Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 красавіка 2024, 10:50

"Гэты матацыкл купіў перад Вялікаднем і назваў велікодным". Як свяшчэннік стаў байкерам

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павел Чарняк рос у сям'і свяшчэнніка і ведаў, якія складанасці чакаюць кожнага, хто збіраецца прысвяціць сябе царкве. Яго бацька ў свой час дзеля гэтага ахвяраваў бліскучай кар'ерай. Ад сям'і тады адвярнуліся нават сваякі: у СССР змагаліся з так званымі рэлігійнымі забабонамі. Але бацька клірыка маладзечанскага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэя Паўла Чарняка ўпарта ішоў да мэты і ні на адну мінуту не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Гэтак жа, як і яго сын, які сцвярджае: місія прывесці чалавека да веры і павярнуць яго душу да Бога варта любых выпрабаванняў.

У Паўла Мікалаевіча з дзяцінства была асабліва трывалая сувязь з бацькам - таксама свяшчэннікам. Нават у яго першы прыход - у Крычаў - паехалі ўдвух. Маці Паўла засталася дома ў Смаргоні - заканчваць справы. "Я быў заўсёды побач - на адправах, службе, хрышчэнні і пахаваннях. Ужо ў тым дзіцячым узросце цікавасць да ўсяго, што адбываецца, была шчырая. Для мяне свяшчэннікі заўсёды былі людзьмі асаблівымі - шчаслівымі і радаснымі, таму што яны маюць непасрэдныя зносіны з Богам праз таінствы. Цяпер і ў сваіх дзяцей бачу бляск у вачах, калі размова заходзіць пра богаслужэнне і веру", - расказвае наш герой.

На жаль, бацька не дажыў да таго дня, калі сына пасвяцілі ў свяшчэннікі. Мікалая Чарняка збіў матацыкл. "Адпявалі ў храме, дзе цяпер служу я", - заўважае айцец Павел.

Першы яго прыход - храм у вёсцы Вішнявец Стаўбцоўскага раёна. Там ён адслужыў сем гадоў, а потым прыехаў у ціхі, спакойны валожынскі прыход у вёсцы Славенск. Там - раскоша. Прыгажосць разліта ўсюды. Побач Бярэзіна. Белая цэркаўка ў какошніках. І літаральна тры хаты паблізу. А да бліжэйшай вёскі - пяць кіламетраў. Прыхаджан мала.

Праз два гады ўжо свяшчэнніка накіравалі ў вёску Палачаны, што недалёка ад Маладзечна, у храм Раства Прасвятой Багародзіцы. Там ужо было дзе прыкласці сваю энергію. Праўда, айцец Павел адзначае, што па гарачнасці, уласцівай маладосці, вельмі шмат патрабаваў ад прыхаджан. Толькі з вопытам зразумеў: трэба, набраўшыся цярплівасці, з пакорай і стараннасцю тлумачыць людзям важныя і простыя ісціны. Паколькі некаторыя ходзяць у храм усё сваё жыццё, а галоўнага так і ведаюць.

Любоў да матацыклаў у айца Паўла з дзяцінства. Даўным-даўно ён кідаў захопленыя погляды на бацькаў мапед "Рыга", на якім той часта ездзіў на дачу. Паколькі бак размяшчаўся ў яго ззаду, на раме бацька ўстанавіў дзіцячае сядзенне. Колькі радасці было ў дзіцяці, калі яго саджалі ў мотакрэсла практычна каля самага руля. Павел мог нават да яго дакрануцца. Напэўна, тады і абудзіўся яго інтарэс да байкаў.

Гісторыя з матацыкламі прадоўжылася ў пачатку 1990-х. Савецкі Саюз ужо дыхаў на ладан. Маці-бухгалтар баялася, што сабраныя грошы прападуць, і купіла на іх два матацыклы "Мінск". Яе сын з таго часу страціў спакой. Доўга ўгаворваў бацькоў, каб дазволілі карыстацца адным з іх. І аднойчы ўгаварыў. Аднак паездзіў нядоўга: калі Павел паехаў на вучобу ў семінарыю, маці, каб жалеза не ржавела, яго прадала.

Сёння ў гаражы ў бацюшкі прадстаўлена некалькі ўзораў савецкага аўтапрама, а перад Вялікаднем 10 гадоў таму айцец Павел аформіў у растэрміноўку матацыкл, аб якім даўно марыў: цёмна-вішнёвую "Хонду". Яго цяпер так і называе - велікодны. "Японец" - сур'ёзная тэхніка, на якой можна падарожнічаць па краіне і за яе межамі. Цяпер для мужа і жонкі далёкія паездкі не рэдкасць. Пабывалі нядаўна на радзіме Гагарына, у Гжацку, адкуль родам матушка Наталля. Мараць у бліжэйшым будучым удваіх па Залатым кальцы" праехаць. "Для мяне матацыкл - гэта адначасова сродак перамяшчэння і хобі. Калі еду адзін далёка, душа раскрываецца, спяваю рэлігійныя песні. Малюся ў час руху. Напэўна, гэта своеасаблівы выхад энергіі, накіраванай да Бога", - рэзюмуе субяседнік.

Павел Чарняк - чарговы герой нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы гаворым з ім аб тым, як любоў да людзей набліжае да Бога, чаму айцец Павел прынцыпова не праводзіць для старшакласнікаў урокі ў нядзельнай школе і з якім матацыклам свяшчэннік не гатовы расстацца, хоць той і стаіць у гаражы толькі для прыгажосці.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі