ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 кастрычніка 2021, 09:00

ФПБ: у накапленні пенсіі ў адпаведнасці з указам нумар 367 будуць папулярны роўныя ўзносы наймальніка і работніка

Фота з архіва
Фота з архіва

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У прапанаваным новым механізме накаплення дадатковай пенсіі папулярнай будзе формула "3+3": калі і наймальнік, і работнік будуць пералічваць па 3 працэнты ад налічанай работніку зарплаты на яго асабовы рахунак у страхавой кампаніі. Такім меркаваннем падзяліўся намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Пазнякоў у час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" ў прэс-цэнтры БЕЛТА на тэму "Добраахвотнае накапляльнае страхаванне пенсій: перавагі і рызыкі новага механізма".

"На сустрэчах у калектывах узнімаюцца пытанні індэксацыі пенсіі, якая не заўсёды праходзіць паралельна росту цэн. Таму пенсійнае пытанне вельмі важнае для прафсаюзаў. Мы накіроўвалі калегіяльныя прапановы ў Мінпрацы і сацабароны. Прыемна, што яны ў той ці іншай ступені ўключаны ў гэты ўказ ("Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі"). Мы рады, што з'явіўся інструмент, які стане больш прывабным сярод работнікаў і наймальнікаў. Як нам бачыцца, найбольш папулярнай будзе формула "3+3", калі 3 працэнты добраахвотна выплачвае работнік, столькі ж дадаткова выплачвае наймальнік", - адзначыў Уладзімір Пазнякоў.

Прафсаюзы праводзілі папярэднія разлікі: пры ўсярэдненых паказчыках сярэдняй зарплаты памер дадатковай выплаты пасля выхаду на пенсію пры ўмове, што каля 5 гадоў будзе ісці працэс накаплення, складзе каля Br110. "У даходнай частцы за аснову мы бралі стаўку рэфінансавання без бонуснага складніка. Паглядзіце, які цікавы момант: аплачваючы ўсяго толькі 3 працэнты на працягу пяці гадоў (па сутнасці, гэта нязначная сума: пры сярэдняй зарплаце Br1423 - каля Br43), пры выхадзе на пенсію чалавек у бягучых разліках атрымлівае дадатковую прыбаўку каля Br110. Пры сярэдняй пенсіі - сёння Br545 - гэта важка", - прывёў доказы намеснік старшыні ФПБ. Таму ён упэўнены, што новаўвядзенне будзе сустрэта пазітыўна ў працоўных калектывах.

Але спатрэбіцца і растлумачальная работа з працоўнымі. У тым ліку таму, што ёсць рызыкі, звязаныя з даверам да існуючых фінансавых інструментаў, якія выкарыстоўвае страхоўшчык. Прафсаюзы бачаць адной са сваіх задач дапамагаць тлумачыць гэтыя механізмы і закладзеныя ва ўказе меры па мінімізацыі рызык.

"І да кожнага работніка павінна прыйсці разуменне, што пачынаць клапаціцца аб сваім дабрабыце ў старасці трэба з маладога ўзросту. Таму што чым большы будзе перыяд накаплення, тым большы будзе і бонус", - рэзюмаваў Уладзімір Пазнякоў.

Згодны з гэтым сцвярджэннем і генеральны дырэктар дзяржкампаніі "Стравіта" Сяргей Андрыевіч: "Калі аналізаваць існуючы страхавы партфель "Стравіты", то па пенсійным дагаворы сярэдні тэрмін дзеяння - практычна 20 гадоў. Гэта значыць з 40-45 гадоў людзі пачынаюць заключаць дагаворы. На гэтым тэрміне памер атрыманай выплаты ўжо далёка не Br110. У сярэднім да Br1,5 тыс. у месяц выходзіць на такіх застрахаваных. Гэта рэальная прыбаўка да асноўнай пенсіі. І чым большы перыяд накаплення, тым большая сума. Таму даводзіць усе пералічаныя плюсы ўказа важна сярод моладзі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі