Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 жніўня 2024, 14:02

Горад пахне хлебам. У Свіслачы праходзіць каравай-фэст "Бацькава булка"

17 жніўня, Свіслач /Кар. БЕЛТА/. На галоўнай сцэне ідуць апошнія рэпетыцыі, сталы ломяцца ад хлеба, госці ўжо каштуюць свежую выпечку, перадае карэспандэнт БЕЛТА з каравай-фэсту "Бацькава булка".

Малады фестываль, які праходзіць у райцэнтры, стаў ужо брэндавым на Гродзеншчыне. Яго ідэя нарадзілася пасля наведвання Прэзідэнтам мясцовай пякарні ў чэрвені 2021 года. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў смак свіслацкага хлеба, асабліва здобнай пляцёнкі, якая ў хуткім часе атрымала назву "Бацькава булка".
У цэнтры ўвагі сёння - пяціметровая пляцёнка, якую выпеклі літаральна ўчора. Для пацвярджэння заяўленай даўжыні на вачах у публікі супрацоўнікі ААТ "Гроднахлебпрам" мераюць яе даўжыню. Усё правільна - пяць метраў.
Як расказала начальнік цэха прадпрыемства Святлана Пацехіна, унікальны выраб важыць 35 кг. На яго прыгатаванне спатрэбілася 25 кг мукі, 10 кг цукру, 4 кг маргарыну, 5 кг разынак, па 3 кг кунжуту і маку, 25 яек.

Булку выпякалі ў тунэльнай печы, прычым прапускаць праз печ для добрага прапякання давялося двойчы. У Свіслач выраб прывезлі на вялікім грузавіку.

Вялікіх і маленькіх булак на галоўнай плошчы Свіслачы незлічоная колькасць. Пах стаіць такі, што цяжка ўтрымацца, вельмі хочацца прысесці за адзін са шматлікіх столікаў і з асалодай пакаштаваць свежага хлеба.

Тым больш, што вакол гучыць музыка і песні, а добрая музыка, як вядома, паляпшае апетыт.

Праграма каравай-фэсту разлічана на ўвесь дзень.

У бягучым годзе свята прысвечана 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі і 80-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго праграма як ніколі вялікая і разнастайная. Гасцей і ўдзельнікаў чакаюць прафесійныя конкурсы хлебапёкаў, спаборніцтвы майстроў-аматараў, дэгустацыя свежай выпечкі, зорныя канцэрты артыстаў беларускай і расійскай эстрады, спартыўныя спаборніцтвы, гульні і конкурсы.

Упершыню ў гэтым годзе на вуліцах горада пройдзе лёгкаатлетычная эстафета "Белавежскі забег", што арганізуецца пад эгідай Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.-0-

Фота Леаніда Шчаглова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі