
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адказ на націск Захаду прафсаюзы розных краін умацоўваюць сваё супрацоўніцтва. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Гэтымі днямі з афіцыйным візітам Беларусь наведваюць прадстаўнікі нацыянальных прафцэнтраў Егіпта, Сірыі і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў арабскіх дзяржаў, якая аб'ядноўвае мільёны працоўных з 18 краін. У час перагавораў усе ўдзельнікі дакладна абазначылі агульную пазіцыю: сёння міжнародны прафсаюзны рух вельмі палітызаваны. У выніку пад націскам заходніх краін і ЗША замест прафсаюзнай салідарнасці, падтрымкі і вырашэння праблем працоўных уводзяцца бар'еры і абмежаванні, прымаюцца рашэнні, якія непасрэдна шкодзяць людзям. Таму тыя прафсаюзы, якія дзейнічаюць у інтарэсах людзей, павінны аб'ядноўвацца, павінны ствараць цэнтры сілы, якія будуць процістаяць такім несправядлівым і незаконным дзеянням.
Па выніках перагавораў прафсаюзы Беларусі і арабскіх дзяржаў прынялі прынцыповае рашэнне пра аб'яднанне намаганняў і сумесную работу на міжнароднай арэне. Акрамя таго, дасягнуты дамоўленасці, накіраваныя на развіццё інтэграцыі паміж прадпрыемствамі. Для гэтага, у прыватнасці, плануецца правядзенне ў Беларусі сумеснага форуму з удзелам прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў арабскіх дзяржаў і Усеагульную канфедэрацыю прафсаюзаў, якая аб'ядноўвае працоўных краін СНД.
"У любой краіне свету для чалавека важна, каб у яго была работа, каб была заработная плата, каб утрымліваць сябе і сваю сям'ю. І па вялікім рахунку рэсурсаў для гэтага ў свеце дастаткова. Іншае пытанне, што размяркоўваюцца яны вельмі несправядліва. Многія краіны, якія называюць развітымі, свой дабрабыт будуюць за кошт іншых дзяржаў. Яны дзесяцігоддзямі выцягваюць прыродныя рэсурсы краін, якія сталі на шлях развіцця, эксплуатуюць за бясцэнак працу людзей з гэтых дзяржаў. У выніку мы сёння бачым у свеце проста дзікую няроўнасць. І міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі нічога не робяць для таго, каб вырашыць гэтыя праблемы. Больш таго, уводзяць дадатковыя абмежаванні і бар'еры, гэта парадокс, - адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. - Таму мы разумеем, што сёння трэба аб'ядноўваць здаровыя сілы - менавіта тыя прафсаюзы, якія сапраўды дзейнічаюць у інтарэсах людзей. Аб гэтым мы і дамовіліся з нашымі калегамі з арабскіх дзяржаў. Мы будзем разам працаваць і адстойваць інтарэсы нашых краін, нашых людзей на міжнародных пляцоўках. Таксама мы будзем садзейнічаць развіццю кантактаў паміж нашымі прадпрыемствамі, каб быў абмен тэхналогіямі, вопытам работы для таго, каб менш залежаць ад тых, хто хоча сёння нашкодзіць нашым краінам і нашым людзям. Ну і вядома, культурныя, гуманітарныя праекты і праграмы. Гэта таксама важна. Людзі размаўляюць, знаёмяцца, становяцца бліжэйшымі і лепш разумеюць адзін аднаго. А гэта самая трывалая аснова супрацоўніцтва".
У сваю чаргу генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі арабскіх прафсаюзаў Джаміль Кадры падкрэсліў, што ў час свайго візіту ў Беларусь ён на ўласныя вочы ўбачыў тую сітуацыю, якая складваецца ў краіне. "Відавочна, што ў адносінах да Беларусі ў свеце распаўсюджваюцца фэйкавыя навіны, якія не адпавядаюць сапраўднасці, - падкрэсліў Джаміль Кадры. - Краіны калектыўнага захаду спрабуюць праз міжнародныя арганізацыі, такія як МАП, ААН, навязаць іншым дзяржавам свой пункт гледжання, каб дасягнуць сваіх уласных інтарэсаў. Лёс людзей іх не цікавіць".
Прафсаюзы Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі з арабскіх дзяржаў не першы год. Напрыклад, толькі з галіновымі прафсаюзамі Егіпта на сённяшні дзень падпісана звыш дзясятка пагадненняў аб супрацоўніцтве ў самых розных сферах - ад адукацыі, аховы здароўя і культуры да прамысловага, нафтахімічнага і аграрнага сектараў дзвюх краін. Кожны з гэтых дакументаў прадугледжвае канкрэтныя напрамкі ўзаемадзеяння. Напрыклад, у рэальным сектары эканомікі ўзаемадзеянне прафсаюзаў накіравана не толькі на абмен вопытам па абароне інтарэсаў працоўных, але і на пашырэнне найноўшых тэхналогій і кааперацыю вытворчасцей, у адукацыі размова ідзе аб садзейнічанні ва ўстанаўленні ўзаемных студэнцкіх абменаў, сумесных навучальных праграм. Супрацоўнічаюць нацыянальныя прафцэнтры і ў рамках развіцця культурных, гуманітарных ініцыятыў.
Прадстаўнікі прафсаюзаў арабскіх дзяржаў, якія гэтымі днямі знаходзяцца ў Беларусі, наведалі шэраг прадпрыемстваў і арганізацый аховы здароўя, адукацыі, энергетыкі, нафтахімічнай галіны і высока ацанілі ўнікальны вопыт сацыяльнага партнёрства ў нашай краіне.
"Я ўражаны дасягнення Федэрацыі прафсаюзаў у частцы абароны сацыяльных і эканамічных інтарэсаў працоўных, а таксама дзейнасцю арганізацыі на міжнародным узроўні", - адзначыў па выніках візіту ў Беларусь старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Егіпта Махамед Абдэль Азіс Джэбран Абдэльхалім.-0-