Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 жніўня 2024, 11:06

"Гэта на караблі жанчына - на бяду, у камбайне наадварот". Сямейны экіпаж назваў плюсы работы разам

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарачая пара ў аграрыяў прадаўжаецца: у разгары - жніво. Таму цяпер галоўныя героі усіх стужак навін - людзі, якія ўбіраюць збожжа з палёў. Сярод іх Аляксандр і Алена Ляпешкі, якія ўжо другі год працуюць у час уборкі ў адным камбайне ў ААТ "Жарабковічы" Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Мы сустрэліся з сямейным экіпажам ва ўрочышчы Яцкаўшчына. Алена і Аляксандр да работы на зямлі прывыклі з дзяцінства. Галава сям'і - прафесіянал сваёй справы, скончыў Навамышскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер аграрны каледж), а яго жонка ўсяму вучылася ўжо ў полі. Яна каля 20 гадоў адпрацавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе, апошнія чатыры гады гатуе смачныя снеданні і абеды вучням мясцовай школы. Аб тым, каб стаць памочнікам камбайнера, раней нават і не думала. Але так склаліся абставіны. "Памочнік Аляксандра пайшоў на бальнічны, і муж прапанаваў мне яго замяніць, - успамінае Алена. - Я кажу: "Давай паспрабуем. Паглядзім, што атрымаецца". Паспрабавала - спадабалася".
Другі год у свой водпуск па асноўным месцы работы Алена працуе на ўборачнай разам з мужам. Іх дакладны заработак у час жніва называць не будзем - гэта канфідэнцыяльная інфармацыя, але пара Ляпешкаў адзначае: яго хапіла, каб згуляць два вяселлі - сына ажаніць і дачку замуж выдаць. І гэта заработная плата за няпоўны месяц. Пры вялікім жаданні ў гарачую пару можна зарабіць і на машыну. Няхай не на новенькую, не з салона, але ўсё ж.
Для Аляксандра цяперашняя ўборачная ўжо 16-я па ліку. Працаваў на розных машынах, цяпер папаўняе засекі краіны на КЗС-12. Гэта лепшая сельскагаспадарчая машына, запэўнівае ён: "Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць дзякуй, што зрабілі такі камбайн. Свой, айчынны, які не ўступае замежным аналагам. Галоўная яго каштоўнасць - прастата ў абслугоўванні".
У кабіне камбайна прасторна. Кандыцыянер стварае камфортную тэмпературу, што асабліва важна, калі на вуліцы слупок градусніка набліжаецца да адзнакі плюс 30. Аляксандр расказвае пра бартавы камп'ютар: пры запуску ён аўтаматычна правярае ўсе вузлы і агрэгаты машыны. Калі што няспраўна, падкажа. А які від з вышыні кабіны - усё поле перад табой як на далоні, здаецца, што плывеш па верхавінах каласоў.

Аляксандр запэўнівае: 70 працэнтаў поспеху камбайнера ў час уборачнай залежаць ад памочніка. У любой рабоце патрэбны дадатковыя рукі, але яшчэ важней - эмацыянальная падтрымка. "Кажуць, што жанчына на караблі - гэта на няшчасце, а ў нас наадварот. Галоўны плюс у сумеснай рабоце - душэўны спакой", - адзначае муж.
Распарадак дня ў час жніва ў сям'і Ляпешкаў такі: пад'ём у 06.00, паколькі да 7.30 трэба быць на мехдвары. "Выпісалі пуцёўкі - і ў поле, у залежнасці ад умоў надвор'я можам да 23.00 працаваць", - расказвае Алена. У рабочы час у камбайнераў перапынкі невялікія - некалькі хвілін, пакуль збожжа выгружаецца ў машыну, ды яшчэ на абед і падвячорак-вячэру. У ААТ "Жарабковічы" свая сталовая, дзе гатуюць ежу для занятых на ўборачнай. "Кормяць два разы на дзень, як у рэстаране: першае, другое, трэцяе. На першае звычайна суп - боршч, халаднік. На другое да гарніру - катлета, курыца, смажаная каўбаса. Разнастайнае харчаванне", запэўнівае Алена.

На полі ўрочышча Яцкаўшчына азімая пшаніца ўрадзіла. Прыгожая стаіць - роўнымі высокімі радамі. "Ураджай добры. Спадзяёмся дзве тысячы тон збожжа намалаціць", - удакладняе Аляксандр. Яго планы здзяйсняльныя. На камбайне КЗС-12 можна за дзень намалаціць ад 150 да 200 т. У экіпажа Ляпешкаў пакуль асабісты рэкорд - 180 т, гэта 24 бункеры збожжа за дзень. "Да мудрых слоў "хлеб - усяму галава" складана нешта дадаць. Хлеб быў і застанецца галоўным у жыцці чалавека, дзяржавы. Таму і прафесія камбайнера ў пашане", - лічыць Алена.
Аляксандр і Алена Ляпешкі - героі нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы даведаліся, як яны распісаліся ў загсе "па-камбайнерску", чаму прыезд журналістаў на поле - дрэнная прыкмета і сколькі гадзін у суткі даводзіцца працаваць у самую гарачую для аграрыяў пару.
Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі