Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2023, 13:36

"Гэта ўчынак патрыётаў, верных абавязку людзей". Хрэнін уручыў узнагароды ваенным медыкам за работу ў Сірыі

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ваенныя медыкі, якія адправіліся на дапамогу пацярпеламу сірыйскаму народу ад землетрасення, здзейснілі ўчынак сапраўдных патрыётаў, верных воінскаму абавязку людзей. Аб гэтым заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін у час ушаноўвання і ўручэння ўзнагарод у Доме афіцэраў беларускім ваенным медыкам, якія вярнуліся з Сірыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мяне прыемная місія - ушаноўваць людзей самай гуманнай прафесіі, прадстаўнікі якой працуюць і выконваюць свае задачы і ў мірны час. Вы захоўваеце самае дарагое, што ёсць у нас, - здароўе і жыццё. Мне вельмі прыемна, што менавіта ваенныя медыкі выконвалі місію ў Сірыі, аказваючы дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю. Калі прымалася гэта рашэнне, у мяне не было ніякіх сумненняў, што нашы медыкі адгукнуцца і паедуць у гэту камандзіроўку", - сказаў Віктар Хрэнін.

Міністр абароны ўпэўнены, што гэта ўчынак сапраўдных патрыётаў Беларусі, людзей, верных воінскаму абавязку. "Я ведаю, што камандзіроўка была няпростая. Заслухоўваючы даклады пра абстаноўку, наш Галоўнакамандуючы заўсёды цікавіўся, як выконваецца задача ў Сірыі. Уся краіна глядзела невялікія рэпартажы, якія мы адпраўлялі з Сірыі, каб паказаць, у якіх умовах вы працуеце. У вас была ўнікальная магчымасць на свае вочы пераканацца, у што можа ператварыцца краіна, якая зведвае ўздзеянне агрэсіўнай, радыкальнай палітыкі Злучаных Штатаў. Горад Алепа развіваўся вельмі актыўна, але вы змаглі ўбачыць, у што ён ператварыўся ў выніку грамадзянскай вайны. Я думаю, што вы раскажаце сваім родным і блізкім, да чаго нас штурхалі ў 2020 годзе і, на жаль, прадаўжаюць гэта рабіць цяпер", - адзначыў міністр абароны. Паводле слоў Віктара Хрэніна, нашы медыкі аказвалі дапамогу пацыентам ва ўзросце ад аднаго года да 90 гадоў.

Беларускі медыцынскі атрад спецыяльнага прызначэння адправіўся ў Сірыю 8 лютага для дапамогі пацярпелым ад разбуральных землетрасенняў. Адразу пасля прыбыцця быў разгорнуты ваенна-палявы шпіталь у Алепа, які ў сярэднім прымаў 200 чалавек за суткі. У шпіталі працавалі спецыялісты самага шырокага профілю - грамадзяне Сірыі маглі атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў хірургаў, тэрапеўтаў, анестэзіёлагаў, неўролагаў, інфекцыяністаў і акулістаў.

Сірыйцы звярталіся да беларускіх ваенных медыкаў з рознымі паталогіямі: не дыягнаставанымі пераломамі, наступствамі застарэлых траўмаў, мінна-ўзрыўнымі траўмамі, кулявымі і асколачнымі раненнямі. Нашы спецыялісты ў поўным аб'ёме аказвалі дапамогу ўсім пацыентам, якія звярталіся за ёй. Падводзячы вынікі місіі беларускіх медыкаў у Сірыі, у Міністэрстве абароны паведамілі, што кваліфікаваную медыцынскую дапамогу атрымалі больш за 3 тыс. сірыйцаў, сярод якіх былі і дзеці. Акрамя таго, у лабараторыі ваенна-палявога шпіталя праведзена больш за 800 даследаванняў.

Нашы ўрачы больш за месяц аказвалі медыцынскую дапамогу сірыйскаму народу. 17 сакавіка яны вярнуліся ў Беларусь. У праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА ўспамінамі аб рабоце ў Алепа падзяліўся падпалкоўнік медыцынскай службы, старшы ардынатар - урач-неўролаг шпітальнага аддзялення МА (СН) ДУ "432 Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл" Павел Зарэцкі: "Раён, які мы наведалі, больш за іншых пацярпеў не толькі ад землетрасення, але і ад ваенных дзеянняў. Мы ездзілі па горадзе, яго наваколлі і маглі ўсё ўбачыць сваімі вачамі. Было шмат разбураных дамоў, некаторых раёнаў проста няма. Раней у горадзе пражывалі пяць мільёнаў, цяпер - крыху больш за два. Некаторыя будынкі зусім няўстойлівыя з адным-двума пакоямі, абабітымі падручнымі матэрыяламі. Аддзелкі няма. Клімат зімой у іх даволі халодны, таму людзі там часта мерзлі. Многія людзі трымаюць бараноў, курэй. Усё гэта можна ўбачыць практычна ў цэнтры горада".

Поўны тэкст інтэрв'ю аб рабоце беларускіх медыкаў у сірыйскім Алепа выйдзе на сайце БЕЛТА ў бліжэйшы час.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі