ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 ліпеня 2021, 13:55

Герою Савецкага Саюза Мічурыну на яго 105-годдзе ўручылі віншаванне і падарункі ад Прэзідэнта

Фота  "Ваяр"
Фота "Ваяр"

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Герою Савецкага Саюза Васілю Мічурыну сёння споўнілася 105 гадоў. Віншавальнае пасланне і падарункі ад Прэзідэнта Беларусі з нагоды выдатнага юбілею ветэрану ўручыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Віктар Гулевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Шматлікія віншаванні Васіль Сяргеевіч прымае сёння ў асноўным дыстанцыйна. Пасля паспяхова перанесенай аперацыі ветэран знаходзіцца ў доме-інтэрнаце "Камфортнае жыццё", дзе яму забяспечаны пастаянны прафесійны догляд.

Улічваючы ўзрост, стан здароўя і эпідэмічную абстаноўку, маштабнага святкавання юбіляр не арганізоўваў і гасцей не склікаў. Але быў рады і расчулены, атрымаўшы ў свой дзень нараджэння асабіста ад начальніка Генштаба віншавальнае пасланне кіраўніка дзяржавы, кветкі і падарункі.

"Вы маяк для ўсіх ваеннаслужачых, для ўсіх грамадзян нашай краіны, сімвал мэтанакіраванасці да абароны краіны, патрыятызму", - падкрэсліў Віктар Гулевіч, віншуючы Героя.

"Я жыву. І жыць хочацца", - з усмешкай сказаў гасцям Васіль Сяргеевіч.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі ў размове з журналістамі расказаў, што для ваеннаслужачых, ды і для ўсёй краіны, Васіль Мічурын - асоба без перабольшання легендарная: званне Героя Савецкага Саюза ён атрымаў у 24 гады ў Савецка-фінляндскай вайне, прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. "Цяжка знайсці іншага такога легендарнага чалавека (у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА)", - лічыць Леанід Касінскі. У пасляваенны час Васіль Мічурын разам з іншымі аднаўляў разбураную Беларусь, працаваў, гадаваў дзяцей, унукаў. "Мы часта сустракаемся з Васілём Сяргеевічам, і яшчэ літаральна два гады таму ён кожны вечар рабіў 30-40-мінутныя пешыя прагулкі", - адзначыў прадстаўнік Мінабароны.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч таксама была сярод тых, хто сёння прыехаў павіншаваць легендарнага ветэрана. У размове з журналістамі яна звярнула ўвагу, што лічыць Васіля Мічурына двойчы Героем - за заслугі ў ваенны і ў мірны час. "Гэты чалавек прайшоў дзве вайны, для нас ён узор мужнасці і гераізму, - сказала яна. - Ён усё сваё жыццё аднаўляў краіну пасля вайны, ён цудоўны бацька, дзядуля і прадзядуля, і ён наш доўгажыхар".

"Ён любіць жыццё, любіць краіну і людзей, якія ў гэтай краіне. Яго пазітыў, настрой і гумар пацвярджаюць, што кожнаму з нас сапраўды трэба арыентавацца на такога пазітыўнага па жыцці чалавека", - дадала Ірына Касцевіч.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі на ўсіх узроўнях цэняць і шануюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. "На жаль, іх з кожным годам усё менш, самым старэйшым - ужо за сто гадоў, самым маладым - за 90. З боку дзяржавы ім аказваецца адпаведная значная падтрымка: бясплатнае лекавае забеспячэнне, санаторна-курортнае аздараўленне, пражыванне ў дамах-інтэрнатах, - сказала міністр. - Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў краіне, накіраваны на тое, каб аддаць даніну павагі тым людзям, якія забяспечылі нам гэта шчаслівае жыццё. І прыняты некалькі дзён таму ўказ кіраўніка дзяржавы аб тым, што цяпер аднаразовая матэрыяльная дапамога будзе выплачвацца штогод ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, - гэта яшчэ адно пацвярджэнне, наколькі мы ўдзячны гэтым людзям за наша жыццё".

Як расказалі ў Міністэрстве абароны, Васіль Мічурын удзельнічаў у Савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнах з першага да апошняга іх дня.

Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены за подзвіг у баі на Карэльскім перашыйку ў пачатку лютага 1940 года. Тады яму было 24 гады. У жніўні 1940-га ён стаў курсантам Мінскага ваенна-палітычнага вучылішча. Вялікая Айчынная вайна застала яго пад беларускай сталіцай. Франтавымі дарогамі, змагаючыся з ворагам, ён дайшоў да Чэхаславакіі. Удзельнічаў у абароне Мінска, Магілёва, браў Кенігсберг і Берлін. Дарагой цаной даліся яму баявыя ўзнагароды - два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэны Айчыннай вайны I і II ступені, медаль "За баявыя заслугі" пры вызваленні Гомеля і Слуцка, Баранавіч і Брэста. За вызваленне Варшавы і баі ва Усходняй Прусіі ён атрымаў другі ордэн Айчыннай вайны II ступені.

Сёння ў Беларусі засталіся два Героі Савецкага Саюза - Васіль Сяргеевіч Мічурын і Іван Ільіч Кустаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі