Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 снежня 2021, 15:04

Галоўчанка: дзякуючы акцыі "Нашы дзеці" кожнае дзіця адчуе, што ў свеце ёсць месца цудам

28 снежня, Жодзіна /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" наведаў сёння дзіцячы дом сямейнага тыпу Маргарыты і Юрыя Галіноўскіх у Жодзіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша краіна прыкладна 25 гадоў праводзіць акцыю "Нашы дзеці", у ходзе якой не толькі чыноўнікі ўсіх узроўняў, але і кіраўнікі арганізацый, банкаў, прадпрыемстваў наведваюць месцы, дзе дзецям асабліва патрэбны клопат і ўвага - інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу, апякунскія сем'і, бальніцы, каб у гэтыя цудоўныя навагоднія святы падарыць ім часцінку дабра, цяпла і ўвагі", - сказаў Раман Галоўчанка.

У рэспубліцы спрыяльна складваецца сітуацыя з дзецьмі, якія з-за розных прычын засталіся без апекі бацькоў. "У нас даволі высокая дынаміка закрыцця традыцыйных інтэрнатаў, якія раней былі распаўсюджаны. Кожны год павялічваецца колькасць дзяцей, якія пераязджаюць з дамоў-інтэрнатаў у больш сямейныя ўстановы, такія як дамы сямейнага тыпу. Напрыклад, толькі ў Жодзіне тры такія дамы. І той інтэрнат, які функцыянаваў раней, цяпер закрыўся, таму што практычна ўсе дзеці раз'ехаліся па сем'ях, дзе яны могуць жыць ва ўмовах, набліжаных да сапраўдных сем'яў, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Ёсць пазітыўная дынаміка: дзеці з часам вяртаюцца ў свае біялагічныя сем'і. На гэта таксама настроены тыя, хто працуе з дзецьмі, з іх біялагічнымі бацькамі. І гэта прыносіць свой плён".

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, амаль 1 млн дзяцей па ўсёй краіне паўдзельнічаюць у акцыі "Нашы дзеці". "Вядома ж, гэта цацкі, падарункі, свята з Дзедам Марозам і Снягурачкай. Гэта вельмі важна і патрэбна. Каля Br3,5 млн будзе патрачана, каб некаму купіць адсутнае абсталяванне, недзе зрабіць рамонт, купіць іншыя падарункі - тое, што неабходна ў выхаванні дзяцей. У цэлым дзяржава стварае добрыя ўмовы для развіцця дамоў сямейнага тыпу", - падкрэсліў кіраўнік урада.

"Дзеці, якія трапілі ў складаную сітуацыю, маюць патрэбу ў асаблівай увазе. Мы хочам, каб дзякуючы акцыі "Нашы дзеці" кожнае дзіця адчула, што ў жыцці ёсць месца цудам", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка цёпла пагутарыў з дзецьмі каля навагодняй ёлкі, а таксама ў час чаяпіцця. Ён перадаў хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія падарункі, камп'ютар і шматфункцыянальнае прыстасаванне для друку. "Самае галоўнае - беражыце сваю вялікую сям'ю, паважайце бацькоў, дапамагайце ім ва ўсім, дапамагайце адзін аднаму, будзьце дружныя. Ад сябе асабіста і ўсяго ўрада нашай краіны віншую вас з надыходзячым Новым годам", - сказаў Раман Галоўчанка.

Дзеці ў сваю чаргу ўручылі прэм'ер-міністру навагоднюю карціну, зробленую ўласнаручна.

Маргарыта і Юрый Галіноўскія з 2006 года працуюць бацькамі-выхавальнікамі. За гэты час яны праявілі сябе як вопытныя спецыялісты, змаглі стварыць псіхалагічна камфортную абстаноўку для развіцця асобы кожнага дзіцяці. За ўвесь час восем выхаванцаў вярнуліся ў біялагічныя сем'і. Цяпер у доме сямейнага тыпу выхоўваюцца сямёра прыёмных дзяцей. Сям'я пражывае ў добраўпарадкаваным жылым двухпавярховым доме. Ва ўсіх непаўналетніх ёсць асобныя спальныя месцы, месцы для заняткаў, адпачынку і гульняў. Ёсць адпаведныя ўзросту дзяцей кнігі і цацкі, а таксама неабходнае адзенне, абутак, прадметы гігіены, канцылярскія прылады.

У час рабочай паездкі ў Жодзіна Раман Галоўчанка таксама наведаў Беларускі аўтазавод і прыняў удзел у вытворчай нарадзе.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022-га года. Штогод у час акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі мясцовых улад, грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі