Фота ivatsevichy.by
2 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Івацэвічах праходзіць пасяджэнне нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. З ходам работ азнаёміўся намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Віцэ-прэм'ер азнаёміўся з ходам работ і гатоўнасцю аб'ектаў, наведаў некаторыя лакацыі. У прыватнасці, падарункам да Дня беларускага пісьменства будзе ўстаноўка камп'ютарнага тамографа ў цэнтральнай раённай бальніцы. У Івацэвічах капітальна рамантуюць стадыён сярэдняй школы нумар 1. Паводле слоў старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Уладзіміра Бялова, на тэрыторыі спартыўнага комплексу зробяць бегавую дарожку з сучасным пакрыццём, добраўпарадкуюць універсальную пляцоўку для гульні. Ігар Петрышэнка ацаніў абноўленую Івацэвіцкую раённую бібліятэку, шэраг іншых аб'ектаў.
У гэтым годзе свята пройдзе 31-ы раз. Згодна з чаргой, правядуць яго ў Брэсцкай вобласці. Сталіцай гэтага Дня беларускага пісьменства выбраны Івацэвічы. Цырымонія адкрыцця адбудзецца 31 жніўня. "Мы актыўна рыхтуемся. Правялі шэраг пасяджэнняў арганізацыйных камітэтаў, дзе дэталёва разабралі падыходы з пункту гледжання добраўпарадкавання інфраструктуры горада, каб людзям не толькі сам Дзень беларускага пісьменства запомніўся, але і ўсё, што было зроблена для падрыхтоўкі да яго", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
"У цэлым бачым настрой жыхароў горада на тое, каб сустрэць гэта свята дастойна, паказаць гасціннасць нашай краіны. Дыпламатычны корпус і госці з іншых краін традыцыйна прымаюць удзел у гэтых мерапрыемствах. Спадзяёмся, што першая нядзеля верасня пройдзе на самым высокім арганізацыйным, творчым узроўні", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Ён дадаў, што праграма Дня беларускага пісьменства будзе ўключаць мерапрыемствы для людзей рознага ўзросту. "Самае галоўнае, што гэтым святам уносім істотны ўклад у папулярызацыю чытання, любові да кнігі", - акцэнтаваў увагу Ігар Петрышэнка.
Дарэчы, Івацэвічы да свята ўпрыгожаць новыя арт-аб'екты. Напрыклад, каля будынка гарадскога Дома культуры ўстановяць кампазіцыю "Дзеці лясной школы". Яна ўяўляе сабой чытаючых хлопчыка і дзяўчынку з партызанскага атрада. Скульптура будзе звяртаць увагу дзяцей, што нават у цяжкія часы іх равеснікі прадаўжалі цягнуцца да ведаў.
На свяце будзе некалькі лакацый. Традыцыйна пройдуць урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства і ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія", круглы стол з удзелам пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя. Запланаваны розныя выстаўкі і майстар-класы. Чакаецца, што гледачам пакажуць гістарычную рэканструкцыю, прысвечаную партызанскаму руху ў Івацэвіцкім раёне.-0-
Фота Таццяны Матусевіч і ivatsevichy.by