31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час сустрэчы з кіраўніком Башкортастана Радзіем Хабіравым прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адзначыў важнасць дадатнай дынамікі адносін Беларусі і Башкортастана, а таксама абазначыў, якія сферы патрабуюць большай увагі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас пакуль няма канчатковай яснасці па рэалізацыі другога праекта аб будаўніцтве завода па вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі, аб якой мы дамаўляліся ў ходзе папярэдняй сустрэчы. Таму я таксама папрасіў бы ў ходзе гэтай нарады пазачарговай рабочай групы больш выразна акрэсліць перспектывы рэалізацыі такога праекта. Гэта пытанне да абодвух бакоў", - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.
"Дадатная дынаміка ва ўсіх пытаннях: і ў колькасным вымярэнні тавараабароту, і ў якасным, у сумесных праектах, - яна нам жыццёва неабходна. Таму я прапанаваў бы даручыць нашай рабочай групе, якая дзейнічае актыўна, правесці, можа, нават пазачарговае пасяджэнне, і на працягу двух, максімум трох тыдняў праінфармаваць нас па сутнасці", - сказаў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што пазітыў у двухбаковых адносінах - вынік мэтанакіраванай, напружанай работы.
Раман Галоўчанка таксама абазначыў, якія сферы патрабуюць большай увагі. "Мы з вамі разумеем, што далейшае развіццё праекта (па вытворчасці беларуска-расійскіх тралейбусаў "Гараджанін". - Заўвага БЕЛТА) стрымлівае няхватка вытворчых магутнасцей, - сказаў Раман Галоўчанка. - Хацелася б разумець часавыя рамкі рэалізацыі гэтага праекта, каб мы маглі дакладна разлічваць нашу збытавую стратэгію на будучыню. Запыты прадаўжаюць паступаць з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, таму трэба разумець, калі, дапусцім, калі прынята ўжо рашэнне па гэтай пляцоўцы, яна зможа ўступіць у строй".
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка знаходзіцца з рабочым візітам ва Уфе. Візіт прымеркаваны да афіцыйнага святкавання 450-годдзя заснавання горада.-0-
Фота Віталя Піваварчыка