Фота інтэрнэт-партала "Круглае News"
14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 500 гадоў з дня першага згадвання ў пісьмовых крыніцах аб Круглым, цяпер раённым цэнтры ў Магілёўскай вобласці.
Круглае, якое атрымала назву ў сувязі з размяшчэннем у коле рэк Друць, Сітня і Гнілка, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1524 годзе. Тады гэта была прыватнаўласніцкая вёска Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З пачатку XVII стагоддзя Круглае знаходзілася ў валоданні вялікага канцлера ВКЛ Льва Сапегі.
З 1750 года Круглае належала гетману Міхалу Казіміру Агінскаму. А пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай увайшло ў склад Расійскай імперыі. У 1782 годзе Кацярына ІІ падарыла Круглае з яго ўгоддзямі княгіні Кацярыне Дашковой, якая валодала ім да 1810 года. На той момант у Круглым было 462 жыхары, 41 двор, а таксама вінакурны завод, палатняная фабрыка. Па ініцыятыве княгіні ў 1785 годзе сяло Круглае было пераведзена ў разрад мястэчка.
У час вайны з Напалеонам чатыры месяцы прадаўжалася акупацыя Кругляншчыны французамі. У лістападзе 1812 года ў мястэчку размясцілася штаб-кватэра генерал-фельдмаршала Міхаіла Кутузава.
Паводле даных 1880 года, у Круглым было 119 дамоў, праваслаўная царква, народнае вучылішча, яўрэйская школа, 3 млыны, праводзіліся 3 кірмашы. Да пачатку XX стагоддзя тут ужо было 1,6 тыс. жыхароў, крухмальны завод, 2 вучылішчы і 22 магазіны.
У 1935 годзе Круглае стала раённым цэнтрам, а ў 1938-м увайшло ў склад Магілёўскай вобласці.
Круглае значна пацярпела ў час Вялікай Айчыннай вайны. З 8 ліпеня 1941 года па 28 чэрвеня 1944-га Кругляншчына была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскі атрад пад камандаваннем Сяргея Жуніна - Героя Савецкага Саюза, а таксама брыгада "Чэкіст" пад камандаваннем Герасіма Кірпіча.
У 1967 годзе Кругламу быў прысвоены статус гарадскога пасёлка. Пасля зацвярджэння ў 1975 годзе генеральнага плана райцэнтр стаў забудоўвацца чатырох- і пяціпавярховымі дамамі. Жылая забудова сканцэнтравана ў цэнтральнай і паўднёвай частцы. На поўначы знаходзіцца прамысловая зона.
У 2015 годзе ў Круглым прайшоў абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі".
У лютым 2016 года Кругламу быў прысвоены статус горада раённага падпарадкавання.
14 верасня жыхары Кругляншчыны адзначаць дзве знамянальныя падзеі - 500 гадоў з дня першага згадвання Круглага ў пісьмовых крыніцах і 100-годдзе Круглянскага раёна. Святочная праграма пачнецца з урачыстай цырымоніі адкрыцця помніка партызанам і мітынгу "Памяці загінулых, у імя жывых". Затым адбудзецца святочнае шэсце "Любімы горад!". На працягу дня будуць працаваць розныя тэматычныя экспазіцыі, выстаўка-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Алея майстроў", тэматычныя пляцоўкі ўстаноў, арганізацый, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, фотазоны "Нашы дасягненні табе, любімы горад!". Завершыцца дзень танцавальна-музычнай праграмай з удзелам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і вакальна-інструментальнай групы RedFox Band. У 22.30 неба над Круглым расквеціць святочны салют.-0-