Сцяг Панядзелак, 12 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 мая 2025, 16:33

"Гэтыя фатаграфіі яшчэ ніхто не бачыў". Акуловіч пра новую фотавыставу БЕЛТА "Перамога ў памяці жыве" 

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памяць пра вайну - гэта тое, чаму Беларусь ніколі не здраджвае. Аб гэтым заявіла генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч у час адкрыцця новай фотавыставы Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Перамога ў памяці жыве", якая пачала сваю работу каля сталічнага Палаца спорту на сямейным фестывалі "Наша Перамога".

"Учора на парадзе ў Мінску сабраліся 180 тыс. чалавек. Мы з вамі назіралі грандыёзнае відовішча. І гэта выстава якраз прысвечана гісторыі парадаў у горадзе Мінску", - адзначыла Ірына Акуловіч.

Над праектам працавалі некалькі месяцаў. "Гэта была вельмі карпатлівая работа. Трэба было сабраць у адзінае цэлае факты, і абавязкова - правераныя. Таму што мы - Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Мы працавалі ў сваіх фотаархівах, у Дзяржынскім архіве кінафотафонадакументаў, запытвалі матэрыялы ў калег з ТАСС, падымалі старыя газеты. Паколькі месцы святкавання мяняліся, кожны год з'яўлялася нешта новае. Выстава створана пры падтрымцы "Белдзяржхарчпрама", за што ім вялікая ўдзячнасць", - сказала генеральны дырэктар агенцтва.
Асаблівая ўвага ў выставе ўдзелена падзеям 1995 года. "Менавіта тады ўпершыню на парадзе ў Мінску ўдзельнічала рота ганаровай варты. Яе стварылі ў лютым, а ўжо ў маі яна ішла па плошчы. Тады ж упершыню з'явілася авіяцыя і былі вынесены штандары ўсіх чатырох франтоў. Гэтыя факты таксама адлюстраваны на стэндах", - адзначыла Ірына Акуловіч.

Яна падкрэсліла, што на выставе сабраны ўнікальныя фатаграфіі, якія яшчэ ніхто не бачыў. "Напэўна, трэба вярнуцца да 1945 года. Раніцай 9 мая ў небе над Мінскам пралятае самалёт з Масквы - ён скідвае 9 тыс. лістовак. Іх падхопліваюць жыхары, расклейваюць на дамах, якія засталіся, а недзе - проста на фундаментах, паколькі горад быў разбураны. У 8.30 гучыць паведамленне аб капітуляцыі Германіі. Людзі выходзяць да Дома ўрада - гэта першая кропка святкавання Перамогі", - расказала Ірына Акуловіч.
Тады ў Мінску заставалася каля 70 тыс. чалавек. "Напэўна, усе выйшлі, хто мог. Адноўленыя пасля вызвалення кінатэатры, тэатры - усё працавала бясплатна. Ішлі фільмы, спектаклі, дзяўчаты танцавалі адна з адной - мужчыны тады яшчэ не вярнуліся з фронту", - сказала гендырэктар БЕЛТА.

Яна нагадала, што толькі ў 1965 годзе 9 мая зноў стала афіцыйнай святочнай датай. "На карту святкавання дабаўляецца стадыён "Дынама". Менавіта там Машэраў 8 мая 1965 года аб'яўляе, што Брэсцкай крэпасці прысвоена званне крэпасці-героя", - адзначыла Ірына Акуловіч.

Асаблівае значэнне ў гісторыі займае і месца, дзе адкрыта выстава. "У 1975 годзе ўпершыню ўрачысты сход у гонар Дня Перамогі праходзіў у Палацы спорту. Пазней будуць парады, дзе 17 аркестраў ідуць насустрач адзін аднаму. Будзе парад і ў 2000 годзе, тады Мінск быў адзіным горадам у СНД, дзе прайшоў ваенны парад. Адзіны!" - звярнула ўвагу гендырэктар.

Паводле слоў Ірыны Акуловіч, сэнс выставы - паказаць, што мяняліся пляцоўкі, фарматы, але нязменным заставалася галоўнае: Беларусь заўсёды захоўвала і будзе захоўваць памяць. "Былі і такія гады, як, напрыклад, 2010-ы. Сёння гэта гучыць як ніколі актуальна - тады ў парадзе ў Мінску ўдзельнічалі разам расійскія і ўкраінскія войскі. Пасля ўчарашніх заяў Зяленскага гэтыя факты гучаць па-асабліваму", - падкрэсліла яна.

Ірына Акуловіч таксама звярнула ўвагу на парад 2020 года. "Прэзідэнт тады сказаў: "Гэта свята для нас свяшчэннае. Думка змяніць традыцыі для нас недапушчальная". Колькі потым было размоў - навошта, чаму… Але ж гэта важна - памяць. Як гаворыць наш Прэзідэнт, і, напэўна, як гаворыць ужо кожны з нас: Мінск ніколі гэтай памяці не здраджвае", - рэзюмавала яна.-0-

Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі