Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 верасня 2019, 09:00

Грамадзяне Беларусі атрымаюць СМС аб пачатку перапісу насельніцтва

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожнаму грамадзяніну Беларусі прыйдзе СМС аб пачатку перапісу насельніцтва. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Іна Мядзведзева, паведамляе БЕЛТА.

"Кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь прыйдзе СМС. Прычым там будзе пазначана, хто можа перапісацца (гэта будзе вельмі коратка). І таксама будзе прадастаўлены адрас для інтэрнэт-перапісу. Гэта значыць, можна будзе з мабільнага тэлефона адразу ўвайсці на наш сайт перапісу", - сказала Іна Мядзведзева.

Кіраўнік Белстата адзначыла, што ад перапісу будзе залежаць развіццё канкрэтнага рэгіёна. "Можна будзе прыняць рашэнне аб тым, якія сродкі неабходна будзе накіраваць у ахову здароўя, адукацыю, на будаўніцтва інфраструктуры, жылля, дзіцячых садоў. Сёння мы праводзім маштабную інфармацыйную работу і спрабуем данесці да ўсіх грамадзян Беларусі тое, што пройдзе гэта мерапрыемства", - падкрэсліла Іна Мядзведзева.

Як паведамлялася, з 4 па 30 кастрычніка ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам "Погляд на сучаснасць - крок у будучыню". Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці.

Перапісацца можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома ў час вуснага апытання перапісчыка. Інфармацыю аб адрасах стацыянарных участкаў можна будзе знайсці на сайце Белстата. Перапіс праз інтэрнэт стане зручным спосабам для беларусаў, якія часова знаходзяцца за мяжой (калі чалавек пражывае менш як год за межамі краіны, перапісацца ён абавязаны, але гэта могуць зрабіць за яго і паўналетнія сваякі).

У сукупнасці ўсе новыя падыходы да правядзення перапісу дапамогуць скараціць у тры разы колькасць перапіснога персаналу, амаль у столькі ж разоў зменшыць час запаўнення перапіснога ліста. І, вядома, павысіць якасць працэдур. Дапаможа пры правядзенні перапісу і спецыяльны кол-цэнтр, у які з 1 кастрычніка можна звярнуцца з любымі пытаннямі па тэме. Працуе прома-сайт перапісу па адрасах www.перепись.бел і www.census.by, дзе можна азнаёміцца з данымі кампаніі 2009 года і знайсці карысную інфармацыю і парады аб маючай адбыцца падзеі.

Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат прадаставіць у лютым 2020 года. Разгорнутую па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, у тым ліку фактычным беспрацоўі, - у ліпені 2020 года, а інфармацыю па самай складанай частцы апытальніка - дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі - у ліпені 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі