ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 верасня 2021, 12:50

Генпракуратура: узровень падлеткавай злачыннасці стабільна зніжаецца

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўзровень падлеткавай злачыннасці стабільна зніжаецца, паведаміла сёння журналістам начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пытанні прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх пастаянна знаходзяцца ў полі зроку Генеральнай пракуратуры. У дзяржаве створана і функцыянуе шматузроўневая сістэма прафілактыкі гэтай з'явы. За словамі "безнагляднасць" і "правапарушэнні" стаяць лёсы тысяч дзяцей, іх дабрабыт і будучыня. На працягу многіх гадоў асноўныя паказчыкі, якія характарызуюць сітуацыю ў гэтай галіне, паляпшаюцца. Але ёсць і праблемныя пытанні і недахопы. Хацелася б адзначыць, што стабільна зніжаецца ўзровень падлеткавай злачыннасці. Напрыклад, у 2020 годзе ён знізіўся на 20 працэнтаў, за 8 месяцаў бягучага года - амаль на 15 працэнтаў", - расказала Вікторыя Фіневіч.

Паводле яе слоў, змяншаецца колькасць дзяцей, якія пацярпелі ў выніку злачынных замахаў. "У 2020 годзе - на 5 працэнтаў, за 8 месяцаў бягучага года - амаль на 9 працэнтаў. Дадатныя вынікі ў рэспубліцы дасягнуты па папярэджанні гібелі дзяцей ад знешніх прычын. За апошнія 10 гадоў колькасць такіх выпадкаў скарацілася больш як у два разы. Аднак варта адзначыць, што ў 2021 годзе ў 2 разы павялічылася колькасць выпадкаў гібелі дзяцей на вадзе і пры падзенні з вокнаў. Такія факты з'яўляюцца, як правіла, вынікам бескантрольнасці і нядбайнасці бацькоў. Таму ў сувязі з гэтым звяртаю ўвагу бацькоў: не пакідайце дзяцей без нагляду і кантролю", - адзначыла начальнік аддзела.

Як дадаў начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Янкоўскі, нягледзячы на агульнае зніжэнне колькасці злачынстваў непаўналетніх, па асобных іх відах адзначаецца рост. "Так, напрыклад, махлярства. Пры гэтым ахвярамі становяцца як равеснікі злачынцаў, так і дарослыя. У асноўным гэта гандаль непаўналетнімі на розных інтэрнэт-пляцоўках, псеўдапродаж кніг, прыставак, тэлефонаў. Узрасла колькасць рабаванняў. Як правіла, непаўналетнія адзін у аднаго крадуць электронныя цыгарэты, калі адзін спрабуе прадаць іншаму, другі непаўналетні, не збіраючыся купляць, проста забірае і ўцякае", - падкрэсліў ён.

Павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў. Асноўным рэсурсам для іх распаўсюджвання прадаўжае заставацца інтэрнэт. "Вырасла колькасць выкраданняў транспартных сродкаў. Крадзяжы па-ранейшаму застаюцца самым распаўсюджаным злачынствам, што ўчыняецца непаўналетнімі. Іх доля складае з агульнага масіву 42 працэнты. Па-ранейшаму асноўная частка злачынстваў непаўналетнімі ўчыняецца ў начны час. Зыходзячы з аналізу дынамікі і стану падлеткавай злачыннасці, нейкіх асаблівых дзён тыдня не прасочваецца. Але тым не менш, напрыклад, за 8 месяцаў у нядзелю ўчынялася больш злачынстваў, у чацвер - найменшая колькасць", - удакладніў начальнік аддзела.

Вялікая ўвага праваахоўнікамі ўдзяляецца пытанням прафілактыкі. Разам з тым да гэтай работы павінны больш актыўна падключацца і бацькі, навучаючы дзяцей элементарным правілам паводзін у быце, на вуліцы, у пад'ездзе. "Хацелася б звярнуць увагу, што Міністэрства ўнутраных спраў цяпер ініцыюе ўнясенне змяненняў у закон "Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці непаўналетніх". Мы спадзяёмся, што нас падтрымаюць і, магчыма, нават мы яго паспрабуем выкласці ў новай рэдакцыі, прадугледзеўшы новыя падыходы, метады ў гэтай дзейнасці", - сказаў на заканчэнне Сяргей Янкоўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі