Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 красавіка 2021, 11:13

Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады ВАВ

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, заявіў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Агульнавядома, што Беларусь у мінулым годзе сутыкнулася са спробай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. У адносінах да нашай дзяржавы да гэтага часу праводзіцца агрэсіўная палітыка, якая характарызуецца спробамі дэстабілізацыі правапарадку з прымяненнем метадаў радыкалізму і розных форм экстрэмізму. У ходзе расследавання шэрага крымінальных спраў устаноўлена, што арганізацыя і фінансаванне названых замахаў на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ажыццяўляецца некаторымі заходнееўрапейскімі дзяржавамі, якія маюць дачыненне ў тым ліку да масавага знішчэння беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час. Прытым гэтымі ж дзяржавамі разгорнута інфармацыйная вайна, накіраваная і на скажэнне гістарычных падзей, - сказаў Андрэй Швед. - У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, устаранення белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі мною ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі".

Паводле яго слоў, у аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў беларусаў і іншых асоб у выніку зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых. "Акрамя таго, грамадскасць недастаткова ведае аб шэрагу фактаў генацыду, учыненых нацыяналістычнымі бандфарміраваннямі памагатых фашыстаў. Гэта ў сваю чаргу стварае глебу для іх гераізацыі і спроб разбурыць каштоўнасці, на якіх будуецца беларуская дзяржаўнасць. Беспакаранасць параджае новыя злачынствы. Узбуджэнне крымінальнай справы па фактах злачынстваў у адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі - важны этап у процідзеянні рэабілітацыі нацызму. Пры гэтым Канвенцыя ААН па папярэджанні злачынстваў генацыду і пакаранняў за яго ўстанавіла, што асобы, абвінавачаныя ва ўчыненні генацыду, павінны быць судзімыя кампетэнтным судом дзяржавы, на тэрыторыі якой было ўчынена гэта дзеянне. Генацыд - не мае тэрміну даўнасці", - адзначыў генпракурор.

Пачаты Генпракуратурай крымінальны працэс па расследаванні фактаў генацыду дазволіць устанавіць канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы адгон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства. "Вінаватыя ў генацыдзе, якія цяпер жывуць, павінны панесці заслужанае пакаранне. Імёны і памерлых ваенных злачынцаў павінны быць раскрыты. У рамках крымінальнай справы пракуратура рэалізуе паўнамоцтвы, прадугледжаныя пагадненнямі аб аказанні міжнародна-прававой дапамогі, у тым ліку па вышуку, допыце і магчымай выдачы абвінавачаных", - падкрэсліў Андрэй Швед.

У следчай групы наперадзе вялікая работа з архіўнымі дакументамі, тысячамі крымінальных спраў у адносінах да нацысцкіх злачынцаў. Будзе праведзена шмат экспертных даследаванняў, звязаных з выяўленнем масавых пахаванняў, прадоўжаны мерапрыемствы па ўстаноўленнні жывых сведак генацыду, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, увекавечанні памяці загінулых.

"Ужо сёння ў Генеральную пракуратуру паступаюць звароты грамадзян, чые родныя сталі ахвярамі нацыстаў і іх памагатых з просьбай расследаваць факты забойстваў і зверскага стаўлення да беларусаў. У сувязі з гэтым я звяртаюся да ўсіх грамадзян Беларусі і іншых краін з просьбай накіроўваць нам звесткі, матэрыялы, заявы аб фактах генацыду іх родных і блізкіх у названы перыяд часу. Гэта неабходна ў мэтах устанаўлення аб'ектыўнай ісціны па справе аб роўным прызнанні нашчадкаў загінулых пацярпелымі для рэалізацыі іх правоў і законных гарантый. Таксама інфармуем, што падчас расследавання плануецца правядзенне пошукавых мерапрыемстваў, у тым ліку раскопак у месцах масавага знішчэння насельніцтва. Уяўляецца неабходным прыцягнуць да супрацоўніцтва са следчай групай розныя ведамствы і грамадскія арганізацыі, а таксама патрыятычны маладзёжны і валанцёрскі рух", - дадаў генпракурор.

Звесткі з крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду, спыніць спробы абясцэніць гістарычныя факты. Вынікі расследавання будуць пакладзены ў аснову ідэалагічнай вучэбна-выхаваўчай і інфармацыйнай работы. Для таго каб праз разуменне гісторыі зберагчы пераемнасць паміж пакаленнямі і памяць народа, вывучэнне генацыду беларускага народа трэба ўпісаць ва ўсе абавязковыя адукацыйныя праграмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі