Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 жніўня 2017, 18:54

Гарачая лінія па праблемах арганізацыі харчавання ў час жніва створана пры ФПБ

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі створаны гарачая лінія і мабільная група для выяўлення і аператыўнага вырашэння праблемных пытанняў арганізацыі гарачага харчавання і выканання норм і правіл аховы працы ў час уборачнай кампаніі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.

Заявіць пра факты парушэнняў тэхнікі бяспекі, аховы працы, праблемы з арганізацыяй харчавання можна па тэлефонах 8(017) 203-94-50, 8(017) 203-90-48.

Прафсаюзы традыцыйна актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні жніва: штогод пры ФПБ ствараюцца рэспубліканскі і абласныя штабы. Прафсаюзныя арганізацыі ўсіх узроўняў праводзяць кантроль за выкананнем норм і правіл аховы працы, аказваюць садзейнічанне ў стварэнні неабходных сацыяльна-бытавых умоў для работнікаў, якія былі задзейнічаны ва ўборцы ўраджаю, праводзяць працоўныя спаборніцтвы і ўшаноўванні лідараў жніва.

Пад кантролем прафсаюзных тэхінспектараў знаходзяцца ўсе пытанні, якія датычацца выканання норм і правіл аховы працы работнікаў сельскай гаспадаркі ў гарачую пару: ад правядзення інструктажу і ўкамплектавання камбайнаў сродкамі індывідуальнай абароны да дастаўкі гарачага харчавання і пітной вады. З пачатку ліпеня інспектары пачалі маніторынг. Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў - адсутнасць або невыкарыстанне з-за гарачага надвор'я спецадзення і абутку, эксплуатацыя абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням бяспекі, адсутнасць агароджы завальных і аглядных ям, бункераў-накапляльнікаў. Часта парушаюцца правілы аховы працы пры правядзенні рамонтных работ у механічных майстэрнях.

Было таксама праведзена абследаванне спецыяльна адведзеных месц для харчавання работнікаў, занятых на ўборцы, а таксама прааналізавана наяўнасць неабходнага інвентару. Вынік паказаў, што выяўленыя праблемныя пытанні вырашаюцца на месцах сумесна з наймальнікамі. Як правіла, у арганізацыях прадугледжаны падвоз гарачага харчавання на месца работ, прадпрыемствы аплачваюць да 90 працэнтаў кошту абедаў.

"Каб чалавек добра працаваў, ён павінен быць добра накормлены, каб нічога не адцягвала яго ўвагі ад працы, - адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. - Сёння ўвесь прафсаюзны актыў сарыентаваны на вырашэнне гэтых пытанняў". У выпадку выяўлення праблемных пытанняў федэрацыя гатова дапамагчы ў арганізацыі гарачага харчавання.

Для маральнага і матэрыяльнага стымулявання праводзяцца працоўныя спаборніцтвы і ўшаноўванні лепшых работнікаў непасрэдна ў полі. Лепшым камбайнерам, вадзіцелям, маладым работнікам, прадстаўнікам працоўных дынастый уручаюцца граматы, падзячныя лісты, каштоўныя падарункі, прэміі. Інфармацыя пра іх публікуецца ў СМІ мясцовага і рэспубліканскага значэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі