Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 лістапада 2024, 20:00

Гігін: Польшча і Літва фактычна ўвялі інфармацыйную цэнзуру на тэматыку дапамогі мігрантам

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польшча і Літва фактычна ўвялі інфармацыйную цэнзуру на тэматыку дапамогі мігрантам. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення РДГА "Беларускае таварыства "Веды", генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску на тэму нелегальнай міграцыі і падтрымання рэгіянальнага супрацоўніцтва ў вырашэнні гэтай праблемы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Ён падкрэсліў, што сам факт таго, што пытанне процідзеяння нелегальнай міграцыі вынесена на абмеркаванне прадстаўнічага форуму, сведчыць аб зацікаўленасці Беларусі ў вырашэнні гэтай глабальнай праблемы.

"На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што тыя незаконныя, супярэчныя міжнародным дакументам дзеянні, якія ажыццяўляюць нашы суседзі, перш за ўсё Польшча і Літва, з'яўляюцца не рэагаваннем на нейкую раптоўна ўзнікшую сітуацыю, а вынікам і адначасова каталізатарам фашызацыі гэтых грамадстваў, нарастанняў элементаў ісламафобіі, расізму і ксенафобіі ў цэлым", - падкрэсліў Вадзім Гігін.

У сувязі з гэтым ён нагадаў прысутным пра той спосаб барацьбы з нелегальнымі мігрантамі, які ў жніўні 2021 года агучыла галоўны вяшчальнік Захаду на постсавецкай прасторы, "вядомы ліберал", аб'яўленая ў Расіі іншагентам, Юлія Латыніна. "Для гэтага трэба проста кожнага парушальніка-нелегала пасадзіць не ў турму - проста ў нейкае месца, абнесенае агароджай, даваць яму булку хлеба, два літры вады, і кожнага дабавачнага саджаць туды ж. Калі колькасць затрыманых перасягне 10 чалавек на квадратны метр, а колькасць ежы ў выглядзе хлеба і вады застанецца ранейшай, то ўсе, хто не можа ўспомніць, адкуль яны прыехалі і як іх завуць, самі неадкладна выкажуць жаданне вярнуцца на радзіму. А новыя таямнічым чынам перастануць паступаць", - гаварыла яна.

Вадзім Гігін заўважыў, што некаторыя краіны гэту "праграму" ўзялі на ўзбраенне і выконваюць.

"Асабліва Польшча і Літва ўводзяць фактычна інфармацыйную цэнзуру і абмяжоўваюць дзеянні грамадзянскай супольнасці па аказанні мігрантам дапамогі і данясенні праўды да сваіх грамадстваў", - сказаў ён. Яшчэ ў 2021 годзе, увёўшы надзвычайны рэжым на граніцы з Беларуссю, гэтыя краіны абмежавалі доступ туды рэпарцёраў, што было зафіксавана міжнароднымі арганізацыямі. Падобны рэжым захоўваецца там да гэтага часу.

Адным з самых скандальных выпадкаў негатыўнага рэагавання гэтых дзяржаў на абнародаванне такой інфармацыі ў шырокім міжнародным кантэксце стаў выхад у 2023 годзе фільма вядомага польскага рэжысёра Агнешкі Холанд "Зялёная граніца". "Я не скажу, што мне як беларусу падабаецца ўсё, што яна там паказвала. Яна ўзнімала праблему нелегальнай міграцыі і рэагавання польскіх улад, паказваючы факты жорсткасці, праявы нацыяналізму", - адзначыў Вадзім Гігін. Гэты фільм быў шырока прызнаны, паказваўся на Венецыянскім міжнародным фестывалі і атрымаў спецыяльны прыз журы. Але Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў гэты фільм антыпольскім, а Збігнеў Зёбра, які быў тады міністрам юстыцыі, параўнаў Агнешку Холанд з Гебельсам - міністрам прапаганды Трэцяга рэйха. У выніку падобных дзеянняў улад, на жаль, нарастае фашызацыя суседніх з Беларуссю дзяржаў, перакананы Вадзім Гігін.

Напрыклад, у верасні гэтага года былі зафіксаваны выпадкі з'яўлення так званых грамадзянскіх патрулёў у многіх гарадах Польшчы, якія займаліся пошукам гасцініц, хостэлаў, прадпрыемстваў, дзе жывуць і працуюць як легальныя, так і нелегальныя мігранты, і збівалі гэтых людзей і іх наймальнікаў. "У дзеяннях на граніцы з нашай краінай мы назіраем, што такая ідэалогія шырока распаўсюджана ў сілавых структурах Літвы і Польшчы", - звярнуў увагу эксперт.

Разам з тым, ён падкрэсліў наяўнасць у гэтых краінах і запатрабавання з боку грамадства, грамадскіх арганізацый на атрыманне праўдзівай інфармацыі аб тым, што адбываецца. Яшчэ ў 2021 годзе была выдадзена кніга "Злачынствы Польшчы і Літвы супраць бежанцаў", дзе сабраны сведчанні беларускіх журналістаў, якія працавалі на граніцы ў час крызісу з бежанцамі. З таго часу, паводле слоў эксперта, сабралася фактаў яшчэ на некалькі такіх кніг. І да гэтай інфармацыі выказваюць вялікую цікавасць за мяжой. "У гэтым кантэксце я адзначыў бы станоўчы вопыт работы Белтэлерадыёкампаніі, Выдавецкага дома "Беларусь сёння", БЕЛТА з польскім грамадствам. Бачым рэакцыю слухачоў, гледачоў, чытачоў, якія падзяляюць інфармацыю, што мы цяпер даносім адносна злачынстваў, учыняемых супраць бежанцаў на польскай і літоўскай граніцах", - сказаў Вадзім Гігін. Ён паведаміў аб планах перавыдаць кнігу з новымі фактамі, перавесці яе на замежныя мовы.

"Пазіцыя Беларусі і тыя факты, якія агучаны ў тым ліку на канферэнцыі ў Мінску, знаходзяць падтрымку, увагу з боку грамадстваў еўрапейскіх краін. На жаль, урады перашкаджаюць данясенню гэтай інфармацыі, але гэта не азначае, што мы не павінны прыкладаць намаганняў па інфармаванні нашых еўрапейскіх суседзяў аб тым, што адбываецца, - адзначыў эксперт. - Думаю, магчымасці грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі для ўдзелу ў вырашэнні гэтай праблемы (нелегальнай міграцыі. - Заўвага БЕЛТА) яшчэ не вычарпаны і мы гатовы гэтыя намаганні нарошчваць".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі