўліваюць раней невядомыя факты зверскага знішчэння ваеннапалонных і мірнага насельніцтва. Устаноўлена, што ў Беларусі пацярпела больш за 12,3 тыс. населеных пунктаў, а лёс Хатыні напаткаў прыкладна 300 вёсак і пасёлкаў. "Хіба можна забыць гэты жах? Была знішчана ўся эканоміка і народная гаспадарка краіны. Амаль 3 млн чалавек страцілі дах над галавой", - дадаў Уладзімір Гусакоў.

Як адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, сёння ў рэспубліцы робіцца ўсё неабходнае, каб грамадства і новыя пакаленні, якія прыходзяць у гэта жыццё, ведалі і помнілі праўду пра Вялікую Айчынную вайну. На месцах баёў і пахаванняў загінулых воінаў і партызан, у месцах масавага генацыду нашага народу ўстаноўлены і беражліва захоўваюцца больш за 8,5 тыс. мемарыялаў, помнікаў і рукатворных курганаў славы. Праводзіцца карпатлівая работа па ўсталяванні імёнаў тых, хто дагэтуль знаходзіцца ў безыменных магілах.

"У нашай краіне вядзецца вялікая навукова-даследчая работа. Выдаюцца тысячы кніг, арганізуецца комплекс сацыяльных, навуковых, ваенна-мемарыяльных, пошукавых, культурных, спартыўных і інфармацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў, якія прызначаны захоўваць і ўмацоўваць гістарычную памяць беларускага народа аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, - зрабіў акцэнт Уладзімір Гусакоў. - Мы змаглі адстаяць нашы інтарэсы і нашу незалежнасць. На сёння адна з важнейшых задач - не дапусціць перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, якая забрала ў савецкага народа 27 мільёнаў жыццяў, а ў Беларусі - жыццё кожнага трэцяга".

Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму, моладзі, на тое, што сёння нельга дапусціць забыццё подзвігу савецкіх воінаў, якія ўнеслі вырашальны ўклад у Перамогу, нельга дапусціць забыццё пакут мільёнаў бязвінных ахвяр і, галоўнае, - нельга дазволіць скрыць імёны сапраўдных зачыншчыкаў сусветнай ваеннай катастрофы, тых, хто дапусціў і патураў яе развязванню, тых, хто спакойна ўчыняў жудасныя злачынствы. "Важна, каб маладое пакаленне ведала праўду аб той страшнай вайне, ролі сапраўдных вызваліцеляў, якія ўнеслі вырашальны ўклад у Вялікую Перамогу. Толькі сумеснымі намаганнямі можна захаваць нацыянальную дзяржаўную спадчыну, выхаваць у падрастаючага пакалення патрыятычныя якасці і грамадзянскую пазіцыю", - арыентаваў Уладзімір Гусакоў.

Ён дадаў, што сённяшні прадстаўнічы форум прысвечаны захаванню гістарычнай памяці, гістарычнай праўды. "Адзначаючы слаўную дату і аддаючы даніну глыбокай павагі гістарычнай памяці народа, мы заўсёды будзем удзячны тым, хто абараняў і адбудоўваў з руін нашу Айчыну, хто выжыў і хто загінуў у барацьбе. Усё, што мы стварылі, ствараем і будзем увасабляць у жыццё, служыць гэтай мэце", - рэзюмаваў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

У маладзёжным форуме прымаюць удзел каля 100 удзельнікаў пошукавых атрадаў і актывістаў праекта "Без тэрміну даўнасці" - маладыя вучоныя, якія займаюцца вывучэннем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя пленарных пасяджэнняў і навуковых дыскусій для ўдзельнікаў запланаваны і практычныя заняткі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі