Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2021, 14:56

Гарачыня ў Беларусі пачне слабець у выхадныя

24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарачыня ў Беларусі пачне слабець у выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Спёка прадаўжае біць рэкорды, прычым размова ўжо ідзе не пра сутачныя рэкорды, а пра рэкорды ўсяго чэрвеня. Так, за 23 чэрвеня абноўлены рэкорды максімальнай тэмпературы паветра месяца паўсюль па Гомельскай вобласці (цікава, што ў Васілевічах папярэдні рэкорд трымаўся роўна 120 гадоў), амаль паўсюль па Магілёўскай вобласці (толькі ў Бабруйску да рэкорда 1963 года не хапіла 0,4 градуса), на большай частцы Віцебскай і Брэсцкай абласцей, а таксама месцамі па Мінскай вобласці. У сталіцы рэкорд чэрвеня 2019 года (плюс 34 градусы) утрымаўся. Акрамя таго, 23 чэрвеня абноўлены і абсалютны рэкорд чэрвеня па тэрыторыі Беларусі - плюс 37,1 на метэастанцыі Акцябр Гомельскай вобласці (папярэдні рэкорд плюс 35,6 адзначаны ў Беразіне ў 1964 годзе)", - расказалі ў Белгідрамеце.

Гарачым будзе і 24 чэрвеня. Па Гомельскай і Магілёўскай абласцях чырвоны ўзровень небяспекі прадоўжыць дзейнічаць і заўтра.

У пятніцу, 25 чэрвеня, тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму будзе знаходзіцца пад уплывам вельмі цёплай няўстойлівай паветранай масы. Ноччу ў заходніх, а днём і ў цэнтральных раёнах краіны праявіцца ўплыў атмасфернага фронту. Таму ноччу па захадзе, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы, у асобных раёнах магчымы град. Вецер прагназуецца ноччу няўстойлівы, днём паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 18-23 градусы вышэй за нуль. Днём будзе 29-34 градусы цяпла, на большай частцы Гомельскай і Магілёўскай абласцей і месцамі на астатняй тэрыторыі - плюс 35-36.

"У суботу і нядзелю, 26 і 27 чэрвеня, Беларусь будзе знаходзіцца ў зоне ўплыву атмасфернага фронту, што паволі перамяшчаецца ва ўсходнім напрамку, следам за якім пачне паступаць больш халаднаватая паветраная маса. Спякота паступова пачне слабець. Але гэта не датычыцца паўднёва-ўсходніх абласцей - там па-ранейшаму будзе горача", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У суботу, 26 чэрвеня, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Удзень у асобных раёнах магчымы моцныя дажджы, град. Вецер прагназуецца заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 16-22 градусы цяпла. Днём будзе 21-28 градусаў цяпла, пераважна па паўднёвым усходзе - плюс 29-34, у асобных раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей - да плюс 36.

У нядзелю, 27 чэрвеня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі навальніцы, ноччу ў асобных раёнах магчымы моцныя дажджы. Вецер прагназуецца паўночна-заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 13 па захадзе да 22 градусаў вышэй за нуль па ўсходзе. Удзень будзе 21-27 градусаў цяпла, у паўднёва-ўсходніх раёнах - да плюс 31.

У далейшым франтальны раздзел запаволіць свой рух і будзе панаваць на ўсходзе Беларусі. Там пройдуць кароткачасовыя дажджы. А тэмпературны фон па краіне панізіцца да камфортных значэнняў. У панядзелак - сераду, 28-30 чэрвеня, пераважна па ўсходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 13-19 градусаў вышэй за нуль, днём - 21-28 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі