ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 25 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 студзеня 2022, 13:37

Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды супрацоўнікам МНС і перадаў пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку

Раман Галоўчанка ўручыў медаль "За выратаванае жыццё" Максіму Баравіцкаму
Раман Галоўчанка ўручыў медаль "За выратаванае жыццё" Максіму Баравіцкаму

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам МНС і перадаў пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку. Урачыстая цырымонія прайшла ў Адукацыйным цэнтры бяспекі МНС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выратаванне чалавечага жыцця - складаная, ганаровая і адказная работа, якая патрабуе асаблівай кваліфікацыі і, вядома ж, мужнасці, самаадданасці, адвагі. Думаю, усе гэтыя якасці ўласцівыя супрацоўнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Краіна ганарыцца вамі, ганарыцца вашай працай. Нашы грамадзяне ведаюць, што супрацоўнікі МНС прыйдуць на дапамогу ў любой сітуацыі. Хачу шчыра падзякаваць вам за вашу працу. Ваша служба складаная, але высакародная", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр уручыў супрацоўнікам МНС дзяржаўныя ўзнагароды. У іх ліку медалі "За выратаванае жыццё", якіх удастоены начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці нумар 2 Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Баравіцкі і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці нумар 1 Лоеўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Барыс Грыцкоў. Таксама Раман Галоўчанка ўручыў ганаровыя граматы Савета Міністраў і падзякі прэм'ер-міністра.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі ў сваю чаргу ўручыў медаль "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" прапаршчыку ўнутранай службы вадзіцелю Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзіміру Ярохіну. Міністр таксама ўручыў пагоны палкоўнікаў унутранай службы.

Раман Галоўчанка адзначыў, што МНС Беларусі сёння - гэта развітая структура, цэлая сістэма папярэджання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі прыроднага, тэхнагеннага характару, забеспячэння пажарнай, радыяцыйнай, прамысловай бяспекі. "Нашы ратавальнікі не раз даказвалі свой высокі ўзровень на міжнародных спаборніцтвах. Але немалаважнай задачай з'яўляецца таксама ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы органаў і падраздзяленняў МНС. Упэўнены, што новыя ўзоры тэхнікі, якія сёння паступяць, дапамогуць яшчэ больш эфектыўна спраўляцца з усімі пагрозамі і здарэннямі", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр уручыў пасведчанні на 58 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Сярод перададзенай тэхнікі - найбольш запатрабаваныя аўтацыстэрны з вялікім запасам вады (5 і 10 т), якія даюць магчымасць ліквідаваць значную колькасць пажараў без пошуку дадатковых водакрыніц. Аблегчаныя і павялічаныя шклопластыкавыя цыстэрны ўмяшчаюць дастатковую колькасць рэчываў для вогнетушэння, што дае магчымасць на доўгі час стрымліваць распаўсюджванне ўзгарання. Дзякуючы сучаснай цэнтрабежнай помпе пры неабходнасці забор вады можна ажыццяўляць з пажарнага гідранта або адкрытага вадаёма. Бензінавы генератар забяспечвае бесперабойнае асвятленне месца правядзення аварыйна-выратавальных работ тэлескапічнай мачтай. Мабільная пажарная мотапомпа дае магчымасць набраць ваду нават з непрыстасаваных крыніц і вадаёмаў, якія не абсталяваны пад'язнымі шляхамі.

Аўтамабілі ўкамплектаваны сучасным ручным і гідраўлічным інструментам для правядзення дэблакіровак, вызвалення людзей з-пад завалаў і дэмантажу канструкцый. Наступствы непагоды можна ліквідаваць, выкарыстоўваючы бензапілы і бензарэзы для распілоўкі дрэў і разборкі пашкоджаных будаўнічых збудаванняў. У наяўнасці перасовачныя і стацыянарная радыёстанцыі, шанцавы інструмент і абсталяванне для выратавання людзей на воднай акваторыі.

Умяшчальнасць кабін дае магчымасць даставіць да месца здарэння баявы разлік у колькасці 6 чалавек. Канструкцыяй аўтамабільных сядзенняў прадугледжана магчымасць хуткага надзявання апаратаў на сціснутым паветры, якія забяспечваюць бесперапынную работу ў непрыдатным для дыхання асяроддзі.

Актыўнае развіццё будаўнічай галіны таксама патрабуе і абароны жыхароў дамоў павышанай паверхавасці. У падраздзяленні МНС сёння перададзены 32-метровыя аўталесвіцы для правядзення аварыйна-выратавальных работ на вышыні.

Штогод ратавальнікі сотні разоў выязджаюць на пошукі тых, хто заблукаў у лясах. Пошук людзей у экасістэмах патрабуе не толькі асаблівых навыкаў і падрыхтоўкі, але і адпаведнай тэхнікі: сёння ў падраздзяленні перададзены квадрацыклы, мотаўсюдыходы і аўтамабілі пошукава-выратавальных работ.

Раман Галоўчанка таксама азнаёміўся з экспазіцыяй Адукацыйнага цэнтра бяспекі МНС, дзе размешчаны больш за 30 інтэрактыўных навучальных пляцовак па транспартнай бяспецы, бяспецы пры надзвычайных сітуацыях, грамадзянскай абароны, пажарнай і экалагічнай, а таксама крымінальнай бяспекі, здаровага ладу жыцця і небяспечных метэаралагічных з'яў, атамнай і радыяцыйнай, прамысловай бяспекі, аб'яднаных галоўнай мэтай - навучаць насельніцтва спосабам абароны і дзеянням у надзвычайных сітуацыях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі