Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2019, 19:33

Гродзенская вобласць знаходзіцца ў авангардзе пазітыўных пераўтварэнняў у эканоміцы і сацсферы - Румас

20 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Гродзенская вобласць знаходзіцца ў авангардзе пазітыўных пераўтварэнняў у эканоміцы і сацыяльнай сферы краіны, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння ў час урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гродзенская вобласць мае ўнікальную гісторыю, багатую культурную спадчыну і вялікі чалавечы патэнцыял. Дзякуючы працы і любові да роднай зямлі кожнага жыхара рэгіён займае лідзіруючыя пазіцыі па шэрагу напрамкаў і знаходзіцца ў авангардзе пазітыўных пераўтварэнняў у эканоміцы і сацыяльнай сферы", - сказаў Сяргей Румас.

Ён адзначыў, што Гродзенская вобласць заўсёды ў цэнтры важных эканамічных, культурных і спартыўных падзей. Рэгіён славіцца культурай земляробства і ўносіць значны ўклад у харчовую бяспеку Беларусі. У 2019 годзе ў вобласці атрымана самая высокая ў краіне ўраджайнасць збожжа, тэмпы росту вытворчасці малака значна вышэйшыя, чым у сярэднім па рэспубліцы. "Але самы галоўны здабытак рэгіёна - гэта людзі, якія добрасумленна працуюць і ствараюць у імя працвітання і дабрабыту свайго краю", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас звярнуў таксама ўвагу на задачы, якія стаяць перад вобласцю. Сярод іх мадэрнізацыя і якаснае абнаўленне вытворчасцей, падтрымка бізнесу і прадпрымальніцкай актыўнасці грамадзян, прыцягненне буйных інвестыцый у прамысловасць, сельская гаспадарка і турызм. Шмат яшчэ трэба будзе зрабіць для стварэння сучасных рабочых месцаў, павышэння якасці і ўзроўню жыцця людзей.

Урачыстае мерапрыемства са святочным канцэртам у новай зале філармоніі было арганізавана для больш як тысячы гледачоў. Прыехалі госці са сталіцы, іншых абласцей, а таксама даўнія сябры і партнёры вобласці з-за мяжы. Шмат віншаванняў і сардэчных пажаданняў прагучала ў адрас Гродзенскай вобласці.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў зачытаў віншаванне ад кіраўніка дзяржавы. Звярнуўся з прывітальным словам да жыхароў рэгіёна і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

У час урачыстага мерапрыемства былі ўручаны ўзнагароды, дыпломы, граматы і падзякі жыхарам рэгіёна. Новыя імёны папоўнілі і Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Сярод іх Уладзімір Борматаў - дырэктар, мастацкі кіраўнік і дырыжор заслужанага калектыву Беларусі "Гродзенская капэла", Аляксандр Трыпуць - прызёр Паралімпійскіх гульняў, чэмпіён свету і Еўропы па інваспорце, Генрых Федасевіч, які прысвяціў многія гады рабоце ў аграрнай галіне рэгіёна.

Гледачы ў час канцэрта не толькі прасачылі гісторыю вобласці за апошнія 75 гадоў, але і зазірнулі ў глыб стагоддзяў, да самых вытокаў. На плошчы перад будынкам гасцям прапанавалі перамясціцца ў часе і стаць удзельнікамі кінахронікі. Артысты ажывілі кадры, прысвечаныя самым значным падзеям: ад пасляваеннага аднаўлення рэгіёна і ад'езду моладзі на цаліну да будаўніцтва прамысловых гігантаў, вясельнага і бэбі-буму 1980-х і нават першых у краіне "Дажынак", якія прыняла менавіта Гродзенская вобласць.

У будынку філармоніі прэзентавалі выстаўку мініяцюр вядомых архітэктурных помнікаў, палацаў і замкаў. У юбілейны для рэгіёна год было выпушчана некалькі маляўнічых тэматычных выданняў. Самым яркім стаў альбом, выдадзены Беларускім тэлеграфным агенцтвам. У ім прадстаўлена інфармацыя аб усіх этапах станаўлення і развіцця Гродзенскай вобласці, праілюстраваная больш як 500 унікальнымі фотаздымкамі. Пачэсныя госці таксама прынялі ўдзел у памятным гашэнні маркі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі