Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2021, 11:55

Фундаментальная бібліятэка БДУ адзначыць 100-гадовы юбілей

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фундаментальная бібліятэка БДУ адзначыць 100-гадовы юбілей. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

Яна з'яўляецца адной са старэйшых і буйнейшых бібліятэк ВНУ. У пачатку XX стагоддзя бібліятэка забяспечвала адукацыйны працэс у Беларусі і заклала асновы нацыянальнай бібліятэчнай сеткі. У 1920-я гады пры бібліятэцы БДУ было арганізавана Беларускае бібліяграфічнае бюро, а ў 1926 годзе на яе базе стварылі Беларускую дзяржаўную бібліятэку, вядомую цяпер як Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Да афіцыйнага адкрыцця БДУ, 30 кастрычніка 1921 года, актыўна ішлі арганізацыйныя работы па фарміраванні структуры, вучэбна-метадычнай базы маладога ўніверсітэта. 23 мая 1921 года Фундаментальная бібліятэка была ўнесена ў структуру БДУ, і гэты дзень стаў датай заснавання бібліятэкі.

У першыя гады дзейнасці для напаўнення свайго кніжнага фонду БДУ набываў прыватныя зборы кніг акадэміка Яўхіма Карскага, фалькларыста Мікалая Янчука, гісторыка Платона Жуковіча, народнага паэта Янкі Купалы і інш. Вялікую дапамогу ў камплектаванні бібліятэкі аказалі выкладчыкі і асабіста першы рэктар БДУ Уладзімір Іванавіч Пічэта. У 1925 годзе ён арганізаваў куплю для бібліятэкі ў ленінградскага калекцыянера В.І.Камарніцкага дзесяці кніг Францыска Скарыны, выдадзеных у Празе ў 1517-1518 гадах.

На гэты час бібліятэка захоўвае амаль 2 млн тамоў універсальнага фонду айчыннай і замежнай літаратуры, абслугоўвае больш за 25 тыс. карыстальнікаў, штогод ажыццяўляе звыш 1,5 млн кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Згодна з Міжнародным рэйтынгам Transparent Ranking of Repositories (Іспанія) Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у тройку лепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў у свеце.

Да 100-гадовага юбілею Фундаментальнай бібліятэкі прымеркавана двухдзённая XXI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Менеджмент міжвузаўскіх бібліятэк". Стартуе яна 19 мая ў вочна-дыстанцыйным фармаце. Удзельнікамі форуму стануць больш за 250 кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк, устаноў вышэйшай адукацыі і навукі, інфармацыйных цэнтраў, выдавецтваў з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана.

З дакладам "Уклад Фундаментальнай бібліятэкі БДУ ў развіццё вышэйшай школы Беларусі" выступіць дырэктар бібліятэкі Уладзімір Кулажанка. Эксперты абмяркуюць актуальныя пытанні распаўсюджвання навуковых публікацый у сусветнай інфармацыйнай прасторы, бібліятэчныя сэрвісы ва ўмовах лічбавай трансфармацыі вышэйшай школы, бесперапынную прафесійную адукацыю супрацоўнікаў бібліятэкі, лічбавыя тэхналогіі ў адукацыйным асяроддзі.

У праграме заяўлены таксама адукацыйныя семінары "Сучасныя метады і тэхналогіі дыстанцыйнага навучання", "Антыплагіят: асновы методыкі карэктнага выкарыстання сістэмы для ацэнкі запазычанняў у навуковых работах", "Функцыянальныя магчымасці сэрвісу Science Index для арганізацый". Акрамя таго, у рамках канферэнцыі адбудзецца ўзнагароджанне супрацоўнікаў ФБ узнагародамі БДУ і грамадскіх арганізацый з нагоды 100-гадовага юбілею. Вынікам работы стане выданне зборніка навуковых артыкулаў, які размесцяць у Электроннай бібліятэцы БДУ.

У рамках святкавання векавога юбілею Фундаментальнай бібліятэкі 18 мая ў фае галоўнага корпуса БДУ адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "ФБ БДУ: 100 гадоў на службе адукацыі". Госці экспазіцыі азнаёмяцца з асноўнымі этапамі развіцця бібліятэкі і ўбачаць галерэю партрэтаў яе дырэктараў. Акрамя таго, наведвальнікам пакажуць выстаўкі эксклюзіўныя экзэмпляры з фондаў ФБ, якія рэдка дэманструюцца чытачам. Работа выстаўкі прадоўжыцца па 21 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі