Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2023, 15:28

Гаеў назваў асноўныя напрамкі работы на год па абароне персанальных даных

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў расказаў журналістам аб асноўных напрамках работы на 2023 год па абароне персанальных даных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўная задача цэнтра звязана з тым, каб папярэдзіць парушэнне заканадаўства аб абароне персанальных даных, уцечкі і незаконныя выпадкі выкарыстання асабістай інфармацыі грамадзян. "Таму ўпор будзе рабіцца, безумоўна, на прафілактычныя мерапрыемствы, на сацыяльную рэкламу, арганізацыю навучання ў самых розных фарматах - у выглядзе павышэння кваліфікацыі, рабочых сустрэч з прадстаўнікамі тых ці іншых органаў і сфер. У прыватнасці, пачаты цыкл рэгіянальных сустрэч з прадстаўнікамі сісітэмы адукацыі", - сказаў Андрэй Гаеў.

Ён растлумачыў, што па выніках размоў з людзьмі, якія прымяняюць заканадаўства ў пэўнай сферы дзейнасці на месцах, выкрышталізоўваюцца праблемныя пытанні, якія потым кладуцца ў аснову падрыхтаваных метадалагічных дакументаў або карэкціроўкі заканадаўства. Важна знайсці разумны баланс інтарэсаў паміж арганізацыямі, якім персанальныя даныя патрэбны для сваёй работы, і грамадзянамі, даныя якіх выкарыстоўваюцца.

"Жыццё не павінна спыніцца і закон ні ў якім выпадку не прызначаны гэта зрабіць. Якраз наадварот. Але паколькі ўсё больш нашых працэсаў у жыцці пераходзіць у лічбавую сферу, вельмі важна знайсці гэты баланс", - упэўнены дырэктар цэнтра.

Безумоўна, у гэтым годзе будзе ўзмоцнены кантрольны напрамак дзейнасці: колькасць планавых праверак павялічана ў два разы. Паводле слоў Андрэя Гаева, фактычна штотыднёва фіксуюцца ўцечкі персанальных даных. І гэта адбываецца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых дзяржавах. Таму ў арганізацыях важна так арганізаваць працэсы, звязаныя з перамяшчэннем інфармацыі, каб доступ да персанальных даных мелі толькі тыя, каму гэта дазволена па службовых абавязках.

Што датычыцца непасрэдна напрамкаў работы, Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных у бліжэйшы час будзе займацца тэматыкай відэанагляду, трансгранічнай перадачы персанальных даных, недапушчэння празмернасці апрацоўкі персанальных даных, а таксама тэмай апрацоўкі біяметрычных звестак непаўналетніх. "Распаўсюджваецца практыка, калі для ўваходу дзяцей у школу збіраюцца біяметрычныя даныя. Калі гэта інфармацыя трапіць у сетку, яна застанецца там назаўсёды. А чалавеку жыць з гэтай інфармацыяй усё жыццё. І як гэта можа быць выкарыстана ў далейшым, можна толькі меркаваць", - заўважыў ён.

У бліжэйшы час у краіне будзе запушчаны цыкл сацыяльнай рэкламы для прафілактыкі парушэння заканадаўства аб абароне персанальных даных. У хуткім часе павінен убачыць свет паартыкульны практычны каментарый да закона аб абароне персанальных даных. Як заўважыў Андрэй Гаеў, гэта сацыяльна значны дзяржаўны праект, які дае магчымасць даступна выкласці кожнаму чалавеку інфармацыю аб тым, што ж закладзена ў адпаведным законе, актах, прынятых у яго развіццё.

"Безумоўна, поспех у пытаннях абароны персанальнай інфармацыі не можа быць заснаваны толькі на нацыянальным вопыце. Важна абменьвацца лепшымі практыкамі з прадстаўнікамі органаў, упаўнаважаных на абарону персанальных даных, замежных дзяржаў", - дадаў дырэктар цэнтра.

У Мінску сёння праходзіць форум, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны персанальных даных (28 студзеня). На мерапрыемстве сабраліся кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў, бізнесу і сродкаў масавай інфармацыі, выкладчыкі і студэнты. На сувязі прадстаўнікі ўпаўнаважаных органаў па абароне правоў суб'ектаў персанальных даных Расіі, Арменіі, Кыргызстана, Сербіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі