11 кастрычніка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. 2025 год стане фінальным для буйных раскопак гарадзішча на Менцы. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля наведвання археалагічнага комплексу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўны план - пацвердзіць наяўнасць на тэрыторыі гарадзішча хрысціянскага храма, магчыма, аднаго з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. "Калі археолагі пацвердзяць гэты факт, ён стане апошняй кропкай у навуковым абгрунтаванні таго, што гэта быў буйны горад. Таксама вельмі важна пераходзіць да апісання, класіфікацыі знаходак, супастаўлення іх з находкамі на тэрыторыі цяперашняга Мінска, на Мінскім замчышчы. Гэта значыць, з археалагічнага гэты праект пераходзіць у навукова-практычны", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Раскопкі на месцы старажытнага горада праводзіліся ў 2023 і 2024 гадах у вёсцы Гарадзішча за 10 км ад Мінска. "Згаджуся з прапановай нашых вучоных, што наступны год павінен стаць фінальным для буйных раскопак. Напэўна, яны будуць прадаўжацца і ў далейшым у нейкім аб'ёме. Але фіналізаваць асноўную масу работ плануецца ў наступным годзе па той жа схеме, як і раней, з удзелам студэнтаў гістарычных факультэтаў, грамадскасці, валанцёраў - усіх тых, хто выказвае інтарэс да гэтага аб'екта", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, на тэрыторыі самога Мінска наўрад ці адновяцца раскопкі, паколькі няма магчымасці праводзіць там маштабныя даследаванні. "Але, як кажуць вучоныя, матэрыялаў, якія былі там здабыты пачынаючы з 1940-х гадоў, дастаткова. Трэба проста яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і вывучыць тое, што ўжо знойдзена на месцы Мінскага замчышча", - падкрэсліў кіраўнік урада.-0-
Фота Мікалая Пятрова