ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 5 снежня 2023
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2023, 19:26

Галоўчанка з рабочым візітам прыбыў у Краснадар

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прыбыў з рабочым візітам у Краснадар (Расійская Федэрацыя), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта першы пункт маршруту беларускай урадавай дэлегацыі ў рамках паездкі па расійскіх рэгіёнах. У час рабочага візіту беларусаў у Краснадар запланавана сустрэча Рамана Галоўчанкі з губернатарам Краснадарскага края Веньямінам Кандрацьевым.

Яшчэ адзін пункт дзелавой праграмы - выстаўка "ПОЎДЗЕНЬАГРА 2023". Гэты буйнейшы аграфорум пачынае сваю работу 21 лістапада. Чакаецца, што кіраўнік беларускага ўрада прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця 30-й Міжнароднай выстаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталявання і матэрыялаў для вытворчасці і перапрацоўкі раслінаводчай сельгаспрадукцыі.

"ПОЎДЗЕНЬАГРА 2023" размесціцца ў чатырох павільёнах і на трох адкрытых пляцоўках. Беларусь на выстаўцы будзе прадстаўлена як тэхнікай, што сумесна збіраецца на прадпрыемствах Краснадарскага края (трактары, камбайны, зернявозы на шасі МАЗ), так і тэхнікай беларускай вытворчасці. Будуць экспанавацца ўзоры ААТ "МТЗ", ААТ "Гомсельмаш", ААТ "МАЗ" і іншых прадпрыемстваў.

Як стала вядома, Галоўчанку і Кандрацьева чакаюць каля стэнда тэхнікі, якая выпускаецца ў рамках сумесных праектаў прадпрыемстваў Беларусі і Краснадарскага края. Праграма агравыстаўкі прадугледжвае таксама ўрачыстую перадачу ключоў камунальных трактароў BELARUS і тралейбусаў губернатарам Краснадарскага края кіраўнікам муніцыпальных арганізацый.

Беларусь, і гэта нядаўна на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам падкрэсліў Веньямін Кандрацьеў, - стратэгічна важны партнёр Краснадарскага края. Актыўнае ўзаемадзеянне ў самых розных сферах ідзе ўжо больш за 20 гадоў. За апошнія гады адносіны значна ўмацаваліся. Сведчанне таго - мноства рэалізуемых сумесных праектаў. Дарэчы, літаральна ў час візіту прэм'ер-міністра ў Краснадар будзе дадзены старт новаму праекту - тут пачынаецца будаўніцтва мультыбрэндавага гандлёва-сэрвіснага цэнтра BELARUS. Раман Галоўчанка і Веньямін Кандрацьеў прымуць удзел у цырымоніі закладкі капсулы на месцы будучага будаўніцтва.

Як расказалі ў прэс-службе беларускага ўрада, пратакол аб намерах па ўзаемадзеянні ў сферы інвестыцый па рэалізацыі інвестпраекта "Будаўніцтва гандлёва-сэрвіснага цэнтра спецтэхнікі "Беларус" у Краснадары паміж Адміністрацыяй Краснадарскага края і ТАА "Гандлёвы дом МТЗ-Паўночны-Захад" (афіцыйны прадстаўнік МТЗ у Краснадарскім краі) быў падпісаны 18 верасня бягучага года ў час візіту губернатара Краснадарскага края ў Беларусь.

Ужо 26 верасня ў час рабочай паездкі ў Краснадар міністра прамысловасці Беларусі Аляксандра Рагожніка і перагавораў з губернатарам Краснадарскага края Веньямінам Кандрацьевым была дасягнута дамоўленасць аб мэтазгоднасці ў рамках рэалізацыі праекта разгледзець пытанне аб стварэнні на яго пляцоўцы мультыбрэндавай структуры. Цяпер ідуць працэдуры, звязаныя з падрыхтоўкай архітэктурнага праекта цэнтра, падвядзеннем камунікацыйных сістэм да выдзеленага пад яго будаўніцтва зямельнага ўчастка.

Плануецца, што 21-22 лістапада дэлегацыя Беларусі правядзе шэраг рабочых сустрэч у Ніжнім Ноўгарадзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі