Святлана Варабей
Навіны сюжэта
"Праект "Беларусы ў кадры" на YouTube-канале БЕЛТА"
У руках самабытнага мастака і дызайнера Святланы Варабей нават непрывабныя валёнкі ператвараюцца ў модную пару абутку: на халявах распускаюцца кветкі, а галіны і лісце завіваюцца ў дзіўныя ўзоры. Наша гераіня - яркая прадстаўніца беларускага арт-асяроддзя і аўтар унікальных праектаў "Пах колеру", "Багемскія валёнкі", "Зорка". Любы прадмет, за які яна ні ўзялася б, ператвараецца ў сапраўдны твор мастацтва. Распыталі ў майстра пра самыя незвычайныя палотны, на якіх даводзілася маляваць, і творчыя планы на будучыню.
газета "7 дней".-0-
"Дазволіла сабе быць свабодным мастаком"
Са Святланай Варабей сустракаемся ў майстэрні, застаўленай мальбертамі, столікамі з фарбамі ўсемагчымых адценняў і карцінамі, якія з першага погляду заварожваюць спалучэннем яркіх колераў. Стройная прыгожая бландзінка з выразнымі вачыма і шчырай усмешкай з ходу пачынае расказваць пра станаўленне сябе як мастака. Разам з гераіняй вяртаемся ў яе дзяцінства, дзе ўсё і пачалося.
- Любоў да прыгожага пачалася з прыроды. Кожнае лета праводзіла ў вёсцы ў бабулі з дзядулем. Памятаю неабсяжныя залатыя палі, сакавітыя зялёныя лугі і лясы, серабро рэк і азёр. Гэта разнастайнасць фарбаў у тым ліку паўплывала на фарміраванне майго эстэтычнага развіцця, - усміхаецца яна. - У дзяцінстве я перарабляла маміны ўборы, упрыгожвала старую мэблю, сама шыла адзенне для лялек. Гэта былі не толькі сукенкі, але і капялюшыкі, і калготкі. Сяброўкі не верылі, што я ўсё рабіла сваімі рукамі, гаварылі - купіла. А мне ж заўсёды хацелася ствараць складаныя рэчы. Прычым усё створанае было на ўзроўні інтуіцыі. Вучыцца таму ж жывапісу мне было няма дзе.
Пасля заканчэння школы Святлана зразумела, што хоча стаць мастаком. Паступіла ў сталічны ўніверсітэт, дзе вывучала жывапіс, малюнак, скульптуру. Праўда, атрымаўшы дыплом, вырашыла пайсці ў графічны дызайн, які на той час быў запатрабаваны. Эстэтыку развівала з дапамогай тэхналогій.
- Ад выпадку да выпадку ўсё ж вярталася да пэндзляў і палітры. Быў час, што захацелася стабільнасці: каб быў свой кубак, рабочае месца. Адкрыла рэкламную студыю і працавала ў офісе ад званка да званка. Але ў нейкі момант адбылося выгаранне, я адчула, што страціла сябе, - успамінае субяседніца. - Праўда, пасля нараджэння сына хутка сабралася і вырашыла ў корані змяніць жыццё. Дазволіла сабе быць свабодным мастаком.
"У бодзі-арце патрэбны вялікі вопыт работы пэндзля ў паветры"
З часам палатном для карцін у Святланы Варабей стала любая паверхня: пачынаючы ад тканіны, бетоннай сцяны і заканчваючы чалавечым целам. Дарэчы, беларуска - прызнаны майстар бодзі-арту, які ўражвае сваёй яркасцю і бязмежным размахам фантазіі мастака.
- У гэтым відзе мастацтва ў якасці палатна выступае жывая мадэль. Асаблівасць у тым, што ты не можаш кінуць незавершаную работу, зрабіць перапынак, каб, скажам, пайсці выпіць каву або прагуляцца. Важна, каб не толькі табе як мастаку было камфортна, але і мадэлі, - тлумачыць Святлана. - З боку, напэўна, здаецца, што бодзі-арт - гэта проста. Але на самай справе тут патрэбны вялікі вопыт работы пэндзля ў паветры. Калі пішаш карціну, можаш нават абапірацца на палатно, у бодзі-арце ўсё інакш.
Час стварэння карцін таксама розны. Адны работы Святлана пісала больш за паўгода, а другія - усяго пару гадзін. Напрыклад, на тое, каб размаляваць валёнкі, ідзе пару дзён. Усё залежыць ад складанасці малюнка.
- Тут асаблівы тэхналагічны працэс - важна, каб прасохлі слаі. Тое ж самае і з размалёўваннем адзення. Патрабуецца некалькі падыходаў, - тлумачыць мастачка. - Што датычыцца бодзі-арту, то вобраз можна падрыхтаваць за 1,5 - 4 гадзіны, але, бывае, трэба аддаць цэлы дзень. Усё залежыць ад задачы, якую ставіць перад сабой аўтар.
Майстар прызнаецца, што з якім бы матэрыялам яна ні працавала, заўсёды адчувае вялікую адказнасць. Напрыклад, размалёўваючы сцяну, яна думае аб тым, што гэты малюнак кожны дзень будзе бачыць мноства людзей. З адзеннем важна разумець, як выява стане глядзецца збоку, ззаду, пры павароце. Дарэчы, некалькі гадоў таму размаляваны пінжак Святланы Варабей выклікаў сапраўдны фурор у свеце моды. Следам за ім было паліто, якое адправілася за мяжу да заказчыцы.
- Часта пытаюцца, ці не планую я выпускаць сваю лінейку адзення. Пакуль гэта ў праекце, - усміхаецца мастачка і ўспамінае нядаўнюю калабарацыю пад назвай "Незямныя сукенкі". - Вясельны салон для паказу прапанаваў размаляваць уборы. У іх па подыуме красаваліся мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці. Атрымаўся самы сапраўдны перформанс. Адна з сукенак цяпер належыць вядомай спявачцы Вікторыі Алешка, якая выступала ў ёй на самых яркіх мерапрыемствах у нашай краіне.
Гучным аўтарскім праектам Святланы Варабей можна назваць "Багемскія валёнкі". Ідэя нарадзілася пасля знаёмства з творчасцю мастакоў Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагі Царфіна. Натхненне яна пачарпнула і ў час візіту на беларускую фабрыку валёнак, якая знаходзіцца ў Смілавічах. Літаральна адразу ж з'явілася жаданне размаляваць абутак з лямцу. Тым больш, што да таго часу вопыт работы з тэкстылем мастачка мела велізарны.
- Усё адбылося вельмі хутка: здаецца, толькі пабывала на фабрыцы, а вось ужо валёнкі гатовы, прэзентаваны дырэктару прадпрыемства. Яму мая работа вельмі спадабалася. У выніку зрабіла цэлую калекцыю, якая затым удзельнічала ў паказе. Было цікава ўкараніць валёнкі ў модны штодзённы вобраз, - адзначае Святлана і ўдакладняе, што прайшло ўжо некалькі гадоў, а праект "Багемскія валёнкі" да гэтага часу на слыху. - Гэта яркі прыклад таго, што трэба ісці за ўнутраным голасам. Не залежаць ад нейкіх канонаў і правіл, а намацаць свой шлях і быць верным яму. Не баяцца выказваць думку і эксперыментаваць.
"Гонячыся за чужымі марамі, апынешся ў тупіку"
Свае работы Святлана Варабей заўсёды стварае на эмацыянальным уздыме і ў добрым настроі. Кажа, што гэта адзначаюць і наведвальнікі яе выстаў. Галоўным крытыкам і ў той жа час знатаком сваёй творчасці мастачка лічыць сына. З годзіка ён разам з маці наведвае розныя выставы, семінары і канферэнцыі. Калі стаў старэйшы, часта дзяліўся з ёй уражаннямі ад убачаных карцін.
- Не дарэмна гавораць, што ўсе дзеці - геніі, - усміхаецца яна і ўспамінае нядаўні праект "Зорка" ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. - Калі мяне туды запрасілі з персанальнай выставай, я ўспомніла, што менавіта гэты музей наведала першым, пераехаўшы ў Мінск. Яшчэ студэнткай прыходзіла сюды, каб напісаць сачыненне пра гэтага паэта. А ў дзяцінстве часта спявала песню "Зорка Венера" на вершы Багдановіча.
Праект "Зорка", паводле слоў Святланы, адыграў значную ролю ў яе жыцці. У яго назву майстар заклала адразу нелькі важных значэнняў. Па-першае, гэта пуцяводная зорка, якая асвятляе шлях. Па-другое, прысвячэнне кампазіцыі, любімай ёю з дзяцінства.
- У планах - арганізаваць яшчэ некалькі выстаў. Адна з найбліжэйшых пройдзе ў сакавіку ў Нясвіжы. Яе назва "Домік у аблоках" таксама не выпадкова. Калі пераехала ў Мінск, то мой маршрут да ўніверсітэта праходзіў міма дома, які ўзвышаўся ледзь ці не да неба. Я любавалася ім і марыла, што аднойчы і сама буду жыць на ўзроўні аблокаў. У нейкім сэнсе так і атрымалася. У кожнага чалавека павінна быць месца, дзе ён хаваецца ад мітусні, марыць. Для мяне гэта майстэрня, у сценах якой нараджаюцца мае праекты, - усміхаецца яна. - Адзін з задуманых прадугледжвае адразу пяць лакацый і будзе прысвечаны тэме любові ў самых розных яе праявах: паміж мужчынам і жанчынай, бацькамі і дзецьмі, да сваёй справы.
Для стварэння нечага новага Святлане як любому творчаму чалавеку неабходна натхненне. Яна шукае яго ў простых рэчах: сілы ствараць ёй даюць паход у тэатр або нават у любімую кавярную.
- На ўласным прыкладзе пераканалася, што ў пачатку шляху важна слухаць толькі сябе. Як паказвае жыццё, у самыя цяжкія хвіліны ты застаешся сам-насам. Прыняць адзіна правільнае рашэнне - вялікая адказнасць, дык навошта давяраць гэта каму-небудзь іншаму? - упэўнена Святлана Варабей. - Мне часта сустракаліся людзі, якія гаварылі: "не лунай у аблоках", "што ты бегаеш з гэтым фотаапаратам", "фарбы - гэта несур'ёзна"... Аднак я добра засвоіла простую ісціну: ідучы чужым шляхам, гонячыся за чужымі марамі, ты рана ці позна апынешся ў тупіку.
Марына ВАЛАХ,
фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ,газета "7 дней".-0-
Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
