
8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў пасольства Турцыі і пакінуў запіс у кнізе спачуванняў у сувязі са шматлікімі чалавечымі ахвярамі ў выніку серыі разбуральных землетрасенняў у Турцыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.
"Гэта трагедыя турэцкага народа нікога з нас не пакінула абыякавым. У гэтыя жалобныя дні ў Беларусі глыбока суперажываюць сем'ям і блізкім загінулых, з трывогай і надзеяй сочаць за кожным выпускам навін з закранутых гэтай бядой рэгіёнаў. Мы шчыра жадаем хутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым, а дружалюбнаму турэцкаму народу - вытрымкі і стойкасці ў гэтым цяжкім выпрабаванні. Упэўнены, што мужны турэцкі народ пераадолее наступствы гэтага разбуральнага стыхійнага бедства", - падкрэсліў у запісе міністр.
Адбылася таксама кароткая размова кіраўніка МЗС Беларусі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турцыі Мустафой Азджанам. "Кіраўнік турэцкай дыпмісіі выказаў удзячнасць беларускаму боку за шчыры водгук і садзейнічанне, якое аказваецца, уключаючы рашэнне кіраўніка дзяржавы аб накіраванні спецыялістаў МНС у Турцыю для правядзення пошукава-выратавальных работ і пераадолення наступстваў разбуральнай стыхіі", - праінфармавалі ў МЗС.-0-