
10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" будзе арыентавацца на запатрабаванае кіно і пачне здымаць серыялы. Аб гэтым па выніках нарады пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі заявіў журналістам генеральны дырэктар "Беларусьфільма" Дзмітрый Сямёнаў, які зусім нядаўна ўзначаліў кінастудыю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўная задача - загружаць кінавытворчасць. І пачынаць трэба з кадраў. Безумоўна, на сённяшні момант пэўная работа ўжо праведзена. Створаны Наглядальны савет пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Па гэтым шляху ў падборы новых кадраў і накіраванні на кінастудыю мы будзем рухацца. Нам хацелася б, каб нашы новыя кіношнікі пастаянна знаходзіліся на базе кінастудыі і глядзелі, як нашы мэтры здымаюць кінафільмы, чэрпалі гэту атмасферу кінавытворчасці і потым ужо давалі свой прадукт, які быў бы цікавы і запатрабаваны як на нашым рынку, так і за межамі краіны", - сказаў гендырэктар.

Паводле яго слоў, цяпер вядзецца работа па адборы новых сцэнарыяў, ідэй, якія ў далейшым будуць прапрацоўваць у фокус-групах.
"Варта адзначыць, што, у прынцыпе, падыход да кінавытворчасці будзе мяняцца. Мы будзем абапірацца на тое кіно, якое сёння запатрабавана. Безумоўна, мы працуем у цесным узаемадзеянні з кінатэатрамі нашай краіны. У нас ёсць зваротная сувязь і пэўны заказ ад іх. Таксама мы плануем запусціць на базе кінастудыі выпуск серыяльнай вытворчасці", - заявіў Дзмітрый Сямёнаў.-0-