Вадзім Гігін
6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны гістарычны музей, пытанні архітэктурнага рашэння і канцэпцыі экспазіцыі якога разглядаліся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі, стане самым лепшым гістарычным музеем на постсавецкай прасторы. Такі пункт гледжання выказаў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін па выніках нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, - гэта канцэпцыя музея, гэта гістарычная канцэпцыя, у нас у краіне праводзіцца мэтанакіраваная сістэмная гістарычная палітыка. Гэта чарговы вельмі важны этап, які падагульняе тыя дасягненні, якія былі зроблены за апошні час", - адзначыў Вадзім Гігін.
Ён таксама падкрэсліў: "Вядома ж, важнае архітэктурнае рашэнне гэтага праекта, паколькі ў нас фарміруецца цэлы квартал беларускай дзяржаўнасці - гэта і Палац Незалежнасці, і будынак Вярхоўнага Суда. І сюды ўпісваецца гістарычны музей".
"Такім чынам, мы ствараем вельмі важны матэрыяльны аб'ект ідэалагічнай работы. Ідэалагічная работа - гэта не толькі словы, не толькі нейкая палітыка навін, гэта ў тым ліку і артэфакты, тое, як мы ўздзейнічаем праз гэту гістарычную інфармацыю і на беларусаў, маладое пакаленне, і на нашых гасцей, - сказаў Вадзім Гігін. - Мы такім чынам сведчым - мы, беларусы, мы тут жывём, мы абапіраемся на шматвяковы вопыт нашай дзяржаўнасці. І сапраўды, як мы бачым, гэта будзе вельмі яркі аб'ект.
Ён звярнуў увагу на папярэдне праведзеную вялікую работу: "Мы прыйшлі да Прэзідэнта не з нейкай дыскусіяй, а з вырашанымі пытаннямі".
Вадзім Гігін таксама падзяліўся, што на папярэднім этапе былі гарачыя спрэчкі. "Ёсць такое слова - энтузіязм, натхненне, сапраўды, мы так працуем", - заўважыў ён.
Дэпутат асабліва адзначыў важнасць таго, што тэма стварэння такога музея запатрабавана ў людзей.
Расказваючы аб выніках нарады ў Прэзідэнта, дэпутат сказаў, што ключавых змяненняў у прапанаваным варыянце няма. "На нарадзе быў сапраўды зацікаўлены абмен думкамі, рабочая размова на тэму беларускай гісторыі і трансляцыі беларускай гісторыі нашаму грамадству, прадстаўнікам іншых краін", - падкрэсліў Вадзім Гігін.
Ён звярнуў увагу, што важна абагульніць і сучасныя дасягненні Беларусі.
Паводле слоў Вадзіма Гігіна, плануецца адлюстраваць і савецкі перыяд: "У нас будзе зала, прысвечаная савецкаму працаўніку, каб паказаць, якія здзяйсненні былі, які магутны фундамент быў закладзены пад беларускую дзяржаўнасць".-0-